Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква даравала Беларусі «растваральнікі» пад ціскам ВПК?


Расея ня будзе скарачаць пастаўкі нафты ў Беларусь у апошнім квартале году. Па выніках чарговага раўнду перамоваў, які прайшоў у Маскве 31 кастрычніка і 1 лістапада, дасягнутая дамоўленасьць, што ў IV квартале сёлета Расея паставіць у Беларусь 5,3 млн. тон нафты. Пра гэта паведаміў 2 лістапада на пасяджэньні Рады міністраў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімер Сямашка, перадае БелаПАН.

Раней Масква заяўляла аб плянах скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь у IV квартале 2012 году з 5,3 млн. да 4 млн. тон у адказ на бізнэс з «растваральнікамі», якім беларускі бок займалася ў першым паўгодзьдзі. Нафтапрадукты, вырабленыя ў Беларусі з расейскай сыравіны, экспартаваліся ў Эўропу пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў, якія не абкладаюцца экспартным мытам. Паколькі гэтае мыта павінна было паступаць у расейскі бюджэт, Расея недалічылася буйной сумы.

У кастрычніку, паводле расейскай статыстыкі, у Беларусь было пастаўлена 1 млн. 347 тыс. тон нафты, або на 22% менш, чым у верасьні.

26 кастрычніка віцэ-прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч паведаміў, што пытаньне аб аб'ёме паставак нафты ў Беларусь у 2012 і 2013 гадах бакі абмяркоўваюць ва ўвязцы з рашэньнем праблемы экспарту Менскам растваральнікаў.

29 кастрычніка інфармаваная крыніца паведаміла, што Масква патрабуе ад Беларусі кампэнсаваць 1,5 млрд. даляраў у якасьці недаатрыманага мыта ад бізнэсу «растваральнікаў».

Заяву віцэ-прэм'ера Беларусі аб аднаўленьні аб'ему расейскіх нафтавых паставак у 2012 годзе мы папрасілі пракамэнтаваць экспэрта ў энэргетычных пытаньнях, аглядальніцу газэты «Беларусы і рынак» Тацяну Манёнак.

РС: Тацяна, дык чаму расейцы саступілі? Беларусь вярнула ці абяцала вярнуць грошы, чаго дамагаліся расейцы, зрабіла нейкія іншыя саступкі ці Масква проста зьмяніла гнеў на ласку?

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
Манёнак: Ну, вяртаньне 1.5 мільярдаў даляраў – гэта перамоўная пазыцыя. Каб іх патрабаваць, Расеі трэба было даказаць, што Беларусь сапраўды парушала пагадненьне ў межах Адзінай эканамічнай прасторы. Каб гэта даказаць, трэба было зьвяртацца ў суд мытнага саюзу. І гэта было б вельмі маруднае разьбіральніцтва, бо фармальна Беларусь пагадненьне не парушала. Менск проста знайшоў шчыліну ў пагадненьні. І жорстка расейскі бок ня ставіў пытаньня вяртаньня гэтых грошай у расейскі бюджэт.

Расейская «Транснафта» сапраўды абвясьціла аб скарачэньні паставак у Беларусь у апошнім квартале гэтага году, але гэта быў ціск, каб беларускі бок пагадзіўся на зьмены ў пагадненьні аб мытным саюзе, якія б прадухілялі магчымасьць схемаў кшталту «растваральнікаў-разбаўляльнікаў».

Беларусі гэтага рабіць ня хочацца, бо зьмены могуць стварыць складанасьці для імпарту наагул расейскіх нафтапрадуктаў, у тым ліку і для беларускіх патрэбаў.
Гнуткасьць расейскай пазыцыі можа тлумачыцца і нядаўнім візытам у Беларусь віцэ-прэм'ера Расеі па ВПК Дзьмітрыя Рагозіна, які абмяркоўваў пытаньні больш шчыльнай інтэграцыі ў вайскова-тэхнічнай сфэры. Называліся і канкрэтныя беларускія прадпрыемствы – МЗКТ, «Пеленг» і г.д. І перамовы ў Маскве наконт паставак нафты Ўладзімер Сямашка вёў менавіта з Аркадзем Дварковічам і Дзьмітрыем Рагозіным. І гэта, пэўна, невыпадкова. Ёсьць прыярытэты ў расейскай палітыцы і лябісцкі ўплыў ВПК праз Рагозіна, каб Расея аднавіла пастаўкі нафты ў раней абгавораных аб'ёмах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG