Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дні Губэрта ў Горадні


2 лістапада ў Горадні пачынаюцца «Дні Губэрта», якія працягнуцца да 5 лістапада. Асноўнай падзеяй стане міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Гарадзенскі палімпсэст», якая працягнецца два дні.

Канфэрэнцыя прысьвечаная людзям, якія жылі і працавалі раней у горадзе над Нёманам. «Дні Губэрта» — грамадзкая ініцыятыва.

Адзін з арганізатараў, Павал Мажэйка, паведаміў, што мерапрыемства ладзіцца пяты раз і прысьвечанае патрону Горадні — сьвятому Губэрту. Яго дзень традыцыйна адзначаецца 3 лістапада. У гербе Горадні — алень сьвятога Губэрта на шчыце.

Мажэйка: «На канфэрэнцыі будуць удзельнікі ня толькі з Горадні, зь Беларусі, але таксама з Польшчы, зь Літвы і, калі даедуць, з Расеі. Дні Губэрта — гэта ў пэўным сэнсе падсумаваньне зробленага творчай інтэлігенцыяй, навуковай элітай за папярэдні год. 2 лістапада адкрыюцца выставы гарадзенскіх мастакоў, як маладых, так і вядомых. Яны будуць прысьвечаныя Горадні».

Раней Алена Глагоўская з Гданьску не атрымала беларускай візы. Яна мелася выступіць з дакладам «Горадня ў лёсе гісторыка Аляксандры Бэргман».

3 лістапада адбудзецца канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча і маладой выканаўцы Паліны Рэспублікі, дадаў Павал Мажэйка.

А 5 лістапада ўдзельнікаў чакае прэзэнтацыя аўдыёкнігі ўспамінаў Ларысы Геніюш. Зь Беластоку на яе прыедуць прадстаўнікі Беларускага гістарычнага таварыства і Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org.

Да мерапрыемства падрыхтаваны таксама новы нумар часопіса «Горад сьвятога Губэрта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG