Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амапавец прызнаў, што ягоны рапарт фальшывы

абноўлена

Гэта адбылося падчас суду над мастаком Міхаілам Гуліным і трыма валянтэрамі — удзельнікамі праекту «Going Public».

Мастакоў судзяць за непадарадкаваньне міліцыі. Абвінавачаньне было складзенае ў Цэнтральным РУУС Менску на падставе рапарту двух амапаўцаў — Дзяніса Гушчы і Аляксандра Варанковіча. Менавіта яны затрымалі мастакоў удзень 9 кастрычніка на Кастрычнікай плошчы ў Менску.

Менскі мастак Міхаіл Гулін у рамках праекту Гётэ-інстытуту зладзіў акцыю «Пэрсанальны манумэнт». Разам з валянтэрамі яны насілі па горадзе некалькі гэамэтрычных фігур, зь якіх складалі на плошчах адмысловыя скульптуры.

Гулін: «Я хацеў адказаць на пытаньне, ці можа прыватная асоба паўплываць на гарадзкі пэйзаж. Быў я і яшчэ трое валянтэраў, якіх знайшлі куратары праекту. Я гэтых хлопцаў упершыню там і пабачыў. Яшчэ была Таня Гаўрыльчык з фотаапаратам (відэаапэратар газэты „Наша ніва“ — рэд.), мы зь ёю даўно сябруем. Яшчэ калі яна была студэнткай, мы разам працавалі».

«Нам паступіў сыгнал, што група людзей нясе нейкія кубікі да будынку КДБ, — сьведчыць на судзе камандзір групы АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Дзяніс Гушча. — Мы туды прыехалі, там нікога няма. Пасьля па апісаньні паведамілі, што гэтыя людзі на Кастрычнікай плошчы. Там мы іх затрымалі».

«Зьбіраем кубікі і сыходзім», — гэта тое, што казалі амапаўцы пры затраманьні. Міхаіла Гулін кажа, што якраз амапаўцы паводзілі сябе карэктна. Супраціву мастакі не аказвалі, і рабілі ўсё, што патрабавалі ад іх супрацоўнікі АМАПу.

Па выніках разьбіральніцтва мастакоў даставілі ў Цэнтральны РУУС.

Міхаіл Гулін ля суду
Міхаіл Гулін ля суду
Гулін: «Размаўлялі з намі як са злачынцамі. Галоўная праблема пачалася з дактыляскапіяй. Адбіткі пальцаў былі здадзеныя толькі ў мяне. Астатнія сталі прасіць, каб ім паведамілі, на якой падставе ў іх патрабуюць адбіткі пальцаў. Тады па адным сталі выводзіць у іншы пакой. Вярталіся адтуль людзі відавочна зьбітыя».

Прапаршчык Уладзімер Находзька (яго імя высьветлілі падчас першага паседжаньня суду ў мінулую пятніцу) двойчы ударыў валянтэра Сяргея Панасюка па твары, калі той папрасіў яму патлумачыць, чаму ён мусіць здаваць адбіткі пальцаў. Другі хлопец — Уладзіслаў Лук’янчук — пры працэдуры зьняцьця адбіткаў пальцаў атрымаў страсеньне мозгу.

Гулін: «Ён вярнуўся моцна зьбіты, гематомы на скуле, на ілбе — на яго было страшна глядзець. Трэці наш валянтэр Алег Давыдчык здаў адбіткі пальцаў ужо „добраахвотна“».

Гулін апавядае, што прасіў і міліцыянтаў, якія былі ў пастарунку, і дактароў, што ў час іх знаходжаньня прывезьлі наркаманку, чымьсці дапамагчы. Але ніхто не адрэгааваў: «Міліцыянты параілі прыкласьці галаву да трубы».
Суд за пэрформанс
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:35 0:00
Наўпроставы лінк

Тацьцяна Гаўрыльчык таксама не пагаджалася здаваць адбіткі пальцаў без прад’яўленьня пратаколу. «На яе надзелі наручнікі, гвалтам вывелі і прымусілі здаць адбіткі», — кажа Міхаіл.

Тацьцяну выпусьцілі праз чатыры гадзіны, нічога не патлумачыўшы і ня выдаўшы на рукі аніякіх дакумэнтаў. У судовых паперах яна ніяк не зафіксаваная. Амапаўцы Гушча і Варанковіч пра гэтую дзяўчыну ня згадваюць. Але на суд дваццаціпяцігадовая Тацьцяна Гаўрыльчык прыйшла як сьведка.

«Калі мы там сядзелі, увогуле дзікі выпадак быў. Бамжа міліцыянты адвялі ў суседні пакой. І мы чулі, як яго там зьбіваюць, і крыкі ягоныя жудасныя. Пасьля ён проста на карачках упоўз у той пакой для затрыманых», — расказвае Міхаіл Гулін. Тое самае ён паўтарыў і на судзе.
Бамжа міліцыянты адвялі ў суседні пакой. І мы чулі, як яго там зьбіваюць, і крыкі ягоныя жудасныя. Пасьля ён проста на карачках упоўз у той пакой для затрыманых

Хлопцаў пратрымалі ў Цэнтральным РУУСе агулам сем гадзінаў.

Гулін: «За пятнаццаць хвілінаў да таго, як нас выпусьцілі, далі пратаколы пачытаць. Я пасьпеў зрабіць пазнаку, што я з пратаколам ня згодны і ніякага супраціву міліцыі не чыніў».

Гаўрыльчык: «Тое, што нас затрымалі, мяне ня вельмі зьдзівіла. Але тое, што было ў РУУСе… У мяне, напэўна, ня ўсе ілюзіі былі страчаныя. Я думала, што ў Расеі — так, там „сваволя“ ў міліцыі творыцца. А калі ты бачыш гэта ў нас…

Мяне ня так часта затрымліваюць. Апошні раз у РУУСе мы проста марнавалі час. Нас ніхто не чапаў. А тое, што людзей зьбіваць — гэта моцна ўразіла».

Другое, што ўразіла Тацьцяну — гэта рэакцыя Гётэ-інстытуту: «Яны ад яго фактычна адмовіліся — нібыта яны яго й ня ведаюць, і ніхто зь імі гэтую акцыю не ўзгадняў». Дырэктар Гётэ-інстытуту ў Менску Франк Баўман празь некалькі дзён пасьля акцыі распаўсюдзіў афіцыйны ліст. У ім пацьвярджаецца, што Міхаіл Гулін быў уключаны ў праект «Going Public»:

«Не адпавядае рэчаіснасьці цьверджаньне, што Інстытут імя Гётэ быў інфармаваны пра акцыю Міхаіл Гуліна на Кастрычнікай плошчы. Інстытут імя Гётэ ня ставіць сваёй задачай падтрымліваць такія акцыі і ня робіць гэтага».

Цяпер Франк Баўман знаходзіцца ў адпачынку ў Нямеччыне і не даступны для камэнтароў.

А Міхаіла Гуліна празь некалькі дзён звольнілі з працы ў БНТУ, дзе ён займаў пасаду старэйшага выкладчыка. Працаваў Гулін там тры гады. Летась выковаў абавязкі загадчыка кафэдры гуманітарных і творчых дысцыплін.

Гулін: «Сытуацыя дзікая, але вельмі беларуская. Заходняя інстытуцыя (Інстытут Гётэ — рэд.) павяла сябе, як любая дзяржаўная інстытуацыя. Як мой БНТУ».
Сытуацыя дзікая, але вельмі беларуская

Гётэ-інстытут у Менску, кажа Міхаіл, ніякай падтрымкі абвінавачаным мастакам не аказаў. Праўда, 29 кастрычніка падчас судовога паседжаньня прысутнічалі два ягоныя прадстанікі.

Амапаўца Гушчу і Варанковіча выклікала ў суд судьдзя Тацьцяна Ткачова. Яна і запатрабавала праглядзець у якасьці доказу запіс відэакамэраў назіраньня. На ім відавочна, што мастакі ніякага супраціву амапаўцам ня чыняць. Больш за тое, амапаўцы ідуць да аўтобуса наводдаль ад хлопцаў, якія да таго ж цягнуць у руках элемэнты сваёй скульптуры. Камандзір групы АМАП Гушча ад свайго рапарту адмаўляцца ня стаў, хоць і пацьвердзіў, што «актыўнага супраціву» мастакі не чынілі. А вось Аляксандар Варанковіч прызнаў, што хлопцы супраціву не чынілі, дакумэнты прадставілі, і ўсё, што паказанае на відэазапісе — праўда.

«Я такога не чакаў зусім, — кажа Міхаіл Гулін. — Спадзяюся, што ўсё скончыцца добра».

Суд над мастакамі адновіца 1 лістапада.

9 кастрычніка Лук’янчука, Давыдчыка і Гуліна затрымалі на Кастрычніцкай плошчы. Яны дапамагалі ладзіць пэрформанс «Пэрсанальны манумэнт», які адбываўся ў рамках міжнароднага арт-праекту «Going Public. Пра цяжкасьці публічнага выказваньня».

Удзельнікі пэрформансу насілі па горадзе жоўты паралелепіпэд і тры ружовыя кубы, усталёўвалі іх на плошчах і фатаграфавалі.

16 кастрычніка пасьля размовы з адміністрацыяй архітэктурнага факультэту Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту мастак напісаў заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. Міхаіл Гулін працаваў старшым выкладчыкам на катэдры «Малюнак, акварэль і скульптура» два месяцы.

Уладзіслава Лук’янчука і Алега Давыдчыка пачалі судзіць 22 кастрычніка. Іх вінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыі.

Аднак судзьдзя Тацяна Ткачова вырашыла аб’яднаць іхныя справы са справай мастака Міхала Гуліна.

«Сьведкі з боку міліцыі ў суд не зьявіліся. У выніку судом былі заслуханыя паказаньні Лук’янчука і Давыдчыка, якія адмаўлялі, што аказвалі супраціў супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні. Таксама былі заслуханыя паказаньні сьведкі зь іх боку Міхаіла Гуліна. Усе яны распавялі, што да іх ужывалі сілу як пры затрыманьні, так і ў міліцыі Цэнтральнага раёну Менску, куды іх даставілі, то бок зьбівалі іх у аддзяленьні міліцыі», — заявіла 22 кастрычніка кіраўніца Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова.

На першым паседжаньні Гулін заявіў, што міліцыя яму дагэтуль не вярнула скульптуру. «Судзьдзя высьветліла, што пратакол аб канфіскацыі скульптуры не складаўся, і выказала відавочнае зьдзіўленьне, сказаўшы, што ў Гуліна няма перашкодаў, каб забраць скульптуру», — паведаміла тады Танкачова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG