У Эўропе ўпершыню адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня 226 гадоў таму — гэта было ў Тасканскім княстве. Але той прыклад быў падхоплены не адразу. У 19-м стагодзьдзі зь яго рэвалюцыямі і войнамі, а потым да сярэдзіны 20-га стагодзьдзя, асабліва ў часы дзьвюх усясьветных войнаў, сьмяротнае пакараньне ўжывалася паўсюль, і то часта. Але зараз у аб’яднанай Эўропе няма краіны, дзе сьмяротнае пакараньне хаця б засталося ў нацыянальным заканадаўстве. Шмат хто з краін-суседзяў Эўразьвязу ня выключыў гэтую меру пакараньня з кодэксу, але ўвёў на яе мараторый, як Расея. У Беларусі ідзе толькі паступовае скарачэньне колькасьці сьмяротных прысудаў, але зусім ад такой кары не адмовіліся. Прыкладам, пік сьмяротных пакараньняў у незалежнай Беларусі прыпаў на 1998 год, калі было выканана 45 такіх прысудаў. Менш за ўсё — 1 сьмяротны прысуд — быў выкананы ў 2009 годзе. За мінулыя 3 гады пакаралі сьмерцю яшчэ сама меней 7 чалавек. «Сама меней» кажуць праваабаронцы, бо ня ўпэўненыя ў статыстыцы, якую ўдаецца атрымаць ад судоў і міліцыі. Тацяна Равяка зь «Вясны» распавяла пра асуджанага на сьмерць у 2010 годзе Ігара Мяліка. Паводле некаторых дадзеных, прысуд яму выканалі сёлета ў лютым, але афіцыйных зьвестак не даюць:
«У Вярхоўным судзе ня кажуць „так“ ці „не“ наконт выкананьня прысуду. Адсылаюць да Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, але і там нічога ня кажуць. Ні мы і ніхто ў грамадзтве ня ведае, жывы гэты чалавек ці не жывы. А са сваякамі сувязь зь лютага абарвалася. Але ў нас адчуваньне, што прысуд выкананы, таму сваякі і перасталі кантактаваць».
30 лістапада — роўна год, як у Вярхоўным судзе скончыўся працэс па справе аб выбуху ў менскім мэтро ў красавіку 2011 году. Вінаватымі ў гібелі людзей прызналі жыхароў Віцебску Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, якіх прысудзілі да сьмяротнага пакараньня. Прысуд быў прыведзены ў выкананьне сёлета ў сакавіку. Маці Ўладзіслава Кавалёва, якая ніколі ня верыла ў віну сына, яшчэ перад працэсам пачала змаганьне за адмену ў Беларусі сьмяротнага пакараньня. Любоў Кавалёва працягвае гэтае змаганьне і зараз, калі яе сына ўжо не вярнуць.
«Канечне, працягваем і зараз. Пэтыцыя разьмешчаная на сайце. Людзі, якія падтрымліваюць мяне і якія разумеюць, што ў выніку такіх заказных судоў могуць пакараць сьмерцю невінаватых, могуць падпісваць і падтрымліваць нас і далей».
Паводле Любові Кавалёвай, пад яе пэтыцыяй за адмену сьмяротнай кары падпісалася болей за 60 тысяч чалавек. Дзіўна, але шмат людзей увогуле ня вераць, што сьмяротная кара яе сыну насамрэч выкананая, дзеліцца назіраньнямі Любоў Кавалёва. Ці зьмяніліся настроі ў грамадзтве адносна сьмяротнай кары?
Рэфэрэндум, на якім 80 працэнтаў беларусаў выказалася за захаваньне пакараньня сьмерцю, адбыўся яшчэ ў 1996 годзе і, на думку палітолягаў, быў у значнай ступені палітызаваны. Шмат хто зараз лічыць, што сёньня на падобным рэфэрэндуме вынік быў бы іншы. Праваабаронцы і апазыцыйныя палітыкі змагаюцца за адмену сьмяротнага пакараньня праз агітацыю. Які вынік?
Былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў нядаўна разам з праваабаронцамі зьняўся ў відэароліку, у якім агітуюць за адмену сьмяротнага пакараньня. Уладзімер Някляеў прызнае, што гэтае пытаньне вельмі глыбокае і каб яго вырашыць, найперш патрэбная палітычная воля:
«Саветызм выхоўваў у людзях бязьлітаснасьць да ворагаў сацыялістычнай ідэі. 20-я, 30-я, ваенныя гады былі часам бескампраміснай барацьбы з ворагамі, пра якіх лічылася, што іх трэба зьнішчаць. Гэта віталася грамадзтвам і зараз уплывае на сьвядомасьць сучасных людзей. Але ня толькі гэта. Сьмяротнае пакараньне — гэта яшчэ праблема хрысьціянская, пытаньне веры, любові, спагады. На жаль, і гэта таксама абумоўлена гістарычнымі прычынамі, наша грамадзтва сёньня ня ёсьць хрысьціянскім. Хоць будуюцца храмы, але краіна застаецца больш паганскай, а паганства не засяроджваецца на такіх пытаньнях, як каштоўнасьць чалавечага жыцьця. Вось гэта ўсё дазваляе сёньняшняй уладзе дэкляраваць, што ёсьць такія злыдні, якіх мы павінны караць сьмяротным пакараньнем».
У канцы 2010-х гадоў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 4-га скліканьня была створаная працоўная група па вывучэньні грамадзкай думкі адносна праблемы сьмяротнага пакараньня. Пра вынікі працы гэтай групы грамадзкасьці амаль нічога не вядома. Ці будзе гэтая праца працягнутая ў новым, 5-м складзе Палаты прадстаўнікоў, назіральнікі прагназаваць не бяруцца.