Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая газэта – пра лёс беларускай літаратуры


Швэдзкая газэта Dagens Nyheter падрыхтавала падборку зь сямі тэкстаў пра цяперашнюю сытуацыю беларускай літаратуры. Падборка прымеркаваная да сёньняшняга Дня пісьменьніка ў зьняволеньні.

Падборка адкрываецца тэкстам амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана, які паведамляе швэдам некаторыя факты зь гісторыі і сучаснасьці беларускай літаратуры (расстрэл 103 літаратараў і прадстаўнікоў культуры 30 кастрычніка 1937-га ды перасьлед беларускай культуры ў 1930-х; спробу судовай ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў у 2006; зьбіцьцё і затрыманьне Ўладзімера Някляева ў сьнежні 2010; справу праваабаронцы Алеся Бяляцкага).

Шэсьць астатніх тэкстаў напісалі аўтары зь Беларусі: журналіст Антон Кашлікаў зь інтэрнэтнага выданьня «34mag»; перакладчыца і адзін з рэдактараў інтэрнэтнага часопісу «Прайдзісьвет» Юлія Цімафеева; блогер Яўген Ліпковіч; журналістка і аўтар Радыё Свабода Аляксандра Дынько; пісьменьнік, журналіст і аўтар Радыё Свабода Віктар Марціновіч; пісьменьніца і літаратурны крытык Марыя Мартысевіч.

Антон Кашлікаў піша пра агульную сытуацыю СМІ ў Беларусі і пра спробы рабіць цікавую для чытача незалежную журналістыку ў інтэрнэце, падаючы як прыклад выданьне «34mag».

Юлія Цімафеева тлумачыць швэдзкім чытачам, што адной з найбольшых праблемаў сучаснай беларускай літаратуры зьяўляецца адсутнасьць масавага чытача. «У такой сытуацыі аўтары пачынаюць пісаць для сябе. А іх асноўнымі чытачамі выступаюць тыя самыя беларускамоўныя пісьменьнікі... Пры ацэнцы якасьці мастацкіх твораў аўтарытэт пісьменьніка часьцяком падмяняе яго мастацкую вартасьць. У такіх умовах чытач не народзіцца» – падсумоўвае Цімафеева.

Яўген Ліпковіч прадстаўляе справу свайго пратэсту супраць кнігі Мікалая Чаргінца «Таямніцы авальнага кабінэта», у якой ён быў аштрафаваны за публічнае спальваньне кнігі ў Менску.

Аляксандра Дынько піша пра змаганьне афіцыйнай беларускай прапаганды зь незалежнай думкай у агульнасьці і пра перасьлед часопісу «Архэ» ў прыватнасьці.

Віктар Марціновіч апісвае допыт у КДБ у сувязі з арыштам свайго сябра пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Марыя Мартысевіч падсумоўвае сытуацыю ў Беларусі прыпавесьцю пра трубу ў кватэры савецкага часу, якая вытыркае са сьцяны і якой ніхто ня ў змозе ні схаваць, ні зьмяніць.

Публікацыя гэтых тэкстаў пра лёс беларускай літаратуры адбылася дзякуючы спрыяньню швэдзкага ПЭН-Цэнтру, які выступіў з такой ідэяй да рэдакцыі Dagens Nyheter.

Аўтар і перакладчык Дзьмітры Плакс – сябра швэдзкага ПЭН-Цэнтру, у якім ён уваходзіць у Камітэт па пытаньнях пісьменьнікаў у зьняволеньні – сказаў нашаму радыё:

Дзьмітры Плакс
Дзьмітры Плакс
«Гэтая акцыя якраз прысьвечаная Дню пісьменьніка ў зьняволеньні, які адзначаецца сёньня, 15 лістапада. Калі такая ідэя паўстала, дык было натуральна, што я дапамог знайсьці розных аўтараў, якія маглі б напісаць пра сытуацыю ў Беларусі са свайго пункту гледжаньня».

Дзьмітры Плакс сказаў таксама, што ў Швэцыі апошнім часам зьявілася некалькі перакладаў зь беларускай літаратуры. Аднак, акрамя перакладаў, якія робіць ён сам зь беларускай на швэдзкую, іншыя пераклады былі зробленыя з расейскай мовы або, як у выпадку зборніка вершаў Вальжыны Морт, з ангельскай. Магчыма, дадаў спадар Плакс, у Швэцыі неўзабаве зьявіцца перакладчык, які будзе ў змозе перакладаць наўпрост зь беларускай. Ягонае прозьвішча – Нілс Хокансан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG