Я вучнем яшчэ цікавіўся, чаму так кепска жывуць у вёсках сяляне. У нас
саўгас быў, і саўгас быў стратны, заўсёды такая беднасьць і ўбогасьць.
І заўсёды хацелася знайсьці прычыны гэтага і пераадолець гэта.
Як зрабіць лепшае жыцьцё на вёсцы? У мяне быў выбар: у Беларускую сельскагаспадарчую
акадэмію на эканамічны факультэт… Калі я напісаў дыплёмную працу ў Горках
на тэму ўдасканаленьня гаспадарчага мэханізму ў сельскай гаспадарцы… За
гэтую працу старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі мне нават не хацеў
даць дыплём. Гэта была першая сутычка паміж састарэлымі дагматычнымі поглядамі
на сельскую гаспадарку і маладым хлопцам, які толькі закончыў вучыццца,
і які на пятым курсе выказаў некалькі ўжо сфармуляваных ідэяў аб тым, што
мэханізм трэба ўдасканаліць і перайсьць на новыя формы гаспадараньня ў
калгасах і саўгасах, каб павярнуцца тварам да сялянаў, каб інтарэсы сялянаў
працавалі.
Трэба адзначыць, што калі я займаўся на чацьвертым курсе, у мяне ўзьніклі
пытаньні па зямельнай рэнце, па тым, што зямельныя адносіны ў нас не зусім
урэгуляваныя, і тут сяляне вельмі шмат губляюць, бо іх тут абкрадаюць,
па-сутнасьці, дзяржава. Цэны аднолькавыя. Хто на горшай зямлі, той застаецца
жабраком на ўсё жыцьцё, а хто на лепшай зямлі, той акрамя неабходнага прыбытку,
яшчэ і вялікія арэндныя даходы атрымлівае. У нас былі так званыя “маякі”,
якія атрымлівалі вельмі вялікія даходы незаслужана, з прычыны той недасканалай
сыстэмы эканамічных адносінаў.
І вось гэта я быў выклаў у сваёй дыплёмнай працы. І мой кіраўнік навуковы,
і ўсе выкладчыкі ў Горках вельмі добра да гэтага адносіліся. Ацанілі дыплём
на “выдатна”. Але пры абароне, да майго дакладу, старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай
камісіі (ён быў з Краснадарскага сельгасінстытуту – доктар навук, прафэсар
Легкаступаў) катэгарычна выступіў, каб мне не даваць дыплёма. Маўляў, гэта
ня так, у нас усё добра і г.д. Ён напэўна бачыў, што тут падрываюцца ўстоі
калгасна-саўгаснай сыстэмы. Узьнікла такая вось недарэчнасьць.
Мне выставілі “задавальняюча”, хаця раней усюдых было на “выдатна”.
І тое – зь ім спрачаліся і ўгаворвалі дзьве гадзіны, каб выдаў мне дыплём.
Міхась Антоненка, Менск
Самае папулярнае
1