Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разносамі Лукашэнка здымае напружанасьць»


Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч
Чаму Аляксандар Лукашэнка пачаў гэтак часта наведваць розныя прадпрыемствы, наладжваючы разносы іхнім кіраўнікам? Ці можна сказаць, што ўраду Міхаіла Мясьніковіча рэальна пагражае адстаўка ці гэта толькі пераключэньне ўвагі з боку кіраўніка дзяржавы? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, рэдактар часопіса «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Цыганкоў: Аляксандр Лукашэнка зноў наведаў чарговае прадпрыемства, што на гэты раз скончылася звальненьнем кіраўнікоў прадпрыемства і пагрозамі на адрас ураду. Чым можна патлумачыць такую актыўнасьць прэзыдэнта, ці мае яна палітычныя альбо эканамічныя прычыны? Якія электаральныя мэты спрабуе дасягнуць Лукашэнка такімі паездкамі?

Казакевіч: Я б хутчэй разглядаў такія захады Лукашэнкі як прафіляктычныя. Нельга сказаць, што штосьці падобнае не рабілася раней. Гэта дастаткова звыклы ход – прыехаць на завод, наладзіць там разнос… Эканамічная сытуацыя ня вельмі добрая, напружанасьць у грамадзтве расьце. Таму трэба гэтую напружанасьць здымаць такімі акцыямі.

Думаю, Лукашэнка інстынктыўна адчувае, што трэба нешта такое рабіць, каб пераключыць увагу зь яго на ўрад, з ураду на дырэктараў.

Цыганкоў: Наколькі рэалістычная на сёньня адстаўка ўраду Міхаіла Мясьніковіча? Ён вытрымаў і валютны крызіс, і дэвальвацыю. Ваш прагноз, колькі ён яшчэ пратрымаецца?

Казакевіч: Я б не хацеў даваць прагнозы, бо гэта залежыць не ад нейкіх парамэтраў, паказчыкаў працы ўраду, якія можна дакладна вымераць, а хутчэй ад раскладаў унутры кіраўніцтва. Адстаўка ўраду магчымая ў любы момант.

У мяне такое адчуваньне, што ніхто там вельмі моцна за сваю пасаду не трымаецца. Бо ў такой складанай эканамічнай сытуацыі здабыць нейкія палітычныя дывідэнды на гэтай пасадзе не атрымаецца, хутчэй наадварот.

Гэта і ёсьць гарантыя пэўнай устойлівасьці цяперашняга ўраду, бо брацца за такую задачу ня так і шмат ахвотных. Натуральна, сярод тых, хто можа гэтым урадам кіраваць, бо гэта вельмі няпростая задача.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG