Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сышоў сёмы старшыня КДБ. Ці назаўсёды?


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка адправіў у адстаўку старшыню КДБ Вадзіма Зайцава. Паводле афіцыйных паведамленьняў, адной з нагодаў стала самазабойства падпалкоўніка КДБ. Выконваць абавязкі старшыні КДБ даручана Леаніду Мальцаву.

Пра чарговы кадравы ператрус паведаміў дзяржсакратар Саветe бясьпекі Леанід Мальцаў пасьля нарады ў кіраўніка краіны. Паводле Мальцава, генпракурор і старшыня Сьледчага камітэту паставілі шэраг пытаньняў, якія тычыліся апошніх падзей, зьвязаных з КДБ. У тым ліку пра самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака. Усе гэтыя пытаньні патрабуюць уважлівага расьсьледаваньня. Таму Лукашэнка вызваліў Зайцава ад пасады старшыні КДБ і залічыў яго ў распараджэньне старшыні КДБ. Мальцаў, які цяпер выконвае абавязкі старшыні, сказаў, што Зайцаў пасьля завяршэньня расьсьледаваньня можа вярнуцца на гэтую пасаду. Але гэта будзе залежаць ад вынікаў гэтага расьсьледаваньня, якое будзе праводзіць генпракурор і Сьледчы камітэт.

Зайцаў — гэта ўжо сёмы старшыня КДБ адпраўлены ў адстаўку за час прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Тое, што Лукашэнка так часта іх мяняе, паводле экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, азначае, што кіраўнік дзяржавы бачыць пагрозу для сябе знутры:

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
«Галоўная пагроза адкуль можа сыходзіць? Пагроза ўнутраная, якая можа прывесьці да непажаданых і нечаканых момантаў. А хто гэта можа зрабіць? Толькі тыя, хто валодае спэцсродкамі й нейкімі спэцведамі. Адкуль пагроза яго ўладзе можа сыходзіць? Найперш знутры».

Казулін адзначае, што трэба дачакацца, чым скончыцца аб’яўленае расьсьледаваньне:

«І Мальцаў жа заявіў, што трэба пачакаць, чым гэта ўсё скончыцца. Як быццам пакідае такую магчымасьць, што Зайцаў можа застацца на пасадзе. У нашай краіне магчыма ўсё. Тым больш, што Зайцаў — гэта вельмі набліжаная асоба».

Былы вайсковы контравыведнік, падпалкоўнік КДБ Валер Костка лічыць, што карані адставак сілавікоў і магчымая адстаўка прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча закладзены ў самой палітычнай сыстэме, якая ўступае ў супрацьстаяньне з правамі і аб’ектыўнымі законамі, з Канстытуцыяй.

Але адна з прычынаў, якую называюць афіцыйна, — самазабойства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака, якое доўга хавалі і не пацьвярджалі мэдыям у КДБ. Паводле спадара Косткі, падставай для адстаўкі можа быць усё, што заўгодна:

Валер Костка
Валер Костка
«Можа быць Казак, могуць быць нейкія разборкі, сутыкненьне зь іншымі структурамі. Гэта фармальная нагода, каб зьняць з пасады. Але карані ляжаць у самой палітычнай сыстэме. І ніводзін зь сілавікоў наогул за 18 гадоў не пайшоў са сваёй пасады прыстойна, з павагай. Усе сыходзілі ў лепшым выпадку так — хуценька сабраўшы свае манаткі. І хто ў Маскву, хто яшчэ куды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG