Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя з «Камунаркай» і «Спартаком»: стрэл па ўласных нагах


Аляксандар Лукашэнка фактычна нацыяналізаваў кандытарскія фабрыкі «Камунарка» і «Спартак», ануляваўшы іх статусы адкрытых акцыянэрных таварыстваў і памяняўшы кіраўнікоў прадпрыемстваў. Паводле Лукашэнкі, надышоў час прызнаць памылковасьць таго, што было зроблена ў 1990-я гады. Ён загадаў цягам кастрычніка закрыць праблему па ўсіх прадпрыемствах, якія былі калісьці прыватызаваныя і раздадзеныя: «Усе яны павінны быць дзяржаўнымі», — заявіў кіраўнік краіны.

Лукашэнку абурыла, што буйныя пакеты акцый двух галоўных прадпрыемстваў кандытарскай прамысловасьці аселі ў руках амэрыканскага бізнэсоўца Марата Новікава, які іх «скупіў у людзей за бесцань з грубымі парушэньнямі заканадаўства». У адсутнасьць самога Новікава, які знаходзіцца ў Нью-Ёрку, прэтэнзіі мусілі выслухоўваць кіраўніцы менскага і гомельскага прадпрыемстваў Натальля Кот і Алеся Самсонава, якіх урэшце кіраўнік краіны выправіў у адстаўку, а назіральныя рады — распусьціў. У Менску на вызваленае месца Лукашэнка прызначыў старшыню канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Івана Данчанку (са словамі «справіцца — віцэ-прэм’ерам зробім, не — у турму пасадзім»), а ў Гомелі — кіраўніка спраў аблвыканкаму Алега Жыдкова:

«Новікаў пастаўляе, Новікаў у вас гаспадар і Новікаў, па-мойму, прадае. Вас гэта не насьцярожвае, што чалавек усё цалкам манапалізаваў? Вы як кіраўнік, як прадстаўнік калектыву павінны былі гэтым цікавіцца? Мусілі! Вы ведаеце маё стаўленьне да прыватызацыі. Я ўжо вось так наеўся гэтых інвэстараў. Тое, што яны, „вялікія“, вам лінію купілі ці пазычылі грошы, дык яны пазычылі з вашых жа грошай. Яны не ўзялі з уласнай кішэні. Яны тут грошы зарабілі, у калектыву ўзялі і яму далі. Чаму вы гэта калектыву не сказалі? Не, Натальля, так ня будзе».

Нам удалося зьвязацца з ужо былой кіраўніцай менскай «Камунаркі» Натальляй Кот, каб спытацца яе думкі пра мэтазгоднасьць фактычнай нацыяналізацыі прыбытковага прадпрыемства. Але спадарыня Кот адказала толькі, што ня мае чаго на гэты конт камэнтаваць.

Кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан кажа, што вернутыя пад дзяржаўную апеку адкрытыя акцыянэрныя таварыствы аказаліся не такімі ўжо і адкрытымі для грамадзкасьці, калі нават экспэрты ня могуць толкам зразумець, што насамрэч стала прычынай прэзыдэнцкага «разносу»:
Незразумела, што за гэтым стаіць, якія там праблемы і ці былі яны наагул

«Складана нешта казаць. Адкрытыя акцыянэрныя таварыствы, у тым ліку і названыя, робяць вялікую памылку з гледзішча іміджавай палітыкі — яны недастаткова адкрытыя. Так, акцыянэры маюць права знаёміцца з інфармацыяй, здараецца часам мэдыя-актыўнасьць, але ўсё роўна грамадзкасьць вельмі мала ведае, як у іх справы. З пазыцыі піяру, іміджу — магу сказаць, што ў гэтым памылка. Таму калі нешта падобнае здараецца, яно адбываецца для ўсіх раптоўна. Незразумела, што за гэтым стаіць, якія там праблемы і ці былі яны наагул. Няпэўнасьць застаецца, цяжка даваць ацэнку: чым і хто кіраваўся, чаму такія рашэньні і чым яны выкліканыя? Няма інфармацыі. Калі б акцыянэрныя таварыствы на рэгулярнай аснове паведамлялі журналістам празь дзелавую прэсу, што ў іх адбываецца, якія ў іх праблемы, якія яны задачы вырашаюць, якія мэты ставяць, то было б меней такіх нечаканых і моцных узрушэньняў».

Нават былыя прадстаўнікі прэзыдэнцкай вэртыкалі не да канца разумеюць прычыны ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі ў справы кандытарскай галіны. Гаворыць колішні спэцыяліст па эканоміцы ў прэзыдэнцкай адміністрацыі Сяргей Чалы:

«Паняцьця ня маю, шчыра кажучы, бо для мяне ўвогуле загадка, што гэта было за выступленьне і што гэта было за рашэньне суду, на якое спасылаўся Лукашэнка. Адным словам, ня вельмі зразумела, што гэта наогул было. Такое адчуваньне, што неяк вельмі дрэнна падрыхтаванае рашэньне, як і ў цэлым сам візыт. Калі згадваць, то гаворка ішла пра нейкае судовае рашэньне аб вяртаньні тых акцый, якія былі скупленыя стратэгічным інвэстарам у працоўнага калектыву, як лічыцца — за бесцань. І я так разумею, што гэта даволі даўняя гісторыя, ня ўчора здарылася, мабыць, ёй ужо не адзін год насамрэч. І падставай для гневу стала ня тое, што мэнэджмэнт ня выканаў гэтае рашэньне, а тое, што выкананьню гэтаму не паспрыяла назіральная рада, а таму трэба яе расфармаваць».

На сярэдзіну лістапада ў Менску заплянаваны VІІ Беларускі інвэстыцыйны форум, на які запрошаныя прадстаўнікі замежнага бізнэсу і фінансавых інстытутаў. Гасьцям раскажуць пра значны інвэстыцыйны патэнцыял Беларусі, а таксама прапануюць удзел у канкрэтных праектах. Як лічыць Валянцін Лопан, скандал са зьменай формы ўласнасьці на «Камунарцы» і «Спартаку» наўрад ці дадасьць імпэту патэнцыйным інвэстарам:

«Я ня ведаю, як гэты выпадак паўплывае на сам форум, але, безумоўна, гэта істотна ўскладняе працэсы на фондавым рынку. То бок прадаваць якіясьці акцыі, рабіць дадатковыя эмісіі і іншае пэўны час будзе, мяркую, складаней, пакуль не забудзецца ўсё гэта. З пункту гледжаньня іміджу гэта, вядома, страты, бо гэта ніяк не ўмацоўвае даверу да Беларусі з боку інвэстараў — дробных ці буйных, айчынных ці замежных. Бо няма ніякай упэўненасьці, што зь якімсьці канкрэтным акцыянэрным таварыствам неўзабаве ня здарыцца тое ж самае».
\Ніякай упэўненасьці, што зь якімсьці канкрэтным акцыянэрным таварыствам неўзабаве ня здарыцца тое ж самае

Гэткай сама пазыцыі трымаецца і фінансавы аналітык Сяргей Чалы. На яго думку, задачу прыцягненьня ў эканоміку Беларусі так патрэбных зараз мільярдаў даляраў можна лічыць практычна пахаванай:

«Так, я лічу, што тут, вядома, таймінг вельмі „ўдалы“ на тэму менавіта вось такога выступленьня. Што і казаць, „лепшага часу“ было складана выбраць. Вядома, інвэстыцыйны форум цяпер зь „вялікім посьпехам“ пройдзе і задача прыцягненьня 17 мільярдаў даляраў замежных інвэстыцыяў у бліжэйшыя тры гады, думаю, таксама будзе „выкананая“ дзякуючы гэтаму. Так што проста загадка, што гэта было і навошта гэта было. Таму што гэта выглядае дакладна так, як англічане кажуць — стрэліць сабе ў нагу. Рацыянальна нешта патлумачыць немагчыма — настолькі няўдалы момант, што горш не бывае».

Наведваючы «Камунарку», Аляксандар Лукашэнка заявіў, што стратэгічныя прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасьці, харчовыя, абутковыя і г.д. — гэта народныя прадпрыемствы, за якія трэба трымацца. Такія заводы і фабрыкі, на ягонае перакананьне, у абсалютнай бальшыні павінны заставацца ў руках дзяржавы: «І ніякай тут прыватызацыі ня будзе!» — падсумаваў Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG