Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: «Большай уцехі за тое, што сказаў Пазьняк, для Масквы ня можа быць»

абноўлена

«Свабода» працягвае публікаваць водгукі на заявы старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка пра беларускую апазыцыю.

Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА, а пасьля і галоўныя дзяржаўныя тэлеканалы перадрукавалі вытрымкі з інтэрвію старшыні КХП-БНФ Зянона Пазьняка сайту InterPolitTV, у якім ён рэзка скрытыкаваў беларускую апазыцыю. У прыватнасьці, Пазьняк заявіў, што тая цалкам фінансуецца і кантралюецца Захадам і ня мае ўласных ідэяў і мэтаў.

Камэнтуючы гэты факт у інтэрвію Радыё Свабода, Зянон Пазьняк таксама заявіў:

«Ім далі грошай, прытым вядома нават, якая колькасьць. Магу вам сказаць дакладна: на „Говправду“ было дадзена 4,5 мільёна даляраў. Гэта дакладна, гэта яны самі сказалі на допытах у КГБ».

Пазьняк сьцьвярджае, што ягоныя заявы грунтуюцца на зьвестках, які ён атрымаў з крыніцаў у КДБ.


Выказваньні Зянона Пазьняка камэнтуе кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч:

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
«Я думаю, што пошук ворагаў заўсёды быў спэцыяльнасьцю ўлады. У яе быў унутраны вораг — апазыцыя. Быў вонкавы. А зараз і Зянон Пазьняк таксама карыстаецца гэтым мэтадам.

Няважна, наколькі эфэктыўная апазыцыя, наколькі яна моцная ці слабая, ці ёсьць у ёй агенты, ці няма? Напэўна, ёсьць. Справа ў тым, што і бяз гэтага невысокі давер і да апазыцыі, і да ўладаў. Народ зьнявераны. Ён ня ведае, каму даручыць рэфармаваньне краіны. А пра рэформы гаворыць кожны.

Таму такая пазыцыя Зянона Пазьняка яшчэ больш шкодзіць. Таму што краіна яшчэ больш будзе ў дэпрэсіі. Яшчэ больш людзей будуць хацець зьехаць зь яе.

Калі Зянон Пазьняк гэтага не разумее, то лепей бы ён і не выказваўся. Таму што гэта шкодзіць самой Беларусі, яе незалежнасьці. Я думаю, што большай уцехі за тое, што сказаў Пазьняк, для Масквы ня можа быць».

Шушкевіч: «Пазьняк — палітычны дэзэртэр»


Выказваньні Зянона Пазьняка камэнтуе для «Свабоды» старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч:

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
«Зянон не знаходзіць сабе месца цяпер. Ён не патрэбны ні Захаду, ні Беларусі. І таму ён мусіць рабіць нейкія заявы, каб на яго зноў зьвярнулі ўвагу.

Я маю вялікі сумнеў наконт таго, што ў Пазьняка ёсьць крыніцы ў КДБ, якія даюць яму такую інфармацыю. А калі яго так аблапошвае КДБ, то вельмі шкада, што Зянон Станіслававіч стаў такім абмежаваным чалавекам. Ён ня ведае, што адбываецца ў Беларусі. Яму гэта цяжка ўявіць. Я калі зьяжджаю зь Беларусі на тыдзень-два, і то дрэнна арыентуюся, што ў нас тут адбываецца. А Зянон ужо гэтулькі гадоў сядзіць па-за Беларусьсю. А гэтыя зьвёны, якія зьвязваюць яго зь Беларусьсю, КХП-БНФ, гэта — усе фанаты. Яны на яго моляцца і больш нічога ня ведаюць. Таму я не зьвяртаў бы сур’ёзнай увагі на ягонае гэтае інтэрвію.

Я добра ведаю, што ў нас ёсьць і прадажныя палітыкі, і тыя, хто жыве за кошт Захаду. Але бальшыня тых, хто супрацьстаяць рэжыму, гэта вельмі прыстойныя і дастойныя людзі. І прышываць ім такое нельга.

Я хачу сказаць, што наагул Зянон Станіслававіч зьяўляецца палітычным дэзэртэрам. Ён зьбег зь Беларусі. Ён — трусьлівы. Ён баіцца.

І калі казаць шчыра, стратэгічная памылка была ім зроблена, калі ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Не ўсьведамляючы гэтага, ён зрабіў усё, каб загубіць БНФ. Ён шчыра думаў, што робіць добрую справу. Але што адбылося? Зянон і яго калегі патрабавалі, каб я ўзьняў пытаньне аб самароспуску Вярхоўнага Савету. Яны былі перакананыя, што на наступных выбарах абяруць многа сваіх дэпутатаў. Аднак пасьля адбыліся выбары Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. І ніводзін, заўважце, ніводзін прадстаўнік БНФ на дэмакратычных выбарах ня быў абраны. Таму што той радыкалізм, які пёр зь Зянона Станіслававіча, быў незразумелы людзям. Толькі невялікая жменька, па-сапраўднаму, па-беларуску арыентаваная, магла яго падтрымаць. Ён апераджаў нашу думку, беларускую мэнтальнасьць.

Спачатку Пазьняк добра дзейнічаў, утварыўшы БНФ, раскрыўшы Курапаты. А пасьля яго дзейнасьць скончылася. Але ён увераваў, што ён — прарок. І цяпер вяшчае. Вяшчае на кожным скрыжаваньні, што ўсе — агідныя. Акрамя яго самога.

Але ён — палітычны дэзэртэр, які схаваўся ў нару. Гэта Зянон Станіслававіч жыве за замежныя грошы, як чалавек, які атрымаў палітычны азыль. Ён вядзе аскетычнае існаваньне. І гэта праўда. Ён — чэсны чалавек. Гэта — ягоныя думкі. Але яны памылковыя. Што тут зробіш?!»

Някляеў: «Зьвесткі КДБ — цалкам фальшывыя»


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў так камэнтуе выказваньні Зянона Пазьняка:

«Безумоўна, той стан, у якім сёньня знаходзіцца беларуская апазыцыя, патрабуе абмеркаваньня. Прычым публічнага. Але не ў такой танальнасьці, якую прапанаваў Зянон Станіслававіч Пазьняк. Таму, паважаючы як яго самога, гэтаксама і ягоных апанэнтаў, удзельнічаць у такой, так бы мовіць, дыскусіі я катэгарычна адмаўляюся.

Што ж да атрыманых зьвестак пра фінансаваньне кампаніі „Гавары праўду“ ад інфарматараў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, то яны фальшывыя! Цалкам фальшывыя. Зрэшты, як і ўсё, што паходзіць зь нетраў гэтага ведамства. Сутнасьць яго дзейнасьці — правакацыя і дэзынфармацыя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG