“Нашая краіна хворая, і перш за ўсё хворае яе кіраўніцтва,” – гэтак
заявіў былы прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды
гадавіны ягонага арышту і пачатку судовага перасьледу. Чыгір перакананы,
што абвінавачаньні супраць яго не пацьвяржаюцца ў судзе і спадзяецца на
апраўдальны прысуд.
Сёньня Міхаіл Чыгір сабраў журналістаў з важкай прычыны. Дакладна год
таму, 31-га сакавіка 1999-га, ён, тады кандыдат у прэзыдэнты Беларусі,
быў затрыманы супрацоўнікамі спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” і дастаўлены
ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Пачалася ягоная судовая эпапея,
асноўнымі прыкметамі якой зьяўляюцца беспрэцэдэнтныя дасудовыя заявы кіраўніка
дзяржавы пра вінаватасьць Чыгіра, васьмімесячнае ўтрыманьне ў сьледчым
ізалятары па абвінавачаньнях, якія не прадугледжваюць нават падпіскі аб
нявыезьде, і справа з 20 тамоў, якая, паводле Міхаіла Чыгіра і ягоных адвакатаў,
цяпер у судзе рассыпаецца, бо была складзеная з эпізодаў, што ня маюць,
як кажуць юрысты, судовай пэрспэктывы.
Адвакат Аляксандр Пыльчанка, у прыватнасьці, лічыць, што усе інкрымінаваныя
Чыгіру злачынствы альбо ня мелі месца, альбо ня маюць да Чыгіра ніякага
дачыненьня. Адвакат узгадаў эпізоды справы, якія тычацца крэдытаваньня
розных фірмаў і сьцьвярджае, што гэтыя дзеяньні, якія кваліфікуюцца як
службовыя, ня маюць галоўнага – зацікаўленасьці Чыгіра у атрыманьні грошай
альбо каштоўнасьцяў, а таму іх немагчыма разглядаць як злачынствы, як гэта
робіць следства.
“Калі дзейнічаць паводле такой схемы, то давядзецца саджаць на Валадарку
ўсіх банкіраў, якія выдавалі і выдаюць крэдыты, без чаго немагчымая банкаўская
дзейнасьць,” – гэтак пракаментаваў абвінавачаньні Чыгіра ягоны грамадзкі
абаронца Гары Паганяйла. Ён лічыць Міхаіла Чыгіра абсалютна невінаватым,
а ягоны перасьлед тлумачыць палітычнымі матывамі ўлады.
Да высноваў Гары Паганяйлы далучыўся і грамадскі абаронца Барыс Гюнтар,
які прааналізаваў дзейнасьць сьледчых па зборы доказаў. Гюнтар перакананы,
што на многіх сьведкаў сьледчыя аказвалі ціск самымі рознымі захадамі,
у тым ліку, пагрозай ўзбудзіць крымінальныя справы.
“Сьледчыя мэтанакіравана працавалі супраць Міхаіла Чыгіра, падбіраючы
тое, што можа быць выкарыстана супраць яго, і не звяртаючы ўвагі на апраўдальныя
моманты,” – заявіў абаронца Барыс Гэнтар.
Справа Міхаіла Чыгіра разглядаецца у гарадзкім судзе ўжо тры месяцы.
За гэты час апытана 36 з 47 сьведкаў, і, як мяркуе Міхаіл Чыгір, ніхто
зь іх ня даў паказаньняў, якія б пацьвяржалі ягоную віну.
Падсумоўваючы год пасьля арышту, ён сказаў Радыё Свабода наступнае:
(Чыгір: ) “Такога не павінна быць у нармальнай дзяржаве. Гэта яшчэ раз
гаворыць аб тым, што ў нас дзяржава хворая, і хворае, у першую чаргу, кіраўніцтва
дзяржавы. Спадзяюся, што прысуд будзе толькі апраўдаўчы. Калі будзе іншы
прысуд, я буду змагацца за тое, каб ён быў адменены”.
Гэта быў Міхаіл Чыгір, які правядзеньнем прэсавай канфэрэнцыі сёньня
адзначыў год затрыманьня і пачатку судовага перасьледу.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1