Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні дзень Нацыянальнага сходу IV скліканьня


У Менску 11 кастрычніка адбудзецца апошняе сумеснае пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў і Савету рэспублікі чацьвёртага скліканьня. Чакаецца, што ў ім возьме ўдзел кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Нацыянальны сход чацьвёртага скліканьня вызначыўся тым, што так і не прызнаў самаабвешчаныя рэспублікі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Ці вернецца да гэтага пытаньня новы склад парлямэнту?

Пра гэта старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў, які пераабраўся на новы тэрмін, сказаў карэспандэнту «Свабоды»:

Анатоль Рубінаў
Анатоль Рубінаў
«Палітыка — справа складаная. Мы не прызналі Косава, патрэбная нейкая пасьлядоўнасьць. Паглядзім, час пройдзе. Мы зь вялікай сымпатыяй ставімся да Асэтыі й Абхазіі, я наогул у Абхазіі быў шмат разоў. Паглядзім, як будзе разьвівацца… Калі гэта зацьвердзіцца і неяк стане на ногі, напэўна, і да гэтага неяк дойдзе. Трэба ўдумліва і адказна падысьці да гэтага пытаньня. Тут ніякай палітычнай гульні не павінна быць. Мы з Расеяй у блізкіх саюзных стасунках, у прынцыпе, праводзім адну палітыку і падтрымліваем яе палітыку. І ў гэтай частцы таксама. А што да гэтых дыпляматычных крокаў, тут як бы ўсё павінна быць узважана. Напэўна, прыйдзем некалі і да гэтага пытаньня».

Палата прадстаўнікоў вызначылася й тым, што 30 чэрвеня таемна, на зачыненым пасяджэньні, ухваліла Мытны кодэкс Мытнага саюзу Беларусі, Украіны і Расеі. Таксама яна прыняла больш жорсткія папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах.

Гэтаму складу Нацыянальнага сходу так і не ўдалося пераадолець складанасьці адносна свайго прадстаўніцтва ў тым жа Эўранэсьце — парлямэнцкай асамблеі краінаў, якія ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства». 11-12 кастрычніка ў Брусэлі лідэры апазыцыі возьмуць удзел у дыскусіі пра сытуацыю ў Беларусі, апавёў лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Там будзе адбывацца паседжаньне працоўнай групы па Беларусі парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства „Эўранэст“. І традыцыйна стаіць пытаньне, ці магчыма знайсьці нейкі фармат удзелу для прадстаўнікоў Беларусі. Паколькі беларускія дэпутаты не прызнаныя эўрапейскімі структурамі, іх туды не запрашаюць. Пытаньне запрашэньня апазыцыі блякуюць прадстаўнікі іншых пяці краінаў Усходняга партнэрства. На парадку дня будуць стаяць пытаньні, як адбываліся выбары, якая актуальная сытуацыя ў краіне і якое ёсьць бачаньне ў прадстаўнікоў дэмпартый. Мы трымаемся ранейшага варыянту, што кампрамісным варыянтам мог бы быць варыянт „пяць на пяць“ у якасьці назіральнікаў. То бок 5 ад беларускіх уладаў і 5 ад дэмакратычных партый. Калі ўлады гэтую прапанову адмаўляюць, то варта схіліцца да фармату — 10 назіральнікаў ад дэмакратычных сілаў».

Толькі ў 2011 годзе зь бюджэту на фінансаваньне Нацыянальнага сходу было выдзелена 34 718 547 тысяч рублёў. Як паведаміў падчас тэледэбатаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня, сябра кампартыі Беларусі Аляксей Кузьміч, яго месячны заробак складае 9 мільёнаў рублёў.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька падчас тэледэбатаў заявіў, што па сваёй ініцыятыве дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня прынялі ўсяго тры законапраекты. Паводле Лябедзькі, «гэта прыкладна калі сьлесар-зборшчык на „Гарызонце“ зрабіў тры тэлевізары, а потым чатыры гады атрымліваў заробак».

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
Паводле палітоляга Юр’я Чавусава, у Беларусі парлямэнт ператварыўся ў месца завяршэньня палітычных кар’ераў:

«Мы бачым, што сярэдні век парлямэнтароў павялічваецца. І па вялікім рахунку, гэтыя выбары паказалі, што гэта, хутчэй, месца, куды ссылаюць чыноўнікаў перад пэнсіяй альбо нават пасьля пэнсіі. Чакаць нечага большага ад гэтага органу, чым некаторыя магчымасьці лябіяваньня, ня варта. Парлямэнт, фактычна, не выконвае ролі адбору кіроўных кадраў, а тым больш органу заканадаўчай улады.»

Міжнародныя назіральнікі ад Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, якія ў 2008 годзе назіралі за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў прызналі, што парлямэнцкія выбары 28 верасьня ў Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЭ для дэмакратычных выбараў. Тады ў выбарах бралі ўдзел 275 кандыдатаў у 110 акругах.

У Палату прадстаўнікоў пятага скліканьня са старога складу пераабраўся 21 дэпутат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG