Амбасадар ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкгард спадзяецца на вызваленьне
дэпутата Андрэя Клімава з турмы. Спадар Спэкгард мяркуе, што беларускім
уладам трэба праявіць паблажлівасьць да Клімава, які за два гады знаходжаньня
за кратамі згубіў здароўе.
Сёньня надзвычайны й паўнамоцны амбасадар ЗША ў Беларусі Дэніэл Спэкгард
наведаў Ленінскі суд Менска, дзе аднавіўся працэс над Андрэем Клімавым.
Спэкгард заявіў, што ўважліва сочыць за гэтым працэсам і спадзяецца на
справядлівы прысуд Клімаву:
“…Я спадзяюся, яго выпусьцяць. Ён адседзеў ужо больш за два гады, у
яго дыябет і хворае сэрца, дома яго чакая жонка й трое малых дзетак, я
мяркую, што двух гадоў зьняволеньня дастаткова і спадзяюся, што беларускі
ўрад прадэманструе літасьць да Клімава”, – сказаў “Радыё Свабода” Дэніэл
Спэкгард.
Зьяўленьне на працэсе амэрыканскага амбасадара й прадстаўнікоў іншых
замежных місіяў, а таксама шмат каго са сваякоў і знаёмых абвінавачваных
тлумачылася тым, што ўжо сёньня мог прагучаць прысуд Клімаву ды іншым падсудным.
Бо слуханьні фактычна завершыліся яшчэ два тыдні таму, заставалася выслухаць
прамову апошняга з абвінавачваных, Аляксандра Калаціліна, і мала хто сумняваўся
ў тым, што прысуд ужо гатовы. Не выключалася, што сёньня ж ён і будзе абвешчаны,
але суд зрабіў інакш.
Працэс цягнуўся літаральна некалькі хвілінаў, судзьдзі выслухалі кароткую
просьбу Калаціліна вырашыць справу справядліва, і абвесьцілі перапынак
да 17 сакавіка. Такім чынам, толькі праз восем дзён мы даведаемся , якім
будзе лёс дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава.
Нагадаю, пракурор просіць даць Клімаву дзевяць гадоў турмы ды яшчэ й
канфіскаваць ягоную маёмасьць. Іншым абвінавачваным пагражае ад двух гадоў
умоўна да пяць гадоў калёніі. Пры гэтым ніхто з падсудных сябе вінаватым
не прызнаў, усе прасілі ў вапошнім слове апраўдальнага прысуду.
Аднак шанцы на такі прысуд ацэньваюцца як невялікія. Абаронца Гары Паганяйла,
напрыклад, лічыць, што толькі сапраўды незалежнаму суду па сілах прызнаць
Клімава ды іншых невінаватымі: “Гэта не крымінальная, а цалкам гаспадарчая
справа, якую і трэба вырашаць у гаспадарчым судзе. Аднак, я ня думаю, што
ўлады дзеля таго распачыналі гэты яўна палітычны спэктакаль, каб цяпер
прызнаць сваё фіяска”, – сказаў Гары Паганяйла.
Тым не менш жонка Клімава Тацяна спадзеваў на апраўданьне свайго мужа
не пакідае: “…Усе, хто выступаў на гэтым працэсе, спадзяваліся на незалежнасьць
судзьдзяў, на апраўдальны прысуд. Я спадзяюся на розум – што розум пераможа
і апраўданьнем суд паставіць кропку ў гэтай недарэчнай справе”, – гэтак
мяркуе жонка Клімава Тацяна Леановіч.
Такім чынам, магчымы тры варыянты прысуду.
Першы – Клімаў будзе прызнаны вінаватым, але адпушчаны на волю з улікам
тэрміну, які ён ужо адседзеў. З боку беларускіх уладаў гэта будзе пэўная
саступка Захаду, якая тым больш чаканая сёньня, калі ўлада дэманструе гатоўнасьць
да грамадзкага дыялёгу.
Другі варыянт, жорсткі – дэпутат атрымае больш за два гады й будзе адпраўлены
ў калёнію. Як у свой час дэпутат Уладзімер Кудзінаў. У гэтым выпадку Захад
атрымае дадатковую падставу крытыкаваць улады Беларусі за перасьлед палітычных
апанэнтаў.
Трэці варыянт, і ён таксама не выключаецца, – Клімаў будзе апраўданы
й вызвалены з-за кратаў у залі суду.
Які з трох варыянтаў будзе абраны – мы даведаемся ад судзьдзі Веры Тупік
17 сакавіка.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1