Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы менскі начальнік не прызнаўся ў хабарніцтве

абноўлена

Ігар Васільеў: «У партфэлі быў сувэнір, а не 250 000 даляраў»


У Менскім абласным судзе пачаўся працэс над былым першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Васільевым, якога абвінавачваюць ў спробе атрымаць хабар памерам 500 тысяч даляраў.

Судзіць Ігара Васільева судовая калегія на чале з Натальляй Аляхновіч. Працэс праходзіць ў Менскім абласным судзе — дакладна праз дарогу ад будынку Менгарвыканкаму, дзе з 2010 году абвінавачаны працаваў першым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму. Лава падсудных, на якой сядзіць Ігар Васільеў, адгарожаная ад залі цёмным шклом і знаходзіцца ў нішы, з-за чаго публіка абвінавачанага ня бачыць, а толькі чуе ягоны голас. Пасьля высьвятленьня асобы падсуднага пракурор Андрэй Лыцін зачытаў абвінавачваньне. Вось фрагмэнт яго заключнай часткі.

«6 ліпеня 2012 году з 7:30 да 7:35 хвілін Васільеў, калі быў у сваім службовым кабінэце № 303, які знаходзіцца ў будынку Менгарвыканкаму па адрасе г. Менск, праспэкт Незалежнасьці, 8 згодна з ранейшай дамовай з Ананьевым, прыняў ад яго ў якасьці хабару грошы, якія яму даваліся выключна ў сувязі зь ягонай службовай пасадай, у суме 250 тысяч даляраў ЗША».

Паводле пракурора Лыціна, былы чыноўнік браў грошы за станоўчае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго службовую кампэтэнцыю. Нібыта Васільеў меў грашовы інтарэс, калі дапамагаў чэскай фірме «Экаквінэнэрджы АС» у пабудове пад Менскам завода да перапрацоўцы сьмецьця. Дзеяньні былога чыноўніка пракурор кваліфікаваў 3-й часткай 430-га артыкулу Крымінальнага кодэксу, якая прадугледжвае пакараньне ад 8 да 15 гадоў зьняволеньня. Як на такое абвінавачаньне адрэагаваў Ігар Васільеў?

Былы чыноўнік не прызнаў сябе вінаватым, як ён сказаў, «цалкам у той фармулёўцы, якую агучыў пракурор». Тады Андрэй Лыцін зачытаў тэкст яўкі з павіннай на імя старшыні КДБ Зайцава, якую Васільеў напісаў адразу пасьля арышту. У гэтым дакумэнце ён цалкам прызнаўся ў хабарніцтве і пакаяўся. Ці гэта ён пісаў паперу, запытаў Васільева пракурор. Падсудны гэта прызнаў, але дадаткова распавёў пра абставіны.

Васільеў: «Вы разумееце мой стан, у якім я знаходзіўся, калі мяне затрымалі. Фактычна пад ціскам тых людзей, якія мяне затрымалі, мне прапанавалі напісаць яўку з павіннай».

Пракурор: «Давайце ўдакладнім, дзе яна пісалася?»

Васільеў: «Яна пісалася ў кабінэце кагосьці з кіраўнікоў КДБ. Я ў скарзе на гэтыя дзеяньні ўсё пра гэта напісаў. Зьвярніце ўвагу, што я напісаў на адным аркушы і ўжо заканчваў, зьбіраўся ставіць подпіс, а мне прапанавалі другі аркуш і пад дыктоўку фактычна напісаць тое, што там было напісана. Другое, мне наўмысна недакладна патлумачылі артыкул, паводле якога затрымалі. Таксама я прасіў адразу даць мне адваката, а мне сказалі, што адваката атрымаю пасьля таго, як напішу яўку з павіннай».
Таксама я прасіў адразу даць мне адваката, а мне сказалі, што адваката атрымаю пасьля таго, як напішу яўку з павіннай

20 сьнежня Ігар Васільеў адмовіўся даваць паказаньні. Сказаў, што зробіць гэта пасьля таго, як доказы ягонай віны прадставіць пракурор. Пракурор пачаў зачытваць пратаколы допытаў Васільева, зь якіх вынікала, што ўжо на допытах з удзелам адваката Ігар Васільеў не прызнаваў сябе вінаватым ў хабарніцтве. Вось, прыкладам, што ён казаў пра партфэль, ў якім апэратыўнікі знайшлі 250 тысяч даляраў. «5 ліпеня да мяне прыйшоў Ананьнеў і сказаў, што дамова будзе выконвацца. Ён запрасіў мяне ў калідор, я пагадзіўся. Там ён сказаў, што прадстаўнікі чэскай кампаніі перадалі яму сувэнір. Я сказаў, каб ён назаўтра прыйшоў у кабінэт. Так і сталася. У Ананьнева быў партфэль. Ён паказаў партфэль і спытаў, куды паставіць тое, што яны перадалі. Я разумеў, што гэта той сувэнір. Сказаў яму, каб паставіў у шафу. Ананьнеў выйшаў, я застаўся ў кабінэце. Потым пайшоў да свайго памочніка. Потым па справах да старшыні Менгарвыканкаму. А калі выйшаў і ішоў па калідоры, да мяне падышлі маладыя людзі. Я бачыў, як з майго кабінэту выходзяць людзі. Мой памочнік Аскірка сказаў, што, калі мяне не было, нейкія маладыя людзі заходзілі да мяне, у іх быў свой ключ. Потым усе зайшлі да мяне і ў шафе знайшлі чорны партфэль, а ў ім 250 тысяч даляраў. Але я ніякіх грошай ад Ананьнева не атрымліваў», — сказаў на адным з допытаў Ігар Васільеў.

Дадам, што публікі ў судовай залі фактычна няма. Ёсьць толькі журналісты і дзьве жанчыны, сваячкі Ігара Васільева, якія не пажадалі кантактаваць з прэсай.

Працэс па справе Ігара Васільева адновіцца 21 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG