Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін казаў тое, што хоча чуць выбарнік»


11 сьнежня Ўладзімер Пуцін выступіў са штогадовым пасланьнем прэзыдэнта Расеі Фэдэральнаму сходу. Якія праблемы Пуцін вызначыў найважнейшымі для Расеі? Ці прапанаваў рэальныя шляхі іх вырашэньня? Чаму прэзыдэнт Расеі гэтак мала казаў пра замежную палітыку? Што азначае для Беларусі той факт, што Пуцін узгадаў у якасьці прыярытэту Эўразійскі зьвяз?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць: з Масквы — загадчык аддзелу палітыкі часопіса «Русский репортёр» Віктар Дзятліковіч, зь Менску — кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: «У сваім выступе перад Фэдэральным сходам Уладзімер Пуцін паабяцаў, што Расея ня прыйдзе да таталітарнага рэжыму: „У Расеі няма іншага шляху, акрамя дэмакратыі“. Якое ў вас у цэлым уражаньне ад гэтай прамовы новага-старога прэзыдэнта Расі? Ці адэкватна ён разумее праблемы, што стаяць перад Расеяй, і ці прапануе, на ваш погляд, рэальныя шляхі іх вырашэньня?»

«Паўстае пытаньне пра калясальны разрыў паміж словам і справай».


Віктар Дзятліковіч
Віктар Дзятліковіч
Дзятліковіч: «Я думаю, што ацэнка Пуціным сытуацыі ў краіне больш-менш адэкватная. Ніхто ж ня будзе спрачацца з тым, што эканоміцы Расеі патрэбная мадэрнізацыя, ніхто ня будзе спрачацца з тым, што трэба зьмяншаць узровень карупцыі і паляпшаць якасьць адукацыі. Пуцін у цэлым казаў пра тое, пра што хоча чуць звычайны расейскі выбарнік. Дарэчы, менавіта таму вельмі мала ў пасланьні казалася пра розныя міжнародныя тэмы.

Адзінае, што хацелася б заўважыць, — прэзыдэнт Расеі, як мне здаецца, быў занадта патрабавальны што да мэтаў, якія трэба дасягнуць у найбліжэйшыя гады, і занадта аптымістычны наконт магчымасьцяў. Гэта тычыцца й ідэі стварыць 25 мільёнаў новых месцаў, і задачы за 5 гадоў дасягнуць незалежнасьці па ўсіх відах харчаваньня і пачаць ягоны экспарт. Гэта фактычна малавыканальна. Такім чынам, Пуцін кажа пра правільныя мэты, але як іх дасягнуць, не раскрывае».

Цыганкоў: «Аляксандар, а якім вы ўбачылі сёньня прэзыдэнта Расеі? Ці гэта той самы палітык, які быў прэзыдэнтам 4 гады таму? Ці ён улічыў зьмены апошняга часу ў сьвеце і ў расейскім грамадзтве?»

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі: «Вядома, Пуцін мяняецца, „матае на вус“ і нейкія непрыемныя ўрокі, у тым ліку і рост пратэставай актыўнасьці ў Расеі. У адрозьненьне ад свайго беларускага калегі, Пуцін шмат і правільна кажа пра дэмакратыю — маўляў, няма іншага шляху, трэба разьвіваць плюралізм, усім партыям даваць аднолькавы доступ да мэдыяў і гэтак далей.

Тэзы нібыта правільныя, як, дарэчы, і іншыя — пра мадэрнізацыю, дэмаграфію, барацьбу з карупцыяй — але паўстае пытаньне пра калясальны разрыў паміж словам і справай. І Лукашэнка кажа пра мадэрнізацыю, але тутака ж выдае дэкрэт, які называюць фактычным увядзеньнем рабаўладальніцтва. Так і ў Расеі — Пуцін кажа пра дэмакратыю, а тандэм перапасоўвае ўладу, рэпрэсіўнае заканадаўства ўзмацняецца, мацнее аўтарытарызм, карупцыя. Відавочна, што Расея ня мае палітычнай волі, каб вырвацца з гэтай багны».

Цыганкоў: «Пуцін падчас пасланьня вельмі мала казаў пра замежную палітыку, і адна з нямногіх тэмаў, якія ён узгадаў, гэта ўтварэньне Эўразійскага Саюзу. Ці азначае гэта, што гэта сапраўды прыярытэт для Расеі, і што тады гэта азначае для Беларусі?»

«Пакуль такі прыярытэт захоўваецца, беларускія ўлады могуць разьлічваць на пэўныя прэфэрэнцыі»


Дзятліковіч: «Я думаю, цалкам лягічна Пуцін засяродзіўся менавіта на ўнутранай палітыцы, бо апошнія гады ўвага расейскага грамадзтва была засяроджана фактычна выключна на ўнутрырасейскіх праблемах. Шараговага грамадзяніна значна больш цікавіць узровень пэнсіяў, тарыфаў, інфляцыя, чым сытуацыя ў Лібіі, Сірыі ці нават Мытны Саюз Расеі, Беларусі й Казахстана.

Сапраўды, як вы адзначылі, адзінае, што Пуцін узгадаў — гэта Эўразійскі Зьвяз. Я б успрымаў гэта як абавязковую даніну інтэграцыі, безь якой не абыходзіцца ніводнае пасланьне расейскіх прэзыдэнтаў ад Ельцына да цяперашняга Пуціна. Інтэграцыя ў постсавецкіх межах застаецца прыярытэтам у замежнай палітыцы любога расейскага прэзыдэнта, у гэтым няма нічога дзіўнага.

І пакуль такі прыярытэт захоўваецца, беларускія ўлады могуць разьлічваць на пэўныя прэфэрэнцыі — эканамічныя, фінансавыя».

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: «Аляксандар, што ўзгадка Пуціным Эўразійскага Зьвязу азначае для Беларусі?»

Класкоўскі: «Я мяркую, гэта быў проста рытуальны пасаж. Тут не было імпэту, драйву. Мне ўвогуле здаецца, што Пуцін да прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля іх — вельмі розныя людзі, што тычыцца рыторыкі. Перад выбарамі Пуцін быў вельмі агрэсіўным у дачыненьні да Захаду і вельмі моцна прапагандаваў Эўразійскі Зьвяз. Але, магчыма, прыйшло разуменьне, што ў расейскім грамадзтве вялікадзяржаўныя амбіцыі ўжо ня маюць такога рэзанансу, і таму Пуцін сканцэнтраваўся на тым, кажучы словамі Салжаніцына, „як нам уладкаваць Расею“.

Магчыма, Пуцін зразумеў, што і Назарбаеў і Лукашэнка будуць упірацца рогам і супраціўляцца палітычнай інтэграцыі».

Дзятліковіч: «Я тут не пагаджуся з адным тэзісам. Жывучы ў Маскве, мне падаецца, што вялікадзяржаўныя настроі ў расейскім грамадзтве толькі ўзрастаюць. Проста зараз такі момант у Пуціна, калі змаганьне з унутранымі ворагамі, апазыцыяй яму больш важнае, чым антыамэрыканізм, змаганьне з замежнымі ворагамі. Таму так і быў пабудаваны ягоны выступ».

Класкоўскі: «Тое, што вялікадзяржаўныя амбіцыі нікуды не падзеліся — у гэтым сэнсе была паказальная фраза Пуціна пра тысячагадовую гісторыю Расеі. Зразумела, што ніякай Расеі тысячу гадоў таму не было, але гэты вялікадзяржаўны комплекс прысутнічае. І гэта стварае небясьпеку таго, што пад прыстойнымі эканамічнымі шыльдамі зноў будуць так ці іначай з Масквы ладзіць „зьбіраньне земляў“, якое пагражае беларускаму сувэрэнітэту».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG