Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам прапануюць бясплатна закадавацца


Арганізацыі аховы здароўя Беларусі прапануюць 14 і 15 сьнежня бясплатна закадавацца ад алькагольнай залежнасьці. Галоўны нарколяг чэргаў не прадбачыць.

Кадаваньне прадугледжана ў межах акцыі па прафіляктыцы п’янства «Прафіляктыка і ты», мэта якой — зьвярнуць увагу насельніцтва на нэгатыўныя наступствы спажываньня сьпіртных напояў.

Пра гэта паведаміў начальнік упраўленьня прафіляктыкі галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Каразей 13 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску. Паводле ягоных слоў, такая акцыя праводзіцца ў Беларусі ўпершыню.

Як паведаміў Каразей, 14 і 15 сьнежня падчас акцыі ў працоўных калектывах, установах адукацыі выступяць спэцыялісты. Яны раскажуць пра шкоду п’янства, якое часта становіцца прычынай супрацьпраўных паводзінаў. Будуць распаўсюджвацца інфармацыйныя матэрыялы пра тое, што трэба весьці здаровы лад жыцьця. Будуць таксама арганізаваныя выступленьні творчых калектываў.

Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Сяргей Осіпчык паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што ўсе ахвотныя бясплатна закадавацца ад алькагольнай залежнасьці могуць прыйсьці 14 і 15 сьнежня ў арганізацыі аховы здароўя наркалягічнага профілю. Пацыенты павінны папярэдне пазваніць у гэтыя мэдычныя ўстановы, каб дамовіцца пра час працэдуры. Ніякіх талёнчыкаў папярэдне браць ня трэба, кадаваньне павінна праходзіць без чаргі. Галоўны нарколяг Сяргей Осіпчык лічыць, што ўстановы аховы здароўя падрыхтаваныя да гэтай акцыі:
Кадаваньне робіцца на пэўны тэрмін. А далей чалавек сам вырашае — альбо зьняць код, альбо працягнуць яго


«Мы рассылалі плян дзеяньняў, і ўсе ўстановы аховы здароўя наркалягічнага профілю прынялі яго да выкананьня».

Што да таго, наколькі эфэктыўны мэтад кадаваньня, то Сяргей Осіпчык кажа, што ён дае шанец, а далей шмат што залежыць ад самога чалавека:

«Кадаваньне робіцца на пэўны тэрмін. А далей чалавек сам вырашае — альбо зьняць код, альбо працягнуць яго. Трэба зьвярнуцца да адмыслоўца».

Беларусь уваходзіць у дзясятку краін з найбольш высокім узроўнем спажываньня сьпіртных напояў на душу насельніцтва — 13,3 літра на душу насельніцтва ў год. Пры гэтым, паводле ацэнкі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, перавышэньне мяжы спажываньня алькаголю 8 літраў на душу насельніцтва ў год сьведчыць пра дэградацыю нацыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG