Пасьля двух тыдняў баёў у паўднёвай чачэнскай вёсцы Саадзі-хутар (Камсамольскае)
разбураны амаль кожны будынак, і гэта сымбалізуе цяжкасьці, зь якімі сутыкаецца
Расея ў спробах кіраваць Ічкерыяй, піша ў сваім матэрыяле карэспандэнт
агэнства Associated Press Юры Багроў.
Цягам апошніх тыдняў і месяцаў чачэнскія паўстанцы мянялі месцы дыслякацыі,
праводзілі перагрупоўкі і, часам, прасьлізгвалі праз расейскія пазыцыі
ды замацоўваліся ў вёсках. Пры гэтым яны паказалі, што іх надзвычай цяжка
выбіць з занятых пазыцыяў, нягледзячы на хвалі паветраных атакаў і жорсткія
гарматныя абстрэлы.
Прадстаўнікі фэдэральнага войска заявілі, што цяпер прыкладаюцца апошнія
намаганьні, каб првесьці зачыстку Саадзі-хутару, які яны ўзялі ў аўторак
і тады ж узьнялі над вёскай расейскі сьцяг.
Аднак, – піша Юры Багроў са спасылкай на тэлеканал НТВ, – расейскія
аддзелы, якія замацаваліся на ўскрайку Саадзі-хутару, ведаюць пра начныя
перамяшчэньні паўстанцаў і сутыкаюцца з трапным агнём снайпэраў.
“Мы спрабуем ужываць усе свае сілы, але гэта цяжкі працэс. Мы ня можам
паставіць войска вакол вёскі, загадаць жаўнерам трымацца за рукі і такім
чынам атачыць яе,” – сказаў кіраўнік аддзелаў міністэрства ўнутраных справаў
Грыгоры Фаменка.
Як падало агэнства Интерфакс, фэдэральныя войскі ўсё яшчэ мусяць працягваць
барацьбу з аточанымі ў Саадзі-хутары паўстанцамі, але, паводле агэнства,
цяпер вёска блякаваная надзейна.
Апрача гэтага Интерфакс падаў словы прадстаўніка расейскага прэзыдэнта
ў Ічкерыі Сяргея Ястржэмбскага, які сказаў, што Маскву хвалююць магчымыя
новыя нечаканыя напады на расейскае войска напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
“Мы, – сказаў Ястржэмбскі, – дапускаем магчымасьць такіх атакаў ў паўднёвай
частцы Ічкерыі, і мы мусім быць гатовымі да гэтага”.
Паводле заяваў расейскага вайсковага кіраўніцтва на сёньня ў баёх пад
Саадзі-хутарам загінулі ад 500 да 600 паўстанцаў і 50 фэдэралаў. Гэтыя
зьвесткі, аднак, пакуль ніякім чынам не пацьверджаныя. Што ж да цывільнага
насельніцтва, то расейцы заяўляюць, што яно пакінула вёску, таму што іхныя
хаты абстрэльвалі і бамбавалі.
Той самы Интерфакс паведамляе і пра шматлікіх паўстанцаў, якія пад Саадзі-хутарам
здаюцца ў палон. Асабліва іхная колькасьць павялічылася пасьля заявы выканальніка
абавязкаў расейскага прэзыдэнта Владзіміра Пуціна пра тое, што ён дапускае
магчымасьць перамоваў з паўстанцамі, але пасьля таго, як яны складуць зброю.
Ад пачатку вайны, тэрыторыю Ічкерыі пакінулі 250 тысячаў чачэнцаў. Шмат
хто зь іх знаходзіцца ў лягярох для ўцекачоў у суседняй Інгушэтыі. Усе
яны скардзяцца на ўмовы іхнага ўтрыманьня. “Мы хвалюемся, мы ня ведаем
чаго чакаць далей,” – сказаў Адам Мадзееў – уцякач, які знаходзіцца ў лягеры
“Спутнік”, што недалёка ад вёскі Сьляпцоўская.
Тым часам, – канчае свой артыкул Юры Багров, – у аўторак Эўрапейскі
Зьвяз абвесьціў пра перадачу чачэнскім уцекачам і інгускім сем’ям, якія
іх прытулілі, 3 300 тонаў мяса і 1 100 тонаў рысу.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1