Я, як ні кажыце, – дзіця вайны. Я 35-га году, мне будзе 65 гадоў. У 41-м
годзе я жыў у Клімавіцкім павеце Магілеўскай губэрніі.
Памятаю, як увайшлі ў вёску немцы. Уяжджае танк пасярэдзіне вуліцы.
На башні сядзіць немец – па пояс голы, цывільны капялюш на галаве і на
губным гармоніку грае. Паказвае, што трэба замаскіраваць танкі, каб не
забамбілі. Ну і мы ламаем усё – яблыні, грушы, вішні ды ў кожную шчыліну
ўтыкваем. І нам даюць за гэта пліткі шакаляду. Я ж ня ведаў, што гэта шакаляд.
Гэта зараз я ведаю… А тады за зробленую працу, за тое, што мы замаскіравалі
танкі, даюць нешта такое салодкае. Памятаю, дарослыя прачыталі “Парыж”.
Французкі шакаляд я еў у 41-м годзе.
Потым, калі адыходзілі немцы… Дамы гараць, і калёна нямецкіх салдатаў
ідзе. І раптам з гэтай калёны выходзяць два нямецкіх салдата ў плашчовых
накідках. Нехта сказаў: “Стараляць будуць…” А яны падыйшлі і дзьве буханкі
хлеба кінулі. І пайшлі зноў у строй. Мы думаем, напэўна атручаныя. А тут
жа вёска гарыць. Усе зьбегліся туды, і каты, і сабакі. Мужыкі кажуць, давайце
на катах праверым. Адламалі кусочак – каты за мілую душу зьелі ўсё гэта,
інічога зь імі ня сталася.
Вось, я хачу сказаць, ня ўсе немцы былі кепскія, як гэта было прынята
гаварыць. Адступаючы чалавек аддаў апошні кавалак хлеба.
А на наступную раніцу сядзім у бліндажы… Бяз даху, так у зямлю ўкапаліся.
І вось толькі сонейка ўзыходзіць, толькі такі блакіт нябёсаў, і раптам
зь лесу чуваць: “Ура-а, тра-та-та, тваю маць…” І хтосьці з мужыкоў сказаў:
“Во, нашы ідуць…”
Генадзь Аўсянікаў
Самае папулярнае
1