Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пэнсіянэры засталіся без «гародніннай» дабаўкі


1 кастрычніка паводле рэзалюцыі ААН адзначаецца Міжнародны дзень пажылых людзей. Упершыню за многія гады ў Беларусі сёлета пажылыя людзі не атрымалі адмысловую надбаўку да пэнсій «на гародніну».

Як адрэагавалі на гэта пэнсіянэры? Ці дастаткова падвышаных у жніўні пэнсіяў, каб нарыхтаваць бульбу і гародніну на зіму?

Гомельская пэнсіянэрка спадарыня Галіна кажа, што сёлета ня толькі купляць, але нават думаць пра нарыхтоўку гародніны вусьцішна:

«Цыбулю купіць, бурака купіць, моркву купіць, часнык купіць, бульбу купіць — мільёна паўтара трэба. Крыўдна, што не дабавілі. Каб хаця па 500 тысяч даў сабес, то было б больш-менш. Яны паквартальна дабаўляюць нам і лічаць, што робяць добрую справу».

Жанчына мяркуе, што трэба ня столькі пэнсіі падвышаць, колькі зьнізіць і стабілізаваць цэны ў крамах:

«Трэба цэны зьнізіць і зрабіць стабільнымі, каб людзі ня тузаліся. Людзі толькі тузаюцца. Ідзеш у краму — ага, малако было 4 тысячы, а ўжо 5. Што ж гэта за жыцьцё? І што толку, што яны дабавяць гэтыя 50–100 тысяч? Я за дзень на дваіх з мужам трачу 200 тысяч. Падаецца, што мы нічога й не бярэм. Я вазьму яму зельцу якога таньнейшага, батона, малака, сьмятаны — і гэта кожны дзень. А калі мяса — а яно каштуе 60 тысяч, дык калі возьмеш таго мяса, то яго трэба на 5 разоў дзяліць».

Пасьля ўсіх сёлетніх падвышэньняў сярэдні памер пэнсій у Беларусі складае 1,6 мільёна рублёў, мінімальны — 1,2 мільёна. Прынамсі, такія лічбы падае афіцыйная статыстыка.

Спадарыня Надзея з абласнога цэнтру працавала ў лячэбных установах санітаркай і атрымлівае зараз, як яна сьцьвярджае, адзін мільён пэнсіі. Калі б сёлета, як летась, далі на гародніну хоць 500 тысяч, то гэта была б вялікая радасьць для 72-гадовай пэнсіянэркі:

«А, колькі той пэнсіі — у мяне толькі мільён адзін. Крыўдна, вядома. Вельмі цяжка жыць — усё дарагое. Цяжка, што ня выжыць. Калі б далі хоць паўмільёна, ого, якая радасьць нам».

Пэнсіянэрка Ганна кажа, што ў суседняй Расеі пэнсіі ў пажылых людзей нашмат вышэйшыя:

«У Расеі пэнсіі большыя, чымсьці ў Беларусі. Прыяжджаў мой сын і сказаў, што ў іх пэнсіі большыя. Каб зь іхняй пэнсіяй ды ў нас, то жыць можна было б. На расейскія ў іх тысяч дзесяць. Гэта на нашыя грошы — 2 мільёны 700 тысяч».

Пэнсіянэрка, інвалід 2 групы спадарыня Францішка радуецца, што ўнучка пераехала на сталае жыцьцё ў Польшчу й ёй у будучым не пагражае жыцьцё адзінокай беларускай пэнсіянэркі:

«У нас вельмі кепска, падманваюць — і ўсё. У мяне 500 тысяч ідзе толькі на лекі, бо алергія на іх. Трэба падбіраць і купляць усё за свае грошы. Дзякуй Богу, што ўнучка зьехала ў Варшаву і сказала, што ніколі ня вернецца сюды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG