Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькаўшчыне са шчырасьцю


Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

Яўгену Сяргеевічу Куліку было б сёньня 75 гадоў. Але ён не дажыў. Шкода. Гэта вялікая страта для ўсяго творчага беларускага асяродзьдзя. Гэта ўсе адчуваюць. Прычыну такіх шчымлівых адносінаў да ягонай асобы і памяці я сфармуляваў для сябе даўно: Яўген быў сумленьнем нацыі. Такая была яго істота. Ён адносіўся да ўсяго беларускага як да сьвятога і дзеля яго жыў.

Чалавек ён быў сьціплы, з характэрным юнацкім голасам, ня лідэр, не грамадзкі дзяяч і не трыбун, але ахвярны працаўнік на ніве беларушчыны ў творчай і арганізацыйнай справе. Яго ўсе ведалі і паважалі. Яўген меў дасьціпны розум і тонкае адчуваньне мастацтва, дакладней – высокую культуру мастацтва. Мне шмат прыходзілася гаварыць зь ім на мастацкую тэму па канкрэтных творах, і я пераконваўся ня раз, што ў гэтым накірунку ён разьбіраўся лепш за любога з тагачасных беларуска-савецкіх мастацтвазнаўцаў.

Яго ідэал і крэда ў мастацтве былі чыстасьць і хараство. Ён шанаваў традыцыі, успрымаў вобразнасьць празь беларускую форму. У мастацкіх тэхніках вызначаўся пэдантызмам і скрупулёзнасьцю.

Я часта бываў у Яўгенавай майстэрні. Бальшыня ягоных вядомых твораў ствараліся ў мяне на вачах (цыкл абразных гравюр да «Песьні пра зубра» Міколы Гусоўскага, «Помнікі беларускай архітэктуры», «Пагоня» і іншыя).

З «Пагоняй» (якая пры саветах была забароненая) увогуле была цікавая гісторыя. Я зрабіў шмат фотакопіяў гравюры, і мы зь Яўгенам разаслалі іх лістамі сябрам, знаёмым і знакамітым людзям, віншуючы са сьвятам. (Тут зазначу, што тады за распаўсюд «Пагоні» магла быць турма.) Празь нейкі час Яўгена паклікалі ў савецкі КГБ на допыт (гэта было недзе ў сярэдзіне 70-х). Сьледчы прыкінуўся мудрацом: «Не знаете ли, чья бы это могла быць работа? – сказаў ён украдлівым голасам, выкладваючы перад Яўгенам фота ягонай «Пагоні». «Гэта мая праца», – суха адказаў Кулік. У гэбіста, як расейцы кажуць, «пропал дар речи». Усё ягонае «предвкушение» ад допыту імгненна выпарылася.

– Как? – тупа прамовіў ён. Але тут жа апанаваў сабой і далей гэтак шматзначна (гэтакі Шэрлак Холмс). – Вы уверены, всё же, что это ваш рисунок?

– Гравюра падпісная, – адказвае Яўген. – Там мая манаграма. Гэбіст уставіўся ў малюнак. Уся «музыка» была сапсавана. Далей размова пра «фашистскую пропаганду» ня клеілася, бо перайшла ў гістарычную плоскасьць, і гэбіст «паплыў». Хто распаўсюдзіў ягоную гравюру, мастак вядома ж «ня ведаў».

Сваю манаграму (літары «ЯК» у кружочку) Яўген упісаў у малюнак так, што прафан мог і не заўважыць. (Мастак прадбачліва прапаноўваў свой твор на мастацкую выставу, але перапужаны выстаўкам не прыняў.)

З КГБ Куліка адпусьцілі, прыгразіўшы, што яшчэ выклічуць і «разберутся».

Майстэрня Яўгена была ў цэнтры Менску на праспэкце Леніна, насупраць цэнтральнай кнігарні. Кожны знаёмец пры жаданьні мог лёгка туды зайсьці, пагаварыць пра справы ды навіны. Мы, беларусы, адкрыты народ, і жывем адкрытым жыцьцём (жылі, ва ўсякім разе) і думаем, што ўсюды так. Але «ўсюды» якраз ня так.

Аднак прычынай прыцягненьня Яўгенавай майстэрні стаўся перадусім ягоны арганізацыйны клопат пра беларушчыну і нацыянальнае мастацтва. Гэта былі ягоныя ідэі – арганізаваць мастацкую выставу да 100-годзьдзя Алаізы Пашкевіч (Цёткі), выставу твораў Пётры Сергіевіча, Міхася Сеўрука, мастацкую выставу, пасьвечаную Міколу Гусоўскаму, Лявону Баразьне і іншым. Тут сам Яўген працаваў, як пчолка, рупна і шмат, быў гэтакім шчымлівым энтузіястам. Майстэрня Яўгена выглядала як нейкі стыхійны беларускі мастацкі салён, дзе можна было спаткацца, пагаварыць пра беларускую культуру ды творчасьць, пра неабходнасьць яе адраджаць ды пра канкрэтную працу, бо зборкі не абмяжоўваліся толькі размовамі. Майстэрню Яўгена мы часам называлі між сабой «паддашкам» (бо была на апошнім паверсе пад дахам), а самога Яўгена жартам называлі «спадар Паддашынскі».

Калі ўвосень 1988 году арганізаваўся Беларускі Народны Фронт, «паддашак» амаль цалкам увайшоў у яго шэрагі, а шмат хто (у тым ліку і Яўген) – у Сойм БНФ. Увогуле, у справе пасьляваеннага беларускага Адраджэньня і здабыцьця незалежнасьці ў пачатку 1990-х беларускія мастакі, мастацтвазнаўцы, студэнты мастацкіх вучэльняў адыгралі выбітную ролю.

Неяк Антон Шукелойць у адным са сваіх выступаў у Нью-Ёрку нібыта жартам заўважыў, што вось, маўляў, за незалежнасьць Беларусі браліся вайскоўцы, юрысты, настаўнікі, грамадзкія дзеячы – стрыкт-палітыкі. Нічога ў іх не атрымалася. Скончылі Сібірам, Картуз-Бярозай, ГУЛАГам і сьмерцю. А вось калі за справу ўзяліся мастакі – усё пайшло. Здабылі незалежнасьць. Так што палітыка ёсьць мастацтва.

Жарт жартам, але доля праўды тут ёсьць.

Калі 19 верасьня 1991 году былі прынятыя і зацьверджаныя Вярхоўным Саветам дзяржаўныя Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і герб «Пагоня», то пытаньне стварэньня эталёну герба было вырашана імгненна. Амаль увесь мастацкі «паддашак» (па маёй рэкамэндацыі) сюды быў уцягнуты. Але, практычна, працу рабіў адзін Яўген Кулік (і дамова была заключана зь ім). Гэтаму я быў сьведкам, бо курыраваў працу ад дэпутатаў Апазыцыі БНФ і пастаянна бываў у майстэрні мастака. Дапамагалі кансультацыямі і прапановамі тут М.Купава, А.Марачкін, Ул.Крукоўскі, Хв.Ладуцька, П.Драчоў і іншыя нашыя мастакі. Яўген Кулік зрабіў дзясяткі эскізаў, сотні перамалёвак. Праца йшла нялёгка, бо мастак, які добра разьбіраўся ў геральдычных правілах, гістарычнай зброі і адзеньні, паставіў сабе задачу ўвасобіць у гербе, акрамя рыцара збройнага, яшчэ і вобраз ягонага каня-дрыганта. Гэты вобраз павінен быў быць таксама гістарычным (згодна з гістарычным ўяўленьнем). Тут мусіў быць якраз беларускі магутны рыцарскі дрыгант. Гэта ўдалося.

Увогуле, стварэньне герба – вельмі ня простая і працаёмкая мастацкая праца. Яўген адносіўся да яе, як да жыцьцёвага пакліканьня. Мукі ягонай творчасьці я назіраў, часта выклікаючы раздражненьне мастака сваімі патрабаваньнямі прысьпешыць працу (там, дзе яму трэба было спыніцца і адпачыць, бо ў працэсе мастак прывыкае да сваіх памылак).

Але вось эталён герба быў гатовы і зацьверджаны Вярхоўным Саветам. Неўзабаве ён зьявіўся на франтоне будынку Вярхоўнага Савету, на пячатках і штампах, у буклетах, на марках і паштоўках, словам, усюды, дзе трэба, і гэта зноў стала сьвятам душы нашага народа, асабліва маладога пакаленьня.

Да гэтага дадам некалькі зьвестак, пра якія я ніколі не пісаў з-за прыкрасьці. Яўгена Куліка ў мастацкім прагматычным асяродзьдзі называлі «бяссрэбранікам». Ён ня рваўся тварыць толькі дзеля грошай, рабіць абы што, не гандляваў прынцыпамі, жыў бедна, але сумленна. Калі паўстала пытаньне аплаты за эталён герба, старшыня Вярхоўнага Савету С.Шушкевіч адмовіўся плаціць «бээнэфаўцу» і сказаў: «БНФ гэта ўсё арганізаваў, хай БНФ і плаціць, у Вярхоўнага Савету грошай няма».

Яўген ня стаў цягацца па гэтай справе зь Вярхоўным Саветам. Ён разумеў, што тут ня мусіла быць скандалу. Герб павінен быў застацца чыстым. І няхай тады гэтая ягоная праца будзе шчырым падарункам Бацькаўшчыне.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ спрабавалі націснуць на Шушкевіча, але нічога не атрымалася. Пазьней, каб апраўдацца перад законам, хітрая намэнклятура Вярхоўнага Савету выпісала мастаку за працу зьняважлівую суму (парадку некалькіх даляраў). Яўген адмовіўся яе атрымліваць.

Мараль тут зразумелая. Але для людзей удумлівых яна мела свой наглядны працяг. Цытую па кніжцы да набажэнства «Голас душы» ксяндза Кізіміра Стэповіча (Сваяка). «Чацьверты грэх, які кліча пакараньне Божае: затрыманьне належнай заплаты». Ня ўпэўнены, ці ведае пра гэта Шушкевіч.

Другая прыкрая зьвестка зьвязана з тым, што ў цяперашніх публікацыях зьявілася кур'ёзнае паведамленьне, што аўтарам эталёну герба «Пагоня» быццам бы ёсьць мастак Уладзімер Крукоўскі. Пры гэтым усе мастакі маўчаць, у тым ліку і Крукоўскі. Аказваецца, што ўжо і такое магчымае ў ХХІ-м стагодзьдзі.

Калі казаць пра мастакоў, то найлепш пра Яўгена Куліка сказаў наш знакаміты жывапісец Леанід Шчамялёў. Не, ня словамі – карцінай. Ён напісаў выдатны партрэт Яўгена Куліка, дзе раскрыў яго ўнутраны сьвет, сродкамі жывапісу паказаў сутнасьць ягонай душы – чалавека чыстага, напоўненага сьвятлом праўды, і высакароднага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG