Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скончылася галасаваньне ў палове штатаў


У 4.00 паводле беларускага часу зачыніліся выбарчыя ўчасткі на выбарах прэзыдэнта ЗША ў 17 штатах, у тым ліку ў «нявызначаных» штатах – Флорыдзе, Пэнсыльваніі і Нью-Гэмпшыры.

Перадвыбарчыя апытаньні ў гэтых штатах паказвалі прыблізную раўнавагу ў падтрымцы кандыдата Дэмакратаў, дзейнага прэзыдэнта Барака Абамы і кандыдата Рэспубліканцаў, Міта Ромні.

МАПА ВЫНІКАЎ ВЫБАРАЎ (АБНАЎЛЯЕЦЦА)

Разам гэтыя тры штаты маюць больш за 50 галасоў электараў, і могуць вызначыць пераможцу на выбарах, якому трэба 270 галасоў электараў.

Раней, у 3.30 зачыніліся выбарчыя ўчасткі на выбарах прэзыдэнта ЗША ў трох штатах – Заходняй Вірджыніі, якая традыцыйна падтрымлівае Рэспубліканцаў, і ў двух «нявызначаных» штатах: Паўночнай Караліне і Агаё.

Яшчэ раней, у 3.00 паводле беларускага часу, зачыніліся ўчасткі яшчэ ў шасьці штатах – Джорджыі, Індыяне, Кентакі, Паўднёвай Караліне, Вэрмоньце і Вірджыніі.

У першых чатырох штатах апытаньні паказвалі перавагу Ромні, у Вэрмоньце – Абамы, а ў Вірджыніі прыблізную раўнавагу.

У шэрагу штатаў, у тым ліку Пэнсыльваніі і Флорыдзе, былі скаргі на тое, што выбарцам даводзілася стаяць у доўгіх чэргах, каб прагаласаваць.\

Электаральная калегія


Прэзыдэнт ЗША абіраецца не ўсенародным галасаваньнем, а ў выніку набраньня як найменей 270 з 538 галасоў прадстаўнікоў Электаральнай калегіі (электараў). Гэтая сыстэма была распрацаваная больш чым два стагодзьдзі таму аўтарамі Канстытуцыі ў якасьці кампрамісу паміж прыхільнікамі наўпроставага галасаваньня і тымі, хто хацеў, каб кіраўніка дзяржавы абіраў Кангрэс. Колькасьць электараў у кожным штаце роўная колькасьці дэпутатаў ад гэтага штату ў Кангрэсе, якая залежыць ад колькасьці насельніцтва ў штаце. Густанаселеная Каліфорнія мае 55 кангрэсмэнаў, адпаведна мае ў Калегіі 55 электараў. Рэдказаселеная Аляска мае ў Кангрэсе 3 прадстаўнікоў, а значыць усяго трох чалавек у Электаральнай калегіі. Амаль ва ўсіх штатах кандыдат, які набярэ бальшыню галасоў на ўсенародным галасаваньні, атрымае ўсе галасы электараў у дадзеным штаце. Электаральная калегія – рэч супярэчлівая, бо пры гэтай сыстэме прэзыдэнтам можа стаць кандыдат, які ва ўсенародным галасаваньні зойме другое месца. Гэтак здарылася ў 2000 годзе, калі Эл Гор набраў найбольш галасоў ва ўсенародным галасаваньні, аднак ня меў большасьці галасоў Электаральнай калегіі. Пераможцам быў абвешчаны Джордж Буш, які набраў 271 голас электараў, супраць 266 галасоў, адданых за Гора.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG