Напярэдадні “Маршу Свабоды – 2” адміністрацыя прэзыдэнта ЗША
і Дзяржаўны дэпартамэнт выступілі з адмысловымі заявамі з заклікам да беларускіх
уладаў прытрымлівацца сваіх міжнародных забавязаньняў і не чыніць перашкодаў
мірным маніфэстацыям, каб пазьбегнуць паўтору жорсткага й безсэнсоўнага
падаўленьня дэманстрацыі, якая адбылася 17 кастрычніка мінулага году. Якая
рэакцыя беларускага кіраўніцтва на гэтыя заявы?…
Кіраўнік прэсавае службы “прэзыдэнцкай” адміністрацыі Дзьмітры Жук у
інтэрвію “Радыё Свабода” зазначыў, што пакуль у яго няма аніякай інфармацыі
пра тое, што рыхтуецца нейкі афіцыйны адказ на заявы Белага дому й Дзяржаўнага
дэпартамэнту ЗША. Сам жа Дзьмітры Жук ад камэнтароў гэтых дакумэнтаў адмовіўся.
Гаворыць кіраўнік прэсавае службы адміністрацыі “прэзыдэнта” Дзьмітры
Жук:
“Па-першае, я не зьяўляюся прэс-сакратаром, таму аніякіх камэнтароў
і заяваў не раблю, я на гэта не ўпаўнаважаны. Вам трэба зьвярнуцца ў МЗС.
Дарэчы, учора прэзыдэнт зьвяртаў на гэта сваю ўвагу, калі выступаў перад
парлямэнтам”, – гаварыў Дзьмітры Жук.
Тым ня менш, ён пагадзіўся выказаць сваё меркаваньне як прыватнай асобы
адносна “Маршу Свабоды – 2”:
“Мне б хацелася, каб гэта адбылося мірна, – зазначыў у інтэрвію “Радыё
Свабода” кіраўнік прэсавае службы адміністрацыі “прэзыдэнта” Дзьмітры Жук.
Спадар Жук спаслаўся на ўчорашнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі адносна
“Маршу Свабоды – 2”.
14 сакавіка Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію журналістам параўнаў пазыцыю
ЗША ў вадносінах да Беларусі з прадузятай, на ягоную думку, пазыцыяй Захаду
адносна вайны ў Чачні. Лукашэнка зазначыў, што яму асабіста гэты марш увогуле
непатрэбен і ён быў бы рады, каб беларускія людзі пацьвердзілі, хто тут
гаспадар, каб яны ўвогуле не выходзілі на вуліцы й тым самым паказалі,
што ў іх няма незадавальненьня ўладаю і сваім матэрыяльным становішчам.
Прэсавы сакратар вонкапалітычнага ведамства Беларусі Мікалай Барысевіч
таксама не паведаміў, ці рыхтуецца нейкі афіцыйны адказ на заявы Дзяржаўнага
дэпартамэнту й Белага дому. Тым ня менш, галоўная думка на гэты конт ўжо
сфармаваная. Гаворыць прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных справаў
Мікалай Барысевіч:
“Галоўная думка такая, што афіцыйныя ўлады зацікаўленыя, каб усе гэтыя
акцыі прайшлі спакойна й без парушэньня грамадзкага парадку. І ў сувязі
з гэтым прадпрымаюцца ўсе належныя захады, каб забясьпечыць парадак і пазьбегнуць
тых інцыдэнтаў, якія мелі месца ў мінулы раз… Улада не зацікаўленая ў нестабільнасці,
парушэньні парадаку і ў паўторы гэтых інцыдэнтаў…”, – паведаміў Мікалай
Барысевіч.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1