Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі пасьля «Дажынак»


Два тыдні таму ў Горках, што на Магілёўшчыне, прайшлі «Дажынкі». За гэты час жыхары райцэнтру на свае вочы пераканаліся, чаго каштавала пасьпешлівая падрыхтоўка гораду да фэсту. Тратуары правальваюцца, двары чакаюць парадкаваньня, а некаторыя дамы — рамонту.

У Горках, як і ўва ўсіх дажынкаўскіх райцэнтрах, дамы звыкла пафарбаваныя ў вясёлкавыя колеры. Шыфэр на дахах заменены мэталічнай дахоўкай. Паўсюль разьбітыя кветнікі — формай падобныя да магілак. Ходнікі забрукаваныя тратуарнай пліткай. Менавіта яна першай і ня вытрымала выпрабаваньня восеньскімі дажджамі. Шмат дзе парабіліся правалы. Камунальнікі аўральна ліквідуюць іх.
Умацаваньні моста ня вытрымалі дажджоў
Умацаваньні моста ня вытрымалі дажджоў

«Навошта далёка хадзіць — вось бачыш, тратуар правалены. І так паўсюль. Вось прайдзі за цэнтральную вуліцу, і там правалена плітка тратуарная перад самай арэнай — мэтра паўтара», абураецца мінак на галоўнай у райцэнтры вуліцы Якубоўскага.

«Арэнай» называюць у Горках амфітэатар, дзе 21 верасьня Аляксандар Лукашэнка адкрываў «Дажынкі». Перад сцэнаю, на якой стаяў кіраўнік дзяржавы, таксама кідаецца ў вочы нядаўні плітачны рамонт. Плітачныя аскалёпкі ў грудку тут жа. Са стромкіх адхонаў на плітку сям-там вадой намыла грунт. Працы ля амфітэатра далёка ня скончаныя. Будаўнікі сьпяшаюцца ставіць слупы асьвятленьня. Нядобра зіркаюць на журналіста, які наважыўся быў іх фатаграфаваць.
Амфітэатар. Адсюль Лукашэнка адкрываў «Дажынкі». І тут відаць плітачны рамонт
Амфітэатар. Адсюль Лукашэнка адкрываў «Дажынкі». І тут відаць плітачны рамонт

«Цэнтар вуліц нібыта парабілі, а толькі ўбок дваццаць мэтраў нельга праехаць. Усё нельга — праехаць, прайсьці. Вада стаіць, бруд. І сьпешка. Невядома, што яна ўвесну пакажа. А вось асфальт. У апошні дзень перад „Дажынкамі“ дождж лье, а яны асфальт кладуць. А яно ўсё ж вылезе», — дзеліцца назіраньнямі спадар сталага веку.

Рыхтавалі Горкі да «Дажынак» будаўнікі з усяе Беларусі. На фэстываль працаўнікоў сяла былі патрачаныя дзясяткі мільярдаў рублёў. Тым ня менш недаробленага ў райцэнтры шмат. У чым прычына, цікаўлюся ў жыхароў Горак. Адно зь меркаваньняў:

«Часу было замала й сродкаў замала, каб за адзін год такі аб’ём выканаць. Трэба да „Дажынак“ рыхтавацца два-тры гады. І калі ўжо хочуць горад прыбіраць, то гэта трэба рабіць да канца».

Урэшце ня толькі ўскрайкі райцэнтру ня ўбачылі дажынкаўскага завіханьня. Жыхары дома на вуліцы Сурганава, 6, які амаль у гарадзкім цэнтры, спадзяваліся на адсяленьне. Але ня выпала. Дом пафарбавалі. Старыя вокны замянілі шклопакетамі, дах перакрылі мэталапрофілем. Усярэдзіне ж — заняпад. У адной з кватэраў узьнялася падлога. Рэчы зьнесьлі ў адзін пакой. Каналізацыйны смурод і абурэньне гаспадыні, якая чакала санэпідэмстанцыю, а завітаў журналіст.
Выгляд кватэры ў доме, які абяцалі адрамантаваць да «Дажынак». Каналізацыйныя сьцёкі запоўнілі яміну, дзе мусяць пракласьці трубы водаправоду
Выгляд кватэры ў доме, які абяцалі адрамантаваць да «Дажынак». Каналізацыйныя сьцёкі запоўнілі яміну, дзе мусяць пракласьці трубы водаправоду

Сытуацыю жанчына тлумачыць эмацыйна й разгублена:

«Вы ж бачыце, якая тут гніль і якая багна. Я ў шоку. Вось учора яны тут капалі, і зьявілася вада, бо цячэ каналізацыя пад падлогу. Тэрмін быў да 1 верасьня адрамантаваць усё. Сыстэму замяніць, ваду прыбраць — ніхто нічога не зрабіў. Дом зусім кепскі. Фундамэнта з аднаго боку зусім няма. А ў доме ж жыве дзевяць сем’яў».
Такі дом звонку
Такі дом звонку

Аварыйным, як сьцьвярджала мясцовая ўлада, быў і дом, у якім жыў Максім Гарэцкі ў 20-х гадах мінулага стагодзьдзя. Яго зьнесьлі. Цяпер на месцы будынка высаджаныя маладыя бярозкі. Абяцанай інфармацыйнай шыльды, хто жыў у зьнесеным доме, няма. Няма на новых шыльдах з назвамі вуліц і беларускай мовы. Усе яны расейскамоўныя. Беларускай мовы болей на агітацыйных стэндах, якія засталіся ад «Дажынак».
Памяць пра дом Гарэцкага ўшанавалі маладымі бярозкамі
Памяць пра дом Гарэцкага ўшанавалі маладымі бярозкамі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG