Сівакоў адмовіўся камэнтаваць перабываньне Алкаева ў Менску
«Не, без камэнтароў. Я ў гэтыя пытаньні ня ўлажу, прабачце», — сказаў былы міністар унутраных спраў Юры Сівакоў на просьбу пракамэнтаваць перабываньне Алега Алкаева ў Менску. І адключыў тэлефон.
Радыё Свабода гаворыць з Алегам Алкаевым, які ў лістападзе наведаў Менск.
Радыё Свабода: «У сеціве зьявілася відэа з вамі, дзе вы едзеце па менскім праспэкце і называеце сябе».
Алег Алкаеў: «Што тут камэнтаваць? Я ніякага злачынства не зрабіў. Езьдзіў па сваіх справах».
— Былі ў Менску?
— Так, быў.
— Ведалі, што вас здымаюць?
— Так, ведаў.
— Па якіх справах вы прыехалі?
— Па асабістых. Мне трэба было пэўныя архівы свае забраць. Сустрэцца з патрэбнымі людзьмі. Атрымаць матэрыялы для далейшай працы над кнігай.
— Вам гэта ўдалося?
— Вядома, раз я з вамі гавару, то ўдалося.
— Можаце падзяліцца, што гэта за матэрыялы?
— Не, пакуль рана, ня буду дзяліцца. Але гэта ўсе матэрыялы па выкраданьнях і забойствах палітыкаў.
— Людзі не баяліся з вамі сустракацца?
— Нехта баяўся, нехта — не.
— Вы атрымалі ўсё, што хацелі?
— Так. Ня ўсё, вядома (сьмяецца). Больш за ўсё я хацеў атрымаць, каб злачынцы былі арыштаваныя. Але тое, што мне было трэба, я ўзяў, атрымаў.
— А як вам удалося трапіць у Менск? Няўжо ніхто за вамі не сачыў?
— Слухайце, ды вы ня слухайце гэтыя страшылкі, якія гэтыя нашы ўцекачы распавядаюць — сочаць за імі... Можа, і сочаць. Але яны навідавоку, яны людзі палітычна актыўныя. Я так не раблю. Я прымаю меры бясьпекі, таму... Я ж ня першы раз там бываю. Проста гэта першы раз [стала вядома. — РС]...
— А колькі разоў вы ўжо былі?
— Ой, ня буду казаць. Ня буду дражніць нікога.
— Як вам Менск? Ці мяняецца Беларусь?
— Зьнешне горад прыемны. Не скажу, што эўрапейскі, але прыемны. А вось у пад’ездах бруд. Гэта мне не спадабалася.
— Ці вашая сям’я, сваякі засталіся ў Менску, у Беларусі?
— Не. Сваякі ў мяне ёсьць, але я зь імі ня бачыўся. Бо для іх гэта стрэс, навошта гэта? Пачакаем іншага часу.
— Калі выйдзе ваша новая кніга? Новыя матэрыялы?
— Тут шмат працы. Зараз будзем над гэтым працаваць. Аднаму мне не падняць. Атрымаецца група — значыць, выйдзе хутка. Не атрымаецца — будзе доўга.
— Заява Сівакова як-небудзь зьвязаная з вашым візытам? Вы зь ім бачыліся, размаўлялі?
— У мяне такія сустрэчы былі ў плянах, але зь ім я ня бачыўся.
— А з кімсьці з былых таварышаў па службе?
— Я ня буду казаць, з кім мне ўдалося пабачыцца. Я ж ня ў лесе быў, зь людзьмі камунікаваў. Але ня буду казаць, гэта можа нашкодзіць.
— Якія будуць наступствы вашага візыту і таго, што ён стаў усім вядомы? Вы ж не дарма гэта зрабілі?
— Давайце пачакаем.
— А колькі будзем чакаць?
— Ну хаця б трошкі пачакайце. 12 гадоў чакалі, яшчэ год-другі можна пачакаць. Жартую, вядома.
— А колькі чалавек будзе працаваць над вашай кнігай?
— Ня ведаю. Я прапаноўваў пэўным людзям, яны адмаўляліся.
— Чаму вы ўсё ж называеце сябе на відэа? Чаму зараз?
— А чаго мне баяцца, каго баяцца?
— Вы ж раней прыяжджалі і не казалі, а цяпер, 2012 год, вы прыехалі і кажаце: «Я Алег Алкаеў, у Менску». Што здарылася такога?
— Нічога ня здарылася. І раней былі такія запісы, проста я іх не паказваў. І цяпер жа ня я паказваю.
— А тое, што гэты запіс зьявіўся, гэта добра ці кепска?
— Мне ў прынцыпе ўсё адно, на каго як паўплывае. Гэта чыста для сябе рабілася. Іншая справа, што нямецкія ўлады не заўжды радыя такім паездкам. Гэта адзіная праблема. У астатнім для мяне праблемаў не было і няма. Калі ўсё рабіць, думаючы галавою, то заўжды ўсё атрымаецца, як трэба. Я чым займаўся, тым і займаюся ўжо 10 гадоў. Тут нічога асаблівага і геройскага няма. Для мяне гэта звычайная праца.
— Вы сумуеце па Беларусі?
— Вядома.
— А па чым асабліва?
— Там усе сябры мае. Маці мая. Сястра. Там лепшыя гады майго жыцьця пражытыя, можна так сказаць. Вядома, сумую.
— У сувязі з тым, што вы атрымалі гэтыя дакумэнты, вы адчуваеце, што ваша бясьпека пад пагрозай больш, чым заўжды?
— Ды ня больш. Разумееце, усе чуткі пра «вялікую» небясьпеку — яны перабольшаныя. Калі ўсё рабіць прафэсійна, ніколі нічога ня здарыцца. Я заўжды на гэта спадзяваўся. Небясьпека заўжды ёсьць. Мы ж усе жывыя людзі. Калі пра гэта думаць, гэта вельмі перашкаджае жыць. Таму я пра гэта ніколі ня думаю.
Алкаеў у ранейшым інтэрвію «Свабодзе»: Сівакоў зразумеў — сама ня скажа, скажуць іншыя
Радыё Свабода даведалася пра перабываньне Алкаева ў Менску яшчэ ў сярэдзіне лістапада, аднак дзеля бясьпекі спадар Алкаеў прасіў не распаўсюджваць гэтую інфармацыю. Прыведзеная ніжэй гутарка адбылася 19 лістапада.
Радыё Свабода: «Алег Леанідавіч, вы былі ў Менску?»
Алег Алкаеў: «Вы правакацыйнае пытаньне задаяце. (Сьмяецца.) Лічыце, што чалавек, падобны да мяне, быў у Менску. Я ж паводле нямецкага заканадаўства не магу прыяжджаць. А што да Сівакова, то ён зрабіў правільна. Вакол яго склалася такая складаная сытуацыя. У яго выбар быў небагаты: альбо адказваць па законе, альбо адказваць перад народным гневам, так скажам. А цяпер ён выбар зрабіў, правільна. Ён апярэдзіў падзеі літаральна на суткі. Інакш у яго, напэўна, былі б вялікія праблемы.
— Гэта зьвязана з тымі перастаноўкамі, якія адбыліся ў КДБ?
— Гэта абсалютна ня з гэтым зьвязана. Гэтага ён менш за ўсё баяўся. Проста наступіў момант ісьціны, калі ён зразумеў, што калі ён сам ня скажа, то за яго скажуць іншыя і апярэдзяць яго. Сытуацыя ў той час склалася так, што яму выгадна самому ўсё расказаць.
— Дык ён жа нічога і не распавёў.
— А што вам яшчэ трэба расказаць? Яго ж ніхто не пытаўся яшчэ. (Сьмяецца.)
— Вы лічыце, што можна запытацца?
— Вядома. Задайце яму другое пытаньне: чаму дзесяць гадоў чакаў? Чаму 10 гадоў адмаўляў, а цяпер раптам... раскопкі нейкія зрабіў? Задайце такое пытаньне. Я дык яго хітрасьць ведаю. Ён зараз «тавар» прадае, а хто ж яго купіць... Некаторыя дэталі я не магу распавядаць. Пакуль у мяне няма простых адказаў на гэтую справу. Я ведаю, што і як яго падштурхнула, але казаць ня буду.
— А пра чалавека, падобнага да вас, будзеце распавядаць?
— Гэта няхай ён сам адкажа (сьмяецца).
— Алег Леанідавіч, былі ў Беларусі?
— Я ведаю, што чалавек, падобны да мяне, быў. Як гэта больш дакладна сказаць, ня ведаю. Вы ж разумееце, што паводле нямецкіх законаў я не магу бываць у Беларусі. Я старанна гэтыя законы выконваю. Я сам чакаю падзеяў. Сівакоў першыя словы сказаў, напэўна, чакае пакупнікоў з Захаду ці з Усходу. Тры міністры ўжо сядзяць у Маскве, можа, чацьвёрты яшчэ прыйдзе. Пакуль што няхай ён думае. Гэта ягонае права — думаць. А нашае права — пытацца.
У сеціве зьявілася відэа, на якім былы кіраўнік турмы на Валадарскага Алег Алкаеў едзе ў машыне па вуліцах Менску. Раней алкаеў папрасіў прытулак у Нямеччыне. Паводле законаў, ён ня можа наведаваць Беларусь.
Чуткі пра тое, што былы начальніка СІЗА № 1 і аўтар кнігі «Растрэльная каманда» Алег Алкаеў наведаў Менск зьявіліся ў сацыяльных сетках яшчэ ў лістападзе. Сам палкоўнік пацьвярджаць іх адмовіўся.
На відэа, якое разьмясьціла грамадзянская кампанія «Наш дом» відаць, як чалавек, падобны да Алкаева, адзе па цэнтральным праспэкце Менску.
З 2001 году ён жыве ў Нямеччыне дзе атрымаў палітычны прытулак. А паводле нямецкага заканадаўства, наведваньне Беларусі пагражае яму стратай статусу палітуцекача.
Алкаеў пакінуў Беларусь 11 гадоў таму, папярэдне абвясьціўшы, што Юры Сівакоў і Дзмітры Паўлічэнка могуць быць датычныя да зьнікненьня і забойства зьніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатолія Красоўскага.
Сам Алкаеў па асабістым распараджэньні міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова выдаваў растрэльны пісталет у дні зьнікненьня палітыкаў.
Прыблізна ў час магчымага знаходжаньня палкоўніка Алкаева ў Менску альбо адразу пасьля яго, Юры Сівакоў у інтэрвію газэце «Прэсбол» прызнаў сваю віну ў зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў.