Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіраючы за прэзыдэнцкай гонкай у ЗША, іншыя краіны бачаць сябе


Міт Ромні і Барак Абама на прэзыдэнцкіх дэбатах
Міт Ромні і Барак Абама на прэзыдэнцкіх дэбатах

Асьвятленьне з налётам абсьмейваньня — так, на думку The New York Times, расейскія дзяржаўныя СМІ трактавалі прэзыдэнцкую гонку ў Амэрыцы ў апошнія тыдні. «Вядучыя камэнтатары адлюстроўвалі яе то як ўзаемнае паліваньне брудам, то як «конкурс прыгажосьці», - мяркуе журналістка Элен Бары.

Але трэці раунд тэледэбатаў, які адбыўся ў мінулы панядзелак, ацьвярозіў тых, хто лічыў, што для Расеі выбары ў ЗША нічога не вырашаюць. У аўторак вядомы аналітык Фёдар Лук’янаў напісаў у «Известиях», што ў выпадку перамогі Міта Ромні расейска-амерыканскія адносіны нават не сапсуюцца, а надоўга спыняцца.

Як бы там ні было, асьвятленьне кампаніі за мяжой адлюстроўвае, як розныя замежныя краіны бачаць саміх сябе, лічыць Бары. Так, японскія журналісты скрупулёзна аналізуюць тактыку перадвыбарчай барацьбы, і бачаць у гэтым ўзор моцнай двухпартыйнай сыстэмы, якую Японія хацела б пабудаваць.

Бразыльскія камэнтатары хапаюцца за канкрэтныя дэталі: напрыклад, яны шакаваныя ідэяй Ромні спыніць субсідаваньне дзіцячага тэлесэрыялу «Вуліца Сэзам». Бразыльцаў таксама захапляе драматызм спаборніцтва: бо Абама і Ромні ідуць «галава ў галаву».

«У Расеі і Кітаі кампанію асьвятляюць прыглушана. Гэта адлюстроўвае і насьцярожанае стаўленьне да Ромні, і расчараваньне ў эвалюцыі зьнешняй палітыкі Абамы», — піша выданьне.

Уласна, расчараваньне адчуваецца ў многіх краінах, нават у Нямеччыне, якая проста памяшаная на палітычным жыцьці ЗША, як гаворыцца ў артыкуле. «Абама — больш не мэсія, а ўсяго толькі палітык, палітык нармальны, часам непрыемны», — тлумачыць Крыстаф фон Маршал, загадчык вашынгтонскага карпункту газэты Tagesspiegel.

У Кітаі няўвага СМІ да выбараў у ЗША тлумачыцца яшчэ і ўнутрыпалітычным фактарам: у лістападзе адбудзецца зьезд Камуністычнай партыі Кітаю, на якім ўлада будзе перададзена новай групе кіраўнікоў. Праўда, некаторыя кітайцы зачараваныя ідэяй адкрытых дэбатаў. «У ЗША сутычка ідэалёгій нашмат больш драматычныя, чым у Кітаі. Я сто гадоў не сустракаў у кітайскіх газэтах выраз «клясавая барацьба», — заўважыў перакладчык Гуань Сінь.

У Расеі выбары ў ЗША таксама асьвятляюцца прыглушана, лічыць выданьне. «Амэрыканская гонка разгортваецца пасьля трох выбараў у Расеі, якія былі амаль не спаборныя і ўмацавалі ўладу Пуціна і «Адзінай Расеі», — тлумачыць аўтар. На тэлебачаньні гонка ў ЗША камэнтуецца, пераважна ў нэўтральным або нэгатыўным тоне.

Пры гэтым расейскія цьвердалобыя могуць палічыць Ромні «карысным праціўнікам», заўважае Бары. Простыя расейцы, паводле апытаньня Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі, аддаюць перавагу Абаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG