З Уладзімерам Караткевічам было ў мяне шмат. Бываў я ў іх, і яны са сваёй
жонкай Валяй у нас. Пазаёміліся ў інстытуце: першая сустрэча была, калі
мы былі студэнтамі, і ён прынес падпісаць сваю толькі што выдадзеную кніжку
“Каласы пад сярпом тваім”.
Пасьля былі сустрэчы з вучнямі ў нашай школе, дзе я працаваў арганізатарам
– гэта Дуброўская школа на Маладзечаншчыне.
Запомнілася, бадай, найбольш апошняя сустрэча. Быў ліпень 1984 году.
Дакладней, 6 ліпеня. Я зьявіўся ў Менск па патрэбе: у камісыйны здаць клярнэт,
які ў мяне ляжаў, замінаў бяз толку. Камісыйны быў зачынены, і я вырашыў:
амаль побач жыве Караткевіч – пакіну гэты інструмэнт у яго да часу, а пасьля
некалі заеду і здам у камісыйны.
На званок пачуліся цяжкаватыя крокі. Адкрыў дзьверы гаспадар. Глянуў
я на Ўладзімера Сямёнавіча – ён ужо быў настолькі стомлены, маршчынаў стала
больш і пад вачыма, і каля вуснаў – наогул зьнямоглы… Быў ён тады ў кватэры
ўжо адзін: памерла маці, потым за ёй Валяньціна…
Ён тут жа прапанаваў пайсьці на кухню, але папярэдзіў, што сам ня можа
ўзяць ані чарку, таму што ўрач зараз прыйдзе, якая яго лячыла, і моцна
папярэдзіла, каб не дакранаўся да сьпіртнога. Я таксама адмовіўся адзін
браць. Неўзабаве прыйшла ўрач, праверыла яго, зьмерыла крывяны ціск, зрабіла
ўкол.
Калі яна пайшла, ён пачаў распытваць пра маё жыцьцё. Зразумеўшы, зь
якой нагоды я зьявіўся ў Менск, ён стаў прапаноўваць мне грошы, даводзячы,
што ён цяпер стаў багата жыць. Купіў, кажа, во новую мэблю – сапраўды,
у яго была ўжо абстаўленая добра кватэра. Атрымаў, кажа, грошы за пераводы
і за кінафільм.
Я пачаў адмаўляцца ад яго грошай. Тажы ён кажа: “Давай, я куплю ў цябе
клярнэт.” Я кажу: “Нашто ён вам? Вы граць ня будзеце на ім, ня варта ў
музыкантаў адбіраць хлеб.” Ён зноў настойваў, каб я ўзяў грошы, але я ня
ўзяў.
Пасьля, праводзячы мяне, ён вырашыў падпісаць мне сваю кніжку: у цябе,
кажа, няма напэўна яшчэ “Чорны замак Альшанскі” – яна толькі нядаўна выйшла.
Я кажу: “Не.” “Ну дык дастань там з шафы – я падпішу.” І вось падпісаў
на кніжцы 6 ліпеня – гэта, можа, быў ягоны апошні аўтограф на ягонай апошняй
прыжыцьцёвай кнізе.
Вячаслаў Міхасёнак
Самае папулярнае
1