Загінуў Мікола Ермаловіч. У нашых слухачоў гэтае імя
асацыюецца зь пераваротам ў гістарычнай сьвядомасьці нацыі ды нацыянальнай
гістарычнай навуцы ХХ стагодзьдзя.
У суботу каля 11-й гадзіны раніцы ён выйшаў са свайго дому, каб забраць
на пошце газэты. Трэба было перайсьці праз вуліцу Рафіева. У гэты момант
неслася таксі… Хуткая дапамога прыехала амаль адразу. Яшчэ суткі ён, зьнявечаны,
але прытомны, жыў у шпіталі.
У нядзелю а 10-й раніцы Міколы Ермаловіча ня стала. І ніхто пра гэта
ня ведаў. Устрывожаная тым, што бацька не адказвае на ейныя званкі, у Менск
з Маладэчна прыехала дачка Алена. І толькі тады, позьнім нядзельным вечарам,
трагічная навіна дайшла да сяброў, аднадумцаў, прыхільнікаў гэтага надзвычайнага
чалавека.
Мастак Уладзімер Крукоўскі быў апошні, хто браў інтэрвію ў Міколы Ермаловіча.
Яно надрукаванае ў мінулым нумары газэты “Наша Ніва”. Там жа зьмешчаны
і ягоны апошні прыжыцьцёвы здымак. Якраз з нагоды гэтых публікацыяў яны
й размаўлялі напярэдадні трагічнага здарэньня…
(Крукоўскі: ) “Хто быў для мяне Ермаловіч у пляне маёй нацыянальнай
сьвядомасьці(і ня толькі маёй)? Ён быў для мяне духовым бацькам. Зрабіў
ён вельмі шмат, вельмі шмат. Для нас усіх. Мы зараз, можа быць, і не ўсьведамляем,
наколькі шмат ён зрабіў для нашай нацыі”.
На кнігах Міколы Ермаловіча нацыянальна выхаваліся сотні й тысячы беларусаў.
Але кнігі несавецкага гісторыка Ермаловіча ў савецкай Беларусі ня толькі
немажліва было надрукаваць афіцыйна, але нават публічна прызнацца ў існаваньні
падобных думак было небясьпечна.
Галоўная “крамола” палягала ў неаспрэчных доказах Ермаловіча факту тысячагадовае
гісторыі беларускае дзяржаўнасьці ў той час, калі савецкія гісторыкі ўсьлед
за расейскімі дваранскімі сьцьвярджалі, што Беларусь пачалася толькі ў
1919 годзе. І тады на дапамогу прыйшоў самвыдат. Падпольны, зразумела.
Упершыню вынікі сваіх самастойных гістарычных росшукаў Мікола Ермаловіч
пачаў зьмяшчаць на старонках рукапіснага самвыдавецкага часапісу “Падсьнежнік”.
Было гэта ў 1963 годзе. Выйшла ўсяго чатыры нумары. Артыкулы “Падсьнежніка”
аформіліся ў першую кнігу – “Па сьлядах аднага міфа”, якая хадзіла па руках
ў самвыдавецкім варыянце да 1989 году.
Новыя вынікі сваіх гістарычных росшукаў Мікола Ермаловіч пачаў друкаваць
у 1975 годзе на старонках самвыдатаўскага альманаху “Гутаркі”. Жывучы ў
Маладэчне, ён кожны дзень езьдзіў у Нацыянальную бібліятэку краіны ў Менск.
Аддрукаваныя на друкарцы ў Маладэчне матэр’ялы ён перадаваў для памнажэньня
ў Менску мастаку Яўгену Куліку. Кожны тыдзень зьяўляўся новы нумар “Гутарак”,
які імгненна перамнажаўся ды падпольна распаўсюджваўся.
Усяго было выдадзена каля 50 нумароў. Артыкулы “Гутарак” у дапоўненым
варыянце склалі першыя разьдзелы новае кнігі Міколы Ермаловіча “Старажытная
Беларусь”. Выдадзеная напачатку 90-х, яна была адзначаная Дзяржаўнай прэміяй
ужо незалежнай Беларусі.
Тады ж Мікола Ермаловіч страціў свайго адзінага памочніка – жонку Лідзію.
Для амаль невідушчага дасьледніка яна была ў літаральным сэнсе вачыма.
У сваім апошнім інтэрвію спадар Ермаловіч сказаў, што “Старажытная Беларусь”
для яго заўсёды будзе ў жалобнай рамцы. Калі часопіс “Маладосьць” пачаў
яе друкаваць, дык дзён за дзесяць да выхаду першага ўрыўку памерла ягоная
маці, а перад заканчэньнем друку памерла жонка.
Гэтымі днямі Мікола Ермаловіч чакаў выхаду поўнага выданьня “Старажытнае
Беларусі”. У выдавецтве “Беллітфонд”, які ўзяўся за гэтую кнігу, мне сказалі,
што вось-вось яна пабачыць сьвет. Жалобную рамку вакол прозьвішча аўтара
выдаўцы ўжо, пэўна, зрабіць не пасьпеюць.
Валянціна Аксак, Менск
Разьвітаньне зь Міколам Ермаловічам адбудзецца заўтра, 7 сакавіка,
у Менскім доме літаратара ад 10-й да 12-й гадзіны. Пахаваны ён будзе ў
Маладэчне побач з жонкаю.
Апошні запіс Міколы Ермаловіча - сёньня ў рубрыцы "Галасы тагодзьдзя".
Самае папулярнае
1