Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта аплявуха чэкістам і па адной, і па другой шчацэ»


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску
Дзяржсакратар Савету бясьпекі Леанід Мальцаў прызначаны выканаўцам абавязкаў старшыні КДБ. 9 лістапада з гэтай пасады кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку Вадзіма Зайцава, які кіраваў КДБ зь 2008 году. Што паўплывала на вызваленьне генэрал-лейтэнанта Зайцава ад займанай пасады і чаму прызначаны Мальцаў?

Пра адстаўку Вадзіма Зайцава паведаміў Леанід Мальцаў. Маўляў, адна з прычынаў — гэта самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака і шэраг іншых пытаньняў, якія патрабуюць стараннага расьсьледаваньня. Падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Сяргей Аніська адзначыў у інтэрвію «Свабодзе», што Зайцава могуць вярнуць, бо ён сябруе з сынам Аляксандра Лукашэнкі і валодае вялікім пластом спэцыфічнай інфармацыі. Але могуць і зьліць, кажа Аніська:

«Тут адбылася гэта падзея з самазабойствам ці забойствам Казака. Пра гэта, я думаю, кіраўніцтва не даклала. Чаму гэтая інфармацыя вылезла на такі высокі ўзровень? КДБ старанна хавала гэту інфармацыю. І дзякуючы сайтам усё гэта вылезла на паверхню. А гісторыя цёмная. Там трэба разьбірацца, бо пасада яго была цікавая. Ён курыраваў Менскі раён. І зямельныя пытаньні. Там многа чаго магло быць. А потым добразычліўцы данесьлі да Аляксандра Рыгоравіча, што, маўляў, страляюцца там. Не па мішэнях, а ў сябе. Напэўна, з пэўнай фарбай падалі гэту інфармацыю. І ён вырашыў разабрацца. А інфармацыя ўсё роўна вылезе. І мы хутка даведаемся што было насамрэч з Казаком».

У тым, што зьнялі з пасады старшыні КДБ Зайцава, Сяргей Аніська ня бачыць нічога незвычайнага. А як ён ставіцца да таго, што абавязкі кіраўніка КДБ выконвае Леанід Мальцаў?
Ніводнаму намесьніку старшыні КДБ не даверылі выконваць абавязкі Зайцава. Значыць — ня вераць

«Гэта, канечне, аплявуха чэкістам і па адной, і па другой шчацэ. То бок ніводнаму намесьніку старшыні КДБ не даверылі выконваць абавязкі Зайцава. Значыць — ня вераць. А значыць, яны баяцца, што КДБ паспрабуе схаваць нейкія сьляды цёмнай гісторыі з Казаком. Мальцаў — чалавек збоку, які ня мае адносінаў наогул да спэцслужбы, раптам ён будзе кіраваць. Канечне, нічым там Мальцаў ня будзе кіраваць».

Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб мяркуе, што прызначэньне Мальцава сьведчыць пра тое, што існуюць падазрэньні больш сур’ёзныя, чым тыя, пра якія кажуць адкрыта.

«Мальцаў — былы міністар абароны. У свой час быў зьняты з пасады міністра за тое, што на ўрачыстасьцях ён быў нецьвярозы. Потым быў памілаваны, зноў прыцягнуты на пасаду міністра абароны. Потым стаў дзяржсакратаром Савету бясьпекі. Лукашэнка давярае Мальцаву, але не давярае нікому з кіраўнікоў дзяржбясьпекі».

Спадар Грыб згадвае, што менавіта пры Зайцаву арыштавалі і судзілі сьледчую па асабліва важных справах Генпракуратуры Сьвятлану Байкову. А таксама трапілі пад перасьлед чыноўнікі Міністэрства ўнутраных спраў. Таксама Зайцаў змагаўся з апазыцыяй:
Ён кіраваў затрыманьнямі, правядзеньнем сьледзтва па справе 19 сьнежня 2010 году. Сам дапытваў на допытах


«Ён кіраваў затрыманьнямі, правядзеньнем сьледзтва па справе 19 сьнежня 2010 году. Сам дапытваў на допытах. Саньнікаву ён вусна пагражаў, што калі ты не раскажаш, то на май на ўвазе, мы зробім з жонкай, і сына адымем у цябе, і так далей. Гэта Саньнікаў распавядаў».

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў бачыць дзьве прычыны ў адстаўцы Зайцава. Гэта ўнутрывідавая барацьба: у КДБ ня любяць прышлых. Хаця Зайцаў і апекаваўся сынам Лукашэнкі ў памежных войсках.

«Другая — плошча. Многія папракаюць апазыцыю, што яна не была падрыхтаваная да плошчы належным чынам. Так, я згодны. Але яшчэ меней была падрыхтаваная да плошчы ўлада. І калі б не мароз, які выратаваў Лукашэнку, як Сталіна пад Масквой, то невядома, ці застаўся б ён у сваёй рэзыдэнцыі. Але хоць Зайцаў і адпраўлены ў адстаўку, я не сьпяшаўся б ставіць крыж на яго кар’еры. Ёсьць шмат прыкладаў, з тым жа генэралам Мальцавым, якога Лукашэнка публічна з ганьбай проста выгнаў з арміі. А цяпер генэрал Мальцаў хто? Але цяпер гэты генэрал Мальцаў цалкам абавязаны за ўсё толькі Лукашэнку. І будзе каля нагі. Гэтаксама каля нагі можа аказацца і генэрал Зайцаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG