Не забудуцца дні, калі мы праходзілі летнюю практыку ў мястэчку Бярэзіна.
Гэта былі 70-я гады, у цэнтры мястэчка – пляцоўка, дзе вяскоўцы прадаюць
хто гародніну, хто яйкі ці шматок сала. І быў такі яркі сонечны дзень,
і мне хацелася на палатне намаляваць усё гэта.
У асноўным на гэтым імправізаваным кірмашы былі жанчыны. Раставіў свой
рыштунак, мальбэрт, углядаюся, раблю накіды. Не пасьпеў зрабіць некалькіх
штрыхоў, гляджу – бабулькі паміж сабой перашэптваюцца і памалу свае клуначкі
зьбіраюць. Нікога ня стала, зьніклі ўсе. Я пасьля падумаў, з чаго б гэта?
І пасьля да мяне дайшло: як з чаго? – бабулькі гэтыя падумалі: хто я го
ведае, што гэта за чалавек стаіць, ці то алоўкам піша, запісвае нас, каб
бяды не было ўцякаць трэба. А можа ён які фінінспэктар, аштрафуюць бадай
што.
У тым самым месцы – вёска, прыгожая такая, матыў цікавы, прысады… У
канцы гародаў уладкаваўся я, раставіў мальбэрт, малюю хаціну, панадворак.
Гляджу, ідзе да мяне ціхай хадой гаспадар зь кіёчкам, стары такі, стаў
побач і глядзіць падазрона, што я раблю. Пытаецца:
– Ізноў соткі абразаць будзеце?
А я яму:
– Ды не, мне ж гэта цікава, я малюю хаціну вашую. То-другое, даказваю.
– Э-э, – кажа стары, – чалавеча-чалавеча, мінулы раз таксама такі во
раставіў у канцы майго гарода свае прыборы, а потым прыехала начальства
і – дзесяць сотак абрэзалі…
І яшчэ зьвязанае са студэнцкімі гадамі. Па праграме трэба было партрэт
на паветры намаляваць фарбамі. Ідзем па вёсцы, шукаем натуру. Глядзім,
у гародзе корпаецца бабуля, цыбулю поле там ці яшчэ што. Мы да яе, так
і так, мы студэнты-мастакі, хацелі б партрэт ваш намаляваць. А яна нам:
– А мае ж вы дзеткі, я ж то ня ступраць, ды грошай у мяне зусім няма,
бо пэнсію не атрымліваю, во толькі жыву, што на гародзе вырашчу.
А мы да яе:
– Ды не, бабуля, наадварот мы вам плаціць будзем, за тое, што будзеце
сядзець.
– Як гэта, мне плаціць? Вы будзеце працаваць, старацца, а мне грошы?
Не, ня буду тады…
І зусім нядаўняе. У гэтым годзе паехаў я на сваю вёску. Фактычна, вёскі
ўжо няма – адна хатка засталася. Малюю старую бярозу, засьнежанае поле.
Мароз такі! Малюю дзень, малюю другі. Прыходзіць да мяне знаёмы чалавек,
зямляк мой, і кажа:
– Гляджу я на цябе, Аляксейка, ну так шкада цябе, як ты тут мерзьнеш,
бярозку малюеш. Я яе заўтра сьпілую, каб ты ня мучыўся…
Вось такія эпізоды, зьвязаныя з маёй працай.
Аляксей Марачкін
Самае папулярнае
1