У нас на сувязі адзін з арганізатараў “Маршу Свабоды – 2”, адзін з каардынатараў
грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя – 97” Зьміцер Бандарэнка.
(Карэспандэнт: ) “Зьміцер, напярэдадні “Марш Свабоды” праходзіў пад лёзунгам
“Даеш перамовы!”. Гэты “Марш”, мяркуючы па ўсім, таксама. Чым розьняцца
дэвізы абодвух мерапрыемстваў?”
(Бандарэнка: ) “Дэвізы якраз захаваліся тыя ж самыя, таму што мэта першага
“Маршу” не была дасягнутая. Перамовы так і не пачаліся. Лукашэнка баіцца
перамоваў. І ўся кампанія “Вясна 2000” ськіраваная на тое, каб улада і
апазыцыя селі за стол перамоваў пры пасярэдніцтве міжнародных структураў.
А розьніца ў тым, што мінулым разам было крыху лепшае надвор’е, а зараз
надвор’е значна горшае”.
(Карэспандэнт: ) “Гэта выклікае ў Вас апасеньні за лёс і сцэнар сёньняшняга
“Маршу Свабоды”?”
(Бандарэнка: ) “Безумоўна, гэта можа паўплываць на колькасьць удзельнікаў”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, вось мінулым разам Вам даводзілася шмат хадзіць
па розных афіцыйных габінэтах, вырашаючы ўсе арганізацыйныя моманты. Гэтым
разам - таксама. Ці Вы заўважылі адрозьненьні ў стаўленьні чыноўнікаў,
міліцыі да вас як арганізатараў і да самой акцыі?”
(Бандарэнка: ) “Якраз мінулым разам мы хадзілі значна меней. Нам проста
адмовілі ў шэсьці і дазволілі толькі мітынг. Было бачна, што ўлады проста
адмахваюцца, што ім далі загад, а яны яго толькі выконваюць.Зараз усё йшло
іначай, ішло сапраўднае абмеркаваньне ў Менгарвыканкаме. Кожны бок прытрымліваўся
сваёй пазыцыі. Але ў выніку ўлады пайшлі на саступкі, у выніку кампрамісу
дазволенае шэсьце па праспэкце Скарыны. Мы лічым гэта невялікай перамогай.
Самае галоўнае: пасьля мы ўжо 4 разы сустракаліся зь беларускай міліцыяй,
разам праехалі па маршруце, маршрут нас задавальняе. Там усё ў парадку.
Дарога – у парадку. Пад’ехалі на месца правядзеньня мітынгу. Мы дамовіліся,
каб гэта была заасфальтаваная пляцоўка. З боку міліцыі стаўленьне зусім
іншае”.
(Карэспандэнт: ) “Больш дабразычлівае?”
(Бандарэнка: ) “Больш дабразычлівае, больш рабочае, больш канкрэтнае.
Хаця, як яны кажуць: “Мы людзі паднявольныя. Мы выконваем загад”.
(Карэспандэнт: ) “У сувязі з гэтым. Ці ёсьць у арганізатараў акцыі нейкія
запасныя сцэнары на выпадак, калі ўсё пройдзе нямірна, нягладка. Ня так,
як абяцаюць арганізатары”.
(Бандарэнка: ) “Ну, за гэта будзе адказваць дружына. Гэта будзе ў нас,
скажам, агульная дружына прадстаўнікоў палітычных партыяў, перадусім БНФ.
Іх мэта – разам зь міліцыяй падтрымліваць парадак”.
Гутарыла
Алена Радкевіч
Самае папулярнае
1