Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі Сідорскі!


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Гэта я да чарговых спробаў пошуку адзінай альтэрнатывы на прэзыдэнцкія выбары 2015 году.

Працэс, як казаў незабыўны Міхаіл Сяргеевіч, пайшоў, напрыклад, палымяныя піліпікі Зянона Пазьняка – менавіта пра гэта і да гэтага.

Але, паклаўшы руку на сэрца, скажыце, ці можна чакаць ад самага ідэальнага выбару ў апазыцыйным коле нечага, адрознага ад таго, што было ў 2006 годзе? Ну быў адзіны – кумір апазыцыйнай публікі. Ці меў ён шанцы перамагчы? Не.

Ды і досьвед усіх удалых «каляровых» рэвалюцый на постсавецкай прасторы паказвае, што яны былі нічым іншым, як унутрынамэнклятурным пераваротам, аформленым пад электаральную рэвалюцыю. Рэвалюцыі таксама былі, але без расколу эліты не было б нічога і там, былі б свае жахлівыя 7,5 хвілінаў, як у Менску 19 сьнежня 2010 году. Што да вызначэньняў, то пад элітай маюцца на ўвазе ня тыя, хто лічыць сябе ёй, а тыя, хто зьяўляецца ёй сацыялягічна – гэта значыць, начальства.

Хто такія былі Юшчанка і Цімашэнка? Былыя прэм'ер і віцэ-прэм'ер Кучмы. Хто такія былі Саакашвілі і Жванія – былыя міністар юстыцыі і былы генэральны сакратар партыі Шэварнадзэ. Хто такі быў Бакіеў? Былы прэм'ер Акаева. Так і ніяк інакш.

Калі ў 2011 годзе я браў інтэрвію ў Віталя Рымашэўскага, які толькі выйшаў з-за кратаў, то спытаў у яго, на што разьлічвалі лідэры Плошчы-2010 – што АМАП разьбяжыцца, а яго кіраўнік прызнае ўрад нацыянальнага выратаваньня? Вы лічыце мяне дурнем? – спытаў у адказ Рымашэўскі. Не хацелася крыўдзіць чалавека, які толькі выйшаў з засьценку, але лічыць дурнямі не выпадала б якраз людзей, якія мелі падставы разьлічваць менавіта на нешта падобнае. Прынамсі ва ўсіх «каляровых» рэвалюцыях яно было дакладна так. Але гэта магчыма пры зусім іншых лідэрах Плошчы. Ці наагул бяз Плошчы.

У электаральным сэнсе самымі ўдалымі выбарамі ў Беларусі ў гэтым стагодзьдзі былі самыя першыя – у 2001 годзе. Можа, постаць спадара Ганчарыка многім падавалася і падаецца маланатхняльнай, але выбары праводзяцца не адно сярод наведнікаў прагрэсіўных сайтаў. А сярод насельніцтва, як гэта ні дзіўна для некаторых, Уладзімер Ганчарык паказаў найлепшы вынік параўнальна ня толькі з кандыдатамі 2010 году, але і з Казуліным і Мілінкевічам у 2006 годзе. Прычым, і паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, і паводле апытаньняў незалежных сацыялягічных цэнтраў.

Чаму? Ну таму. Таму што клясычны апазыцыйны электарат прагаласаваў за яго, можа і скрыгочучы зубамі, але прагаласавалі і іншыя, тыя, для каго і Саньнікаў, і Някляеў, і Статкевіч, і Мілінкевіч, і нават Казулін – ня проста не свае, а марсіяне. А Ганчарык – не.

Але затое тады не было Плошчы – скажа крытычны чытач. Так, а потым была. І што прынесла?

А чым кепскі Сідорскі? На час ягонага прэм'ерства прыпалі залатыя дзянькі беларускага праспэрыці. Дык гэта ж за кошт падступнай «шчодрасьці» імпэрскай Расеі. А гэта – ізноў жа для наведнікаў надта разумных сайтаў. А для электарату – пры ім, значыць, дзякуючы яму. І яшчэ – як Сідорскі сышоў, так крызіс і абрынуўся. А пры ім жа не было. Ёсьць яму і што адказаць на пытаньне – а хто ты такі, чым ты займаўся, з чаго вынікае, што здолееш кіраваць? Дык кіраваў ужо. І някепска. Ну і зь сябе не карузьлік нейкі, не інтэлігент у капелюшы.

І з Масквой стасункі кандыдата будуць будавацца ў зусім іншым ракурсе, для Пуціна Сідорскі – зусім ня чорцік з табакеркі. А самае галоўнае – для народа і начальства гэта нешта нармальнае, не катастрафічнае. Сідорскі ўсё зламае, усіх перарэжа, чыноўнікаў на кол пасадзіць, Захаду ўсё прадасьць? Сьмешна, ды вы на яго паглядзіце: ён і такія жахі – гэта ж несумяшчальна. Усё будзе добра, як пры «бацьку», але значна лепш. І па справядлівасьці.

Можна прыгадаць і тое, што на Плошчу-2010 апазыцыянэры ішлі на перамовы менавіта зь Сідорскім. Мо ён пра тое ня ведаў і нічога такога ня думаў. А мо нешта ведаў і нават думаў. І нават плянаваў. Ішлі ж чамусьці.

Ну і нарэшце нелюбімыя многімі зараз лічбачкі апытаньняў: паводле закрытага рэйтынгу апошняга апытаньня НІСЭПД героі мінулай кампаніі Саньнікаў – 6,1%, Някляеў – 5,3%, наш герой Сідорскі – 5%. Сувымерна і як стартавая пазыцыя зусім няблага.

Іншая справа, што можа сам спадар Сідорскі пра такое – ні сном ні духам. І дзякуй мне за гэты опус ня скажа. Як у анэкдоце – Сарачка згодная, засталося ўгаварыць Ракфэлера. І зусім невідавочна, хто тут Сарачка, а хто Ракфэлер.
Хаця і не пра Сідорскага асабіста насамрэч гаворка. А можа Макей, а можа Снапкоў, а можа... Словам, Сідорскі ці хто іншы – але калі зьявіцца такі, постаць такога тыпу, які рызыкне, уступіць у гульню з самай вышэйшай стаўкай, то гэта і будзе азначаць, што бурчэньне эліты (яшчэ раз паўтару – рэальнай уладнай эліты існага беларускага грамадзтва) ператварылася, увасобілася ў нешта пэўнае, што беларускае грамадзтва гатовае да пераменаў. А калі ні ён і ніхто іншы такога кшталту не насьмеліцца – значыць, не гатовае і ўсе камбінацыі і перамовы тытульнай апазыцыі будуць мець той жа вынік, што і раней. Пры ўсёй асабістай павазе да шаноўных удзельнікаў гэтых перамоваў.

Патэр Браўн, герой брытанскага парадаксаліста Чэстэртона, казаў: «Значна натуральней паверыць у тое, што за межамі нашага розуму, чым у тое, што не пераходзіць гэтых межаў, а проста супярэчыць яму. Калі вы скажаце мне, што вялікага Гладстона (прэм'ер Вялікабрытаніі ў часы каралевы Вікторыі. – Ю.Д.) у яго сьмяротную гадзіну перасьледаваў прывід Парнэла (адзін зь лідэраў змаганьня за незалежнасьць Ірляндыі. – Ю.Д.), я аддам перавагу таму, каб быць агностыкам, і не скажу ні так, ні не. Але калі вы будзеце запэўніваць мяне, што Гладстон на прыёме ў каралевы Вікторыі ня зьняў капялюш, паляпаў каралеву па сьпіне і прапанаваў ёй цыгару, я буду рашуча пярэчыць. Я не скажу, што гэта немагчыма, я скажу, што гэта неверагодна. Я ўпэўнены ў тым, што гэтага не было, больш цьвёрда, чым у тым, што не было прывіду, бо тут парушаныя законы таго сьвету, які я разумею».

Перамога Сідорскага над Лукашэнкам – немагчымая, гэта цуд. Хаця цуды часам здараюцца. Заднім лікам Віктар Юшчанка ўзору 2004 году выглядае зусім не тытанам, а патрэбным чалавекам у патрэбны час і ў патрэбным месцы. Перамога запіснога апазыцыянэра (любога) над Лукашэнкам – зьява неверагодная, бо яна, як адзначаў мудры патэр, «парушае закону сьвету», у якім мы жывем.

Так што – толькі Сідорскі!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG