Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арлоў: Расея ніколі не была айчынай для нашых продкаў


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

У Менску 23–24 лістапада ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце пройдзе міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Вайна 1812 году і Беларусь».

Яна арганізаваная ўладамі краіны. У канфэрэнцыі возьмуць удзел навукоўцы зь Беларусі, Расеі, Францыі, Італіі, Украіны, Польшчы, а таксама прадстаўнікі расейскай амбасады ў Беларусі.

Прадстаўнікі Акадэміі навук Беларусі і беларускіх ВНУ маюць намер абгрунтаваць непрымальнасьць выкарыстаньня ў афіцыйнай гістарыяграфіі тэрміну «Айчынная вайна 1812 году». Раней Інстытут гісторыі НАН Беларусі прыйшоў да высновы, што выкарыстаньне тэрміну «Айчынная вайна 1812 году» ўяўляецца неабгрунтаваным у афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў заявіў «Свабодзе», што вітае гэты крок беларускіх навукоўцаў, бо гэтая вайна не была «айчыннай» для беларусаў:

«Мне здаецца, нейкія рашэньні на гэту тэму ўжо прымаліся. Бо калі мы зазірнём у некаторыя энцыкляпэдычныя даведнікі, там фігуруе „вайна 1812 году“.

Увогуле, калі зьвярнуцца да саміх падзей, то натуральна, што гэтая вайна не была айчыннай для нашых земляў. Бо якраз шырокія колы тагачаснага грамадзтва, літвінскага, грамадзтва былога Вялікага Княства Літоўскага, якое зусім нядаўна было інкарпаравана ў склад Расейскай імпэрыі, зьвязвалі з Напалеонам надзеі на аднаўленьне незалежнасьці. І як найменш 25 тысяч нашых суайчыньнікаў служылі ў „Вялікай арміі“ Напалеона. А сяляне мелі свае надзеі, зьвязаныя з Напалеонам. Яны спадзяваліся, што, гэтаксама як і ў Польшчы, ён скасуе прыгоннае права на нашых землях.

На жаль, гэтым ілюзіям не дадзена было зьдзейсьніцца. Але, тым ня менш, ВКЛ было адноўлена, быў створаны ўрад. Хай усяго толькі на некалькі месяцаў.

Гэтая вайна, як мы бачым, зусім не была айчыннай, як для Расеі. Але яна мела пэўныя прыкметы грамадзянскай вайны. Бо ў расейскай арміі служылі на той час, па некаторых ацэнках, да ста тысяч рэкрутаў з нашых земляў, якія вельмі часта як бы ваявалі супраць сваіх братоў.

Расея не была айчынай для нашых продкаў. Гэтаксама як і для сучасьнікаў. І я спадзяюся, што яна ніколі ня стане айчынай. Айчынай было ВКЛ».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG