Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін: Унутрана адчуваю, што пераможа Ромні


Неўзабаве жыхары Злучаных Штатаў Амэрыкі пачнуць галасаваць за кандыдатуру прэзыдэнта. Ад таго, хто стане на чале адной з самых магутных краін сьвету, будзе залежаць лёс ня толькі амэрыканцаў. Перамога каго з двух кандыдатаў — дзейнага прэзыдэнта-дэмакрата Барака Абамы ці губэрнатара-рэспубліканца Міта Ромні — больш спрыяла б дэмакратыі ў Беларусі? Свае меркаваньні выказваюць беларускія дэмакратычныя палітыкі.

Бальшыня апытаных актывістаў беларускай апазыцыі сыходзяцца на думцы, што чакаць радыкальных зьменаў у адносінах да Беларусі наўрад ці варта пры любым раскладзе. І дэмакраты, і рэспубліканцы аднолькава ставяцца да вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, якое парушае элемэнтарныя правы і свабоды сваіх грамадзянаў. Гэта адлюстравана і ў палітычных, і ў эканамічных санкцыях супраць тых, хто тармозіць дэмакратычныя працэсы ў краіне.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2006 году Аляксандар Казулін:

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
«Я думаю, што гэта ўвогуле некарэктнае пытаньне. На мой погляд, Амэрыка ў адносінах да Беларусі заўсёды займае прынцыповую пазыцыю. Так было і пры рэспубліканцах, і пры дэмакратах. Не сумняюся, што гэтая пазыцыя захаваецца і надалей. Што тычыцца пэрсаналіяў, то, ведаеце, я заўсёды лічыў, што мы павінны паважаць выбар, які робіць той ці іншы народ. Але з таго, што я ўнутрана адчуваю, нягледзячы на тое, што шанцы нібыта роўныя, мяркую, што, хутчэй за ўсё, пераможа Міт Ромні».

Карэспандэнт: «Многія лічаць, што Ромні, які больш радыкальна выказваецца наконт таталітарных рэжымаў, для Беларусі быў бы лепшым варыянтам».

«Тут прагназаваць нешта цяжка, пакажа толькі час…»

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец — якраз з той катэгорыі палітыкаў, хто атаясамлівае фігуру Міта Ромні з больш пільнай увагай да Беларусі. Аднак удакладняе, што дзеля гэтага пэўныя працэсы павінны адбывацца і ўнутры краіны:

«Хутчэй за ўсё, перамога Ромні спрычынілася б да пэўнага перагляду амэрыканскай замежнай палітыкі. Можа, да больш актыўнага прасоўваньня пытаньняў дэмакратыі і свабоды. Ну, і вядома таксама, што Ромні нават і падчас апошніх дэбатаў выказваўся больш насьцярожана ці крытычна адносна Расеі і казаў, што Расея — гэта патэнцыйны канкурэнт ці супраціўнік Злучаных Штатаў. Таму з гэтага гледзішча, я думаю, пэўная зьмена была б. Але ня варта абсалютызаваць амэрыканскую ролю ў сьвеце, тым больш што сёньня паўстаюць і іншыя супэрдзяржавы, асабліва Кітай. Таму, як мне падаецца, зьмены ў Беларусі стануць вынікам найперш унутранага разьвіцьця. Калі ў Беларусі будзе больш актыўная ўнутраная дынаміка, будуць бачныя зьмены ў грамадзкім настроі, у мабілізацыі людзей, у жаданьні зьменаў, то, вядома ж, Беларусь больш будуць заўважаць у сьвеце і можна будзе разьлічваць на больш актыўную ролю таксама дэмакратычных краінаў адносна нашай краіны».

Уладзімер Ганчарык
Уладзімер Ганчарык
А вось экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2001 году Ўладзімер Ганчарык схіляецца ў бок дэмакратаў і перакананы, што дэмакратыі ў Беларусі ў большай ступені будзе спрыяць якраз Барак Абама :

«Я больш схіляюся ўсё ж да дэмакратаў. І я думаю, што Абама працягнуў бы лінію на аказаньне дапамогі Беларусі ў пляне яе дэмакратызацыі. Пакуль цяжка нешта прагназаваць, але мяркую, што Абама ўсё ж пераможа. Там вельмі папулярная ягоная праграма аховы здароўя. Ён якраз працуе на сярэдні кляс і на тыя пласты, якія жывуць за рысай беднасьці. І людзі гэта адчуваюць. Рэспубліканцы мабілізуюць пад сябе больш буйны капітал і г.д. Вядома, усялякае бывае, гэта выбары, і там жа не падтасуеш, не прыпішаш. А тое, што рэспубліканцы нібыта больш рашучыя ў адносінах да таталітарных рэжымаў, дык я б не сказаў. Мы ж ужо прайшлі: быў Буш, былі іншыя. Усё гэта адносна. З той жа Расеяй у іх адносіны асаблівыя, а вось што тычыцца Беларусі, то мне калісьці амэрыканскі амбасадар сказаў так: вы павінны зразумець, што Беларусь для нас — не першачарговая задача. Адсюль і ўсё. Таму, мяркую, невялікае адрозьненьне ў палітыцы рэспубліканцаў і дэмакратаў у адносінах да Беларусі».

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
Апазыцыйны палітык, сустаршыня аргкамітэту «Беларускага руху» Віктар Івашкевіч схільны лічыць, што стаўленьне да працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, у ЗША не залежыць ад партыйнасьці прэзыдэнта:

«Па вялікім рахунку, палітыка іх з катэгорыі „пераемных“, як кажуць. Красамоўна пра гэта сьведчыць ужо тое, што „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“, наколькі я памятаю, прымаўся фактычна аднагалосна — і дэмакратамі, і рэспубліканцамі. Таму гэта агульная пазыцыя і з ацэнкай беларускага рэжыму, і з дэкляраваным жаданьнем дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасьці. Таму — што да нейкіх прарываў, нейкіх супэрновых рашэньняў, то я таксама сумняюся, што нешта будзе. Хутчэй за ўсё, будзе, як і было. Зьмяніць сытуацыю, незалежна ад таго, будзе адзін ці другі прэзыдэнтам, могуць толькі нейкія новыя падзеі ў Беларусі. Нейкія якасныя зрухі — ці настроі ў грамадзтве, і ў сувязі з гэтым больш уплывовай стане апазыцыя, ці аслабленьне рэжыму ў сувязі з эканамічнымі праблемамі. Але пакуль у Беларусі адносная стабільнасьць, то і рэакцыя Амэрыкі будзе такая ж, як была і раней».

Многія экспэрты адзначаюць, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША маглі б стаць наглядным прыкладам для беларускіх уладаў, як палітычную кампанію ператварыць у шоў, цікавае і сэнатарам, і хатнім гаспадыням. У Беларусі ж усё робіцца дзеля таго, каб ізаляваць грамадзтва ад права на выбар.

Уладзімер Лебедзеў
Уладзімер Лебедзеў
Палітоляг Уладзімер Лебедзеў: «Увогуле той стыль прэзыдэнцкай кампаніі, якая праходзіць у ЗША, вядома ж, мог бы Беларусі даць вельмі многае. Перадусім, даць каштоўны вопыт, які можна было б перакласьці на беларускую глебу. Дарэчы, такое імкненьне ёсьць. Нават з боку Лідзіі Ярмошынай гучалі думкі, што нейкая актывізацыя кампаніі, арганізацыя дэбатаў — усё гэта павінна быць. І, варта заўважыць, дэбаты ў тым ці іншым выглядзе на нядаўніх парлямэнцкіх выбарах мы ўсё ж пабачылі. Але вучыцца прыйдзецца даволі доўга. Таму што ў нас досьведу такіх публічных спрэчак (маю на ўвазе найперш беларускіх палітыкаў), на жаль, няма. Мы можам паглядзець, як гэта адбываецца ў замежжы, але каб самім арганізаваць штосьці на годным узроўні, запатрабуецца як мінімум некалькі гадоў. Каб нашы мясцовыя палітыкі набраліся досьведу, каб яны навучыліся выступаць перад вялікай публікай, каб яны дыскутавалі паміж сабой перад тэлевізійнай аўдыторыяй, перад гледачамі ў залях. У іх пакуль такога вопыту няма — у тым ліку і таму, што ніхто не дае такой магчымасьці».

Паводле вынікаў апытаньняў, рэйтынгі Абамы і Ромні розьняцца літаральна на некалькі пунктаў — ад 47% да 49%. Такім чынам, да фінішу выбарчай кампаніі кандыдаты набліжаюцца амаль сынхронна.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG