На працэсе над Міхалам Чыгіром даў паказаньні былы кіраўнік “Белаграпрамбанку”
Аляксандар Застаўнюк. Ягоныя сьведчаньні могуць дапамагчы суду высьветліць
абставіны знікненьня ў Канадзе мільёна даляраў з рахунку банка.
Паводле вэрсіі сьледзтва, Міхал Чыгір, калі быў старшынём праўленьня
“Белаграпрамбанку”, дрэнна распараждаўся банкаўскім капіталам. Як вынік
– зьнікненьне ў Канадзе мільёна даляраў, пераведзеных будаўнічай фірме
Айзэка Майзелса ў якасьці авансу й ня вернутых да гэтага дня. Гэтак мяркуе
сьледзтва.
Але чаму грошы не вярнуліся, якія намаганьні для гэтага прыкладаліся
пераемнікам Чыгіра на пасадзе кіраўніка банку – на гэтыя пытаньні адказваў
сёньня Аляксандар Застаўнюк, які заняў вызваленае Чыгіром мейсца кіраўніка
“Белаграпрамбанку” і які фактычна спыніў будаўніцтва новага офісу банку.
На жаль, адказы Застаўнюка спарадзілі яшчэ больш пытаньняў. Бо высьветлілася,
што Аляксандар Застаўнюк шмат чаго ўжо не памятае. Прыкладам, ён не ўзгадаў,
чаму канадцам пералічылі толькі адзін мільён даляраў авансу, калі трэба
было ажно шэсьць; ня змог патлумачыць, чаму не запатрабаваў ад канадцаў
справаздачы; ня здолеў адказаць дакладна і яшчэ шмат на якія пытаньні судзьдзяў
ды адвакатаў Чыгіра.
І ўсё ж абароне экс-прэм’ера ўдалося атрымаць ад Застаўнюка прызнаньне,
што ён не даваў распараджэньня падначаленым юрыстам вывучыць магчымасьць
вяртаньня грошай праз суд на падставе 18-га артыкулу дамовы з канадцамі.
На думку абароны, гэтае прызнаньне вельмі йстотнае, бо разбурае вэрсію
сьледзтва, згодна зь якою новае кіраўніцтва банку ўжо было ня ў стане вярнуць
мільён даляраў: “Магчыма, што спадар Застаўнюк мог вярнуць гэтыя грошы,
але не захацеў гэтага рабіць з прычыны карупцыйных сувязяў зь некаторымі
беларускімі й замежнымі бізнэсоўцамі”, – мяркуюць адвакаты і заяўляўюць,
што гэтая вэрсія будзе распрацоўвацца імі на далейшых слуханьнях.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1