Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эксклюзіўныя hand-made падарункі на строгі рэжым


Да Новага году два тыдні, да каталіцкіх Калядаў яшчэ менш — тыдзень. У сацыяльных сетках нагадваюць, што самы час пісаць віншаваньні ды рабіць падарункі тым, хто за кратамі.

Кашулі, крыжмо і калектыўнае мінулае


Сярод інтэрнэт-зваротаў ёсьць і не зусім звычайныя. Вось адзін зь іх:

«Шаноўныя сябры, зьвяртаюся да вас з такой прапановай. Справа простая, але не пустая — нашыя хлопцы сядзяць за кратамі. Мы ня можам іх вызваліць, але ці можам хаця б асьвятліць ім гэтыя дні, тыдні, месяцы, гады?.. У 1920 годзе падчас Слуцкага паўстаньня гарадзенскія жанчыны вышылі прыгожы сьцяг „Першы слуцкі полк стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі“ і перадалі яго паўстанцам! Вось і зараз паступіла, і то якраз з Гародні, прапанова вышыць кашулі для ўсіх нашых хлопцаў-нявольнікаў, а пры падрыхтоўцы было вырашана яшчэ й па паяску саткаць!»

Аўтар звароту паведамляе, што на гэты час ужо вядомыя памеры ўсіх палітвязьняў, і заклікае тых, хто ўмее вышываць, далучыцца да гэтай справы. Даюцца таксама каардынаты кантактных асобаў.

Прапанова зацікавіла і некаторых маці палітвязьняў, якія любяць і ўмеюць вышываць. Выказваюцца ідэі вышыць вязьням ручнікі. З гледзішча эзатэрыкі ўзаемадзеяньне пальцаў, мэталу (ігла) ды тканіны пры вышываньні, тым больш калі вышываюць крыжам, — гэта сакральны працэс.Здаўна лічылася, што падчас вышываньня энэргія ды думкі жанчын-майстрых пераносяцца на палатно. Ручнік, які нашы продкі называлі «крыжмо», быў сымбалем шляху жыцьця. У турме ж ён можа штодня нагадваць вязьню, што пра яго думаюць.

Юры Бандажэўскі
Юры Бандажэўскі
Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі, чые парады па выжываньні ў турме кожны тыдзень у нашай праграме, перакананы, што любая сувязь вязьня — вэрбальная, эмацыйная, тактыльная — з блізкімі і роднымі людзьмі, у тым ліку праз самаробныя падарункі ды лісты, дапамагае яму ў думках аддаліцца ад цяжкага нэгатыву вязьніцы.

Таксама вельмі карысныя і такія псыхатэхнікі, як «Сіла майго роду», зьвязаныя са зваротам да продкаў або калектыўнага мінулага чалавека.

«У пэўныя экстрэмальныя моманты нам з глыбокай падсьвядомасьці паступаюць на інстынктыўным узроўні сыгналы ад продкаў. Найлепшыя прадстаўнікі роду былі заўсёды ўзорам для нас. На жаль, многія у нас ня ведаюць свайго радаводу. Тады зазірніце ў гісторыю свайго народу. Многія яго старажытныя героі маглі быць вашымі далёкімі продкамі», — піша ў сваёй кнізе Юры Бандажэўскі.

Больш парадаў прафэсара Бандажэўскага — у аўдыёвэрсіі праграмы.

«Шліце як мага больш фотаў!»


Лічыцца, што ад усіх зробленых зь пяшчотай ды любоўю так званых hand-made падарункаў, або па-нашаму самаробкаў ідзе пазытыўная энэргетыка. Тое ж самае тычыцца і напісаных ад рукі добрых словаў.

“Нават, калі вы вельмі прызвычаіліся пісаць на кампутары, ліставацца з блізкімі людзьмі, якія апынуліся за кратамі, усё ж найлепш ад рукі”, – мяркуе праваабаронца "Плятформы", удава вязьня Алёна Красоўская-Касьпяровіч і, дарэчы. ня толькі яна. .

Вось некаторыя яе парады:

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч
«Цешце і зьдзіўляйце блізкіх, якія апынуліся за кратамі. Пішыце «шматсэрыйныя» лісты — уключыце фантазію! Вам тут гэта здаецца непатрэбным дзяцінствам, а там гэта паказчык таго, што пра асуджанага думаюць, імкнуцца яго пацешыць. Парада жонкам — адна кропля вашай парфумы на ліст, і асуджаны перанясецца думкамі да вас, дадому.

Шліце як мага больш фотаў! Асуджанаму цікава ўсё, што адбываецца з вамі і вакол вас, вось і фатаграфуйце! Гэтыя фоты рэальна пераносяць асуджаных у думках дадому, у ваша жыцьцё, і ствараюць ілюзію ўдзелу і прысутнасьці.

Заўсёды райцеся са сваім асуджаным блізкім, калі прымаеце рашэньні, пытайцеся ў яго парады ў любым пытаньні! Гэта стварае адчуваньне, што ён патрэбны і важны ў вашым жыцьці.

Асабліва напярэдадні сьвятаў вельмі добра дасылаць розныя паштоўкі, якія вы робіце з усёй любоўю ды ўласнымі рукамі. На паштоўку можна наклеіць фоты. Хай гэта будуць паштоўкі на тэму вашай падрыхтоўкі да сьвята, а ў звычайныя дні — нейкія іншыя сюжэты з вашага жыцьця: адпачынак, выпуск дзяцей са школы, гадавіна вясельля ды літаральна любая падзея, якая адбываецца ў вашым жыцьці. Можна рабіць паштоўкі-лісты, калі сама паштоўка нясе проста пазытыў і напамін пра тое, што вы разам зь сядзельцам, ён не адзін і вельмі некаму патрэбны. А ў самой паштоўцы пісаць проста ліст. Можна з працягам — адпраўляць у розных лістах. Чаканьне чарговай «сэрыі» ўносіць разнастайнасьць у манатоннае існаваньне за кратамі. У інтэрнэце багата малюнкаў і фотаў, іх можна выкарыстоўваць у любых спалучэньнях і зь любой нагоды. А сядзельцу заўсёды прыемна бачыць і разумець, што ён для некага важны і пра яго не забыліся, раз прыкладаюць пэўныя намаганьні, каб ня проста напісаць яму ліст, а зрабіць гэта з фантазіяй. І нават для навакольных сядзельцаў наяўнасьць такіх паштовак — заўсёды паказчык, што чалавека чакаюць і любяць, а гэта заўсёды паважаецца і нават выклікае некаторую зайздрасьць, бо не ўва ўсіх ёсьць сям’я і не пра ўсіх клапоцяцца (штопраўды, ня ўсе гэтага і заслугоўваюць)».

Самаробныя турэмныя паштоўкі


Напярэдадні сьвятаў парадаваць іншых імкнуцца і самі вязьні. Як Зьміцер Дашкевіч, некаторыя загадзя зьбіраюць прыгожыя паштоўкі, каб напісаць на іх шчырыя словы віншаваньня сваякам, блізкім, сябрам і нават зусім незнаёмым людзям. Некаторыя, як Мікола Дзядок, робяць паштоўкі ўласнымі рукамі, спрабуюць расьпісаць іх рознымі прыгожымі шрыфтамі і радуюцца, калі такія няхітрыя падарункі прыходзяць і да іх саміх у вязьніцу.

Паштоўкі, якія маладыя Лера і Мікола атрымалі ад сядзельцаў ПК-19
Паштоўкі, якія маладыя Лера і Мікола атрымалі ад сядзельцаў ПК-19
Міколава жонка Лера Хоціна ўзгадвае, што ўпершыню яны з мужам атрымалі такія самаробкі ў падарунак ад зьняволеных на вясельле, якое адбылося летась у верасьні ў ПК-19. Там тады сядзеў Мікола Дзядок.

«З таго часу ён сам спрабуе штосьці „скрэатывіць“, робіць сваімі рукамі нейкія паштоўкі, нейкі шрыфт выдумляе. Я вырашыла таксама — ня буду штосьці купляць, а паспрабую сама зрабіць…», — кажа Лера.

…Свой трэці турэмны Новы год палітвязень Мікола Дзядок сустракае ў чацьвёртай па ліку вязьніцы, палітвязень Зьміцер Дашкевіч — у восьмай. Установы, дзе яны цяпер адбываюць пакараньне — Магілёўская і Гарадзенская турмы-«крыткі» — у зэкаў лічацца як бы «канчатковым пунктам», далей за які, з гледзішча жорсткасьці ўмоваў утрыманьня і ўсіх мажлівых абмежаваньняў на кантакты з роднымі і перадачы, «ехаць ужо няма куды»…

У такіх умовах ліставаньне — адна з найвялікшых раскошаў для вязьня, сьведчаць Лера Хоціна і Наста Палажанка.


Плян-схема сядзібы ад Міколы Дзядка


Мікола Дзядок
Мікола Дзядок
Пасьля рэгістрацыі шлюбу Лера Хоціна сустракалася з мужам яшчэ двойчы. Апошняе працяглае спатканьне (два дні) адбылося сёлета ў лютым. На кароткія сустрэчы зь Міколам Дзядком (праз шкло) езьдзілі яго маці і бацька. Зь пераводам Міколы ў «крытку» магчымае толькі адно кароткае спатканьне ў год на ўсіх.

«Чакаю, засталося паўтэрміна. Добра, што пераваліла за гэтую мяжу. Зразумела, падобная сытуацыя для маладой сям’і вельмі штучная, — кажа Лера Хоціна. — Сустрэчы патрэбныя, каб бачыць, як чалавек мяняецца. Хаця паводле некаторых прыкметаў, з тэлефонных размоваў, а больш зь лістоў, я бачу, што ў ім нічога не зьмянілася. Мікола па-ранейшаму шмат марыць, пры любых абставінах будуе свае пляны. Прычым такія… незямныя.

Магчыма, для яго гэта нейкі штуршок да дзейнасьці, каб вырвацца ў думках з той сытуацыі. Таму разгон фантазіі яму вельмі дапамагае.

Вось у адным зь лістоў ён прапануе мне плян-схему сядзібы, „у якой мы разам будзем жыць“, і просіць, каб я „ўнесла туды свае папраўкі“ (пры канцы стаіць смайлік). Мікола намаляваў вялікі кавалак зямлі з хатай, куратнікамі, казьлятнікамі, градамі і г.д. У яго заўсёды былі жаданьні жыць ня ў горадзе, а ўдалечы ад цывілізацыі. Весьці там нейкую натуральную гаспадарку. Быць аўтаномным. Вырабляць уласную электрычнасьць. Думаю, гэта многіх цікавіць, асабліва анархістаў. Ён, як і я, разумее, што мы павінны быць разам. Нас па-ранейшаму шмат што зьвязвае. І ён, і я бачым наша жыцьцё разам. Хоць я, шчыра кажучы, усё ж хацела б жыць у горадзе, але, зразумела, таксама памарыла пра сядзібу. Напісала, што некаторыя дарожкі, напэўна, ня там будуць…»
Жонка палітвязьня Дзядка: «Я гатовая чакаць да канца»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:38 0:00

Лера: «Я вельмі люблю спампоўваць з такіх адмысловых сайтаў-матыватараў, дзе ёсьць карцінкі зь нейкім аптымістычным слоганам, які, як мне здаецца, настройвае чалавека, дапамагае яму. Мне асабіста падабаюцца слоганы кшталту: „Магчыма, тое, што ты лічыш канцом, насамрэч — пачатак“. Думаю, у турме гэта дапамагае. Не выключаю, што ў многіх там зьяўляецца нейкі комплекс віны: якую памылку я зрабіў, навошта, можна ж было б жыць як ўсе, і г.д… Я ж хачу, каб яны ня думалі так. Каб яны не лічылі сваю грамадзкую актыўнасьць памылковай, бо на гэта накіраваная сыстэма. А я не хачу, каб такія людзі выпраўляліся. Бо гэта не злачынства — думаць інакш і прыкладаць намаганьні, каб выправіць сьвет».

У гэтыя дні Лера Хоціна піша і робіць паштоўкі і свайму мужу, і іншым сябрам-палітвязьням.
Урывак зь ліста Міколы Дзядка жонцы
Урывак зь ліста Міколы Дзядка жонцы

«Нават самы кароткі ліст на волю шмат кажа пра вязьня»


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч
Палітвязень Зьміцер Дашкевіч, паводле словаў ягонай нявесты Насты Палажанкі, радуецца любому віншаваньню. У гарадзенскай «крытцы» ён сам у гэтыя дні пачаў патроху пісаць віншаваньні — тым, хто на волі, або, як і ён, за кратамі:

«У гэтыя дні ён з камэры імкнецца падзяліцца зь іншымі сваёй радасьцю, якой унутры ў яго досыць, нягледзячы на жорсткія ўмовы ўтрыманьня. У яго нямала тых, хто яму піша — некалькі сотняў чалавек. Адрасатаў становіцца ўсё болей і болей. Да ўсіх дабрацца, відаць, не атрымаецца. Але ведаю дакладна, што ён цэніць любое віншаваньне».

За час двухгадовага зьняволеньня Зьмітра Дашкевіча блізкія бачылі яго, бадай, толькі на пахаваньні маці. Бацька Зьмітра праз стан здароўя ня можа наведаць сына. Нявеста палітвязьня Наста не атрымала дазволу на сустрэчы, бо фармальна яна яму ня родная.

Палажанка: «Паводле закону я маю права на кароткае спатканьне. Аднак, як кажуць, страх у нашай краіне нашмат вышэйшы за закон. Дзякуй богу, застаюцца лісты. Празь іх мы перажываем самыя розныя падзеі. Мы абмяркоўваем у іх усё, што абмяркоўвалі дома. Першаснае, што я імкнуся абмяркоўваць зь Дзімам, — гэта пляны на будучыню, каб ён сам-насам не заставаўся б у тых сьценах. Важна, каб ён плянаваў на заўтрашні дзень нешта. Але Дзіма як вельмі разумны чалавек сам робіць усё, каб тыя турэмныя дні не былі страшнымі».

Наста Палажанка адзначае, што заўсёды піша лісты ад рукі.

«Калі пішаш ад рукі, таксама перадаеш яму часьцінку сябе, — кажа яна. — Мы добра разумеем почырк адно аднаго. Мы бачым, у якім настроі пішам гэтыя лісты. Лісты ад рукі — гэта бліжэй да сэрца».

Наста кажа, што акрамя лістоў ад жаніха, яна атрымлівае лісты ад незнаёмых ёй людзей, якія цягам гэтых двух гадоў сядзелі зь ім разам у самых розных калёніях. Людзі дзякуюць ёй за Дзіму і заклікаюць берагчы яго. Гэтыя лісты кранаюць сваёй шчырасьцю, і нават самыя кароткія зь іх шмат што могуць сказаць пра асобу вязьня і яго лёс. Сярод цалкам пісьменных лістоў шмат такіх, якія нібыта напісаныя вучнямі пачатковай школы. Ня дзіва, бо, трапіўшы за краты ў маладым веку, шмат хто зь вязьняў спыняецца ў інтэлектуальным разьвіцьці.

«Гэта нікога не хвалюе. І тут вінаватая не адміністрацыя асобнай калёніі, а сама сыстэма выпраўленьня і пакараньня. У нас нічога ня сьведчыць пра тое, што чалавекам займаюцца, каб ён ніколі не вярнуўся ў калёнію. Бо як можна выпраўляць з такой маленькай колькасьцю спатканьняў ды перадачаў?! Як на мяне — чым часьцей вязьні будуць бачыць сваіх блізкіх, тым менш яны будуць жадаць вяртацца назад. Людзі павінны мець магчымасьць атрымліваць адукацыю, авалодваць прафэсіямі, каб атрымліваць не мізэрныя грошы. Вязьні павінны імкнуцца зарабляць, каб адчуваць сябе годнымі людзьмі. Імі павінны займацца псыхолягі, сьвятары, прычым не адзін ці два на калёнію».

Адрасы, па якіх можна накіраваць навагоднія віншаваньні

Часу да сьвятаў засталося ўжо мала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG