Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залегчы на дно ў Менску


Гісторыя рэдка калі прыяжджае ў Менск цягніком. Звычайна яна наведваецца сюды на танку, бамбардзіроўшчыку, у армейскім грузавіку або ў скрайнім выпадку конна — папярэдне разаслаўшы сабе дыванок з руінаў і маляўнічага друзу і выставіўшы абапал яго свой шалёны аркестар. Ну, не лічыць жа насамрэч гісторыяй прыезд Дарагога Леаніда Ільліча ў 1978-м. Ці якога-небудзь там Чарнамырдзіна. Нават Мікалай ІІ, які заехаў сюды на пару гадзін у 1914-м, гісторыі з сабой не захапіў... Праўда, неўзабаве яна яго нагнала. Цягнік — ня самы хуткі транспартны сродак. Затое самы надзейны, самы злавесны і — самы прыдатны для тых, хто падарожнічае інкогніта.

7 студзеня 1960 году гісторыя прыехала ў Менск акурат цягніком. Прычым мы ведаем, якім менавіта: маскоўскім, нумар 9. Больш за тое, вядомы нават дакладны час прыезду, што таксама бывае ня так ужо й часта. Зрэшты, пра ўсё гэта можна прачытаць у кнізе Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька» — дык лепш дамо слова аўтару. Такім чынам...

«7 студзеня 1960 году ў 8 гадзін 23 хвіліны раніцы з купэйнага вагона маскоўскага цягніка нумар 9 на пэрон Менскага вакзалу ступіў 20-гадовы амэрыканскі грамадзянін у салдацкай шапцы-вушанцы й бяз пашпарта — ён здаў яго ў амбасаду ў Маскве, заявіўшы пра жаданьне застацца ў СССР, пасьля чаго праз два з паловай месяцы чаканьня й спробы самагубства атрымаў 5000 рублёў ад Чырвонага Крыжа, накіраваньне на працу і жытло ў сталіцы Беларусі, дзе праз год ажаніўся, а калі нарадзілася дзіця, разам зь сям’ёю вярнуўся ў ЗША, каб а 12:30 у суботу 22 лістапада 1963 году з вакна шостага паверху даласкага кніжнага складу з адлегласьці 50 мэтраў з італьянскага карабіна Манліхер-Каркана калібру 6,5 мм першым стрэлам параніць 35-га прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі, другім — губэрнатара Тэхаса Джона Коналі, трэцім дабіць прэзыдэнта, затым...»

Пра тое, што было пасьля і да таго, і расказвае гэтая кніга. Кніга ня толькі пра Освальда, а і пра Менск 60-х. Якім ён быў, гэты горад, якія людзі ў ім жылі — і чаму яго абмінала вялікая гісторыя, саступаючы месца той, малой, прыхаванай і на першы погляд дробнай. У масавай сьвядомасьці Менск існуе хіба як непрыкметная складка на палатне часу, у якой, здаецца, толькі пыл... Але там і менавіта там расьце да пары і дужае вялікая гісторыя, каб аднойчы вылезьці вонкі і ўсіх агаломшыць, адным махам зьмяніць лёсы і прымусіць задумацца. Монстар, зь якім мы вымушаныя суіснаваць, ніколі ня ведаючы, каго ён схопіць праз сэкунду — і дзе.

Нешта ў ім ёсьць такое, загадкавае... Сонны елінэкаўскі вір, на дно якога так і карціць залегчы яшчэ перад тым, як пераможна і роспачна прагучаць твае стрэлы; шматзначная правінцыйнасьць, ратавальная ананімнасьць... Менск — сталіца няясных намераў. Месца, што вабіць будучых злачынцаў, тэрарыстаў, маргіналаў. Сюды рэдка хто ўцякае пасьля зьдзейсьненага — але сюды прыяжджаюць, нібы падпарадкоўваючыся нечай магутнай злой волі, быццам бы на нейкае капішча, перад тым, як пайсьці на рашучы і канчатковы разрыў з паршывым грамадзтвам. Сюды прыяжджалі паесьці бліноў з думкамі пра дзяржаўны пераварот. Тут задумвалі перакуліць сьвет. Тут гадзіньнікі любяць спыняцца апоўначы. Тут пырхаў матылёк Освальд. Магчыма, тут бываў Брэйвік. Сусьветная нянавісьць і помста высьпявалі тут, калі ні пра якіх матылькоў, апрача млявых капусьніц у былым губэрнатарскім парку, ніхто тут яшчэ ня чуў. Стоячы на эскалятары менскага чыгуначнага вакзалу, азірніся. Магчыма, табе ў патыліцу дыхае яна, выпадковая гісторыя будучага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG