На думку Вітаўта Кіпеля, дырэктара Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва
ў Ню-Ёрку, працы Міколы Ермаловіча маюць усясьветнае значэньне. Ён згадвае…
Гэта асаблівая страта для беларускай навукі, асабліва, для навукі дзяржаўніцкае
плыні. Зь Міколамс Ермаловічам асабіста я знаёмы ад 1991 году, калі ўпершыню
ў траўні тога году мы, група з Амэрыкі, прыехалі ў Беларусь, на кангрэс
беларусістаў у Менску. Гэта было спатканьне з Бацькаўшчынай пасьля блізу
50-гадовай разлукі.
Тады якраз валкавалася, выходзіла ў сьвет Ермаловічава “Старажытная
Беларусь”, і ён азнаёміў нас зь некаторымі прынцыпамі і структурай гэтай
кнігі, што, безумоўна, мы адразу падтрымалі.
Мікола Ермаловіч ад 91 году раптоўна стаўся ведамым і на Захадзе, бо
ягоная кніга адразу ж зрабіла моцнае ўражаньне ў навуковых колах Амэрыкі
і Канады. Бадай на кожнай канфэрэнцыі, на кожнай сустрэчы славістаў і неславістаў
ягоная кніга абмяркоўвалася, абмяркоўваліся ягоныя пагляды, ягоная тэхніка,
ягоны спосаб думаньня ў фармаваньні беларускай дзяржаўнасьці.
І мушу сказаць, што ён – адзін зь першых, хто дапамог замацаваць, ці
ўклаў свае цагліны у замацаваньне ідэі нашай дзяржаўнасьці. Якраз Мікола
Ермаловіч наступнымі сваімі працамі разьбіваў тыя канцэпцыі, што Беларусь
ніколі ня мела свае дзяржавы. Ягоную кнігу можна знайсьці ў сотнях бібліятэкаў
Амэрыкі, Канады, а таксама, як казалі славісты, яна патрапіла ў Паўднёвую
Амэрыку.
Для беларускай гістарыяграфіі, для беларускай нацыі гэта – велізарная
згуба. Мікола Ермаловіч застанецца тым слупом (у навуковым бачаньні гэтага
слова), на які будуць спасылацца, аглядацца, глядзець яшчэ шмат пакаленьняў
беларускіх гісторыкаў.
Вітаўт Кіпель, Ню-Ёрк
Самае папулярнае
1