Блізу сарака вытворных ад слова брат падае ў сваім слоўніку лексыкограф
ХІХ стагодзьдзя Іван Насовіч, больш сарака – ягоны калега з ХХ-га Янка
Станкевіч.
І ўсёж, у ХХ стагодзьдзі найбольш пашыраным, апрача ўласна: брат – сын
тых самых бацькоў, былі спалучэньні гэтага слова са словамі: родны, старэйшы,
сярэдні, малодшы, стрыечны, малочны.
Асаблівае мейсца ў гэтым пераліку займаюць старэйшы й малодшы, бо старэйшым
лічыўся расейскі народ у дачыненьні да іншых народаў як у царскай, так
і ў савецкай імпэрыі.
Гэтай акалічнасьцю почасту апраўдываліся самыя розныя антызаконныя дзеяньні
старэйшага брата ўв адносінах да іншых, маўляў, справа сямейная, а ў сям’і
чаго толькі не бывае. Пры гэтым неяк забывалася, што й сем’і бываюць розныя…
У гэтай сям’і малодшы беларускі брат меў адно вылучнае права – любіць
старэйшага. Трымаючы прынцып раўнапраўя, старэйшы, у сваю чаргу, таксама
меў адно права – быць любімым з боку малодшага. Але гэта прыйшло пазьней,
а на пачатку ХХ стагодзьдзя старэйшы лічыў малодшага ўсяго толькі часткай
самога сябе. Якая гэта была частка – гісторыя маўчыць, але тое што не галава
– дакладна.
Ды пакінем анатомію, пагатоў што старэйшы брат неўзабаве ўсё ж празнаў
малодшага як асобны арганізм і адразу ўзяўся наводзіць парадк у ягонай
хаце. Усё, ад перадзелу тэрыторяў і вынішчэньня нязгодных да прамываньня
мазгоў, сьведчыла пра вялікі клопат старэйшага. Вынік быў ашаламляльны.
Пабачыўшы малодшага брата-беларуса больш рускім чым самі рускія Нікіта
Хрушчоў прадказаў, што і ў камунізм беларусы прыйдуць раней, чым іншыя.
І ўсё ж, людзі добра разумелі сутнасьць савецкага братэрства народаў. Адсюль
і жарт: Як будзем дзяліць, па-роўнаму, ці па-братэрску?
З развалам Савецкага Саюзу ідэя старэйшага брата пацягнула за сабой
падзел насельніцтва Беларусі на незалежнікаў і, скажам так – паднявольнікаў.
Першыя сёньня ў апазыцыі, другія – пры ўладзе. У галапупай кашулі малодшага
брата яны цягнуць ручаняты да старэйшага бэйбуса ў сьмяротныя, так званыя
братнія абдымкі.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1