Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб адчыніць дзьверы Эўропы, трэба выпускаць палітвязьняў»


«Каб адчыніць эўрапейскія дзьверы, трэба выпускаць палітвязьняў»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:30 0:00
Наўпроставы лінк

Чаму ўлады пачалі выпускаць на волю палітзьняволеных, ці зьвязана гэта як-небудзь з вынікамі парлямэнцкіх выбараў? Калі афіцыйны Менск робіць гэта, каб палепшыць стасункі з Захадам, то ці пачне Захад рабіць крокі ў адказ — ці будзе і далей настойваць на вызваленьні ўсіх да адзінага палітвязьняў? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў і былы палітвязень, палітычны аглядальнік Аляксандар Фядута.

Віталь Цыганкоў: «Ці зьвязалі б вы неяк тое, што былі вызваленыя два палітвязьні, з вынікамі парлямэнцкіх выбараў? Ці можна сказаць — і ўжо прагучалі такія меркаваньні, — што ўлада зразумела, што прайграла на гэтых выбарах; зразумела тое, што ёй хацеў сваім байкотам сказаць народ, і таму пачала вызваляць палітвязьняў?

Або ў вас ёсьць больш празаічныя вэрсіі? Можа, гэтыя два чалавекі былі вызваленыя зараз таму, што ўлады проста не хацелі гэта рабіць да выбараў, падчас выбарчай кампаніі, бо гэта разглядалася б як пэўная саступка, — і цяпер проста падышоў час? Аляксандар, ці бачыце вы ў гэтым кроку нейкія сур’ёзныя палітычныя наступствы, і калі так, дык якія?»

«Сёньня Лукашэнку ўжо ўсё роўна, што думае народ»


Фядута: «На мой погляд, з вынікамі парлямэнцкіх выбараў гэта аніяк не зьвязана, таму што нічога ад таго, што народ не зьявіўся на ўчасткі для галасаваньня, не зьмянілася. Ніякага байкоту Аляксандар Лукашэнка не адчуў: камісіі як працавалі, так і працавалі ўвесь гэты час.

На мой погляд, тое, што палітвязьняў выпусьцілі менавіта зараз, зьвязана хутчэй з вынікамі перамоваў наконт нафты і нафтапрадуктаў, — вось гэты знакаміты скандал з растваральнікамі, які адбыўся ў беларуска-расейскіх адносінах.
Ніякага байкоту Аляксандар Лукашэнка не адчуў

Перад Аляксандрам Лукашэнкам, на мой погляд, зноўку паўстала пытаньне, ці слушна ён робіць, калі ломіцца толькі ў адны дзьверы, ці ня трэба, каб былі прачыненыя і іншыя дзьверы, эўрапейскія. А каб іх адчыніць, трэба зноў пачаць выпускаць палітвязьняў».

Віталь Цыганкоў: «Вы сказалі, што Аляксандар Лукашэнка аніякага байкоту не адчуў. Ня будзем моцна паглыбляцца ў аналіз вынікаў парлямэнцкіх выбараў (гэтаму ўжо былі прысьвечаныя нашы ранейшыя перадачы). Аднак ці хочаце вы сказаць, што Аляксандар Лукашэнка таксама верыць у тыя афіцыйныя вынікі выбараў, якія даюцца па беларускім тэлебачаньні? Ці ўсё ж ёсьць ва ўлады нейкія адмысловыя дасьледаваньні, у тым ліку сацыялягічныя, якія паказваюць ім рэальную карціну?»

Фядута: «Наколькі я ведаю, спэцыяльныя службы, да якіх можна далучыць і інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі прэзыдэнта, да Аляксандра Лукашэнкі павінны даводзіць сапраўдную інфармацыю пра тое, што адбываецца.

Я думаю, ён добра ведае, што адбываецца, які настрой у грамадзтве, але палітыка — справа досыць цынічная. Мяркую, што сёньня Лукашэнку ўжо ўсё роўна, што думае народ, і, хутчэй за ўсё, яго цікавіць толькі адно: які ёсьць рэсурс для далейшага ціску на выбарчыя камісіі, каб зноў атрымліваць той вынік, які яму патрэбны».

Цыганкоў: «Гэта было меркаваньне Аляксандра Фядуты, які выказаў, здаецца, даволі відавочную вэрсію, што Лукашэнка пачаў вызваляць палітвязьняў у сувязі з тым, што трэба наладжваць адносіны з Захадам.

Валер, ці згодны вы з такой вэрсіяй, і, калі зыходзіць з гэтага, якімі могуць быць далейшыя крокі? Трэба ісьці на вызваленьне іншых? І дзе тут мяжа: вызваляць будуць толькі тых, хто прасіў памілаваньня, ці, можа, нават тых, хто гэтага памілаваньня ня просіць, як таго патрабуе Захад?»

«Калі ня будзе атрыманы чарговы крэдыт, дык усе папулісцкія пляны напярэдадні наступных прэзыдэнцкіх выбараў могуць пайсьці пад адхон»


Булгакаў: «Пачну з таго, што парлямэнцкія выбары былі акурат такім мерапрыемствам, у сувязі зь якім нельга было вызваляць палітвязьняў. Да мінулай нядзелі ўлады паказвалі, што ў Беларусі існуе маналітная дзяржаўная машына, якая не здрыганецца перад ціскам ні з Усходу, ні з Захаду.

Кантэкст не зьвязаны зь нейкай разгубленасьцю ад вынікаў выбараў, бо апатыя, дэпалітызацыя грамадзтва — гэта акурат тыя вынікі, якія сьвядома насаджваліся. «Чырвоная вяха» ў палітычнай гісторыі Беларусі завершаная, чарговая старонка нашай гісторыі перагорнутая, і пачынаецца новы палітычны цыкль. Гэта значыць, найбліжэйшыя выбарчыя кампаніі — аддаленыя ў часе, і зьяўляецца поле для манэўраў.

Чаму гэта было зроблена? Я згаджуся са спадаром Фядутам у тым, што адказ трэба шукаць ня толькі ў полі ўнутранай палітыкі, а ўвогуле шырэй, я б сказаў нават — у глябальным кантэксьце.

Не пагаджуся ж са спадаром Фядутам ва ўдакладненьні лякалізацыі прычын, якія рухалі Аляксандрам Лукашэнкам, калі ён памілаваў двух палітвязьняў. У Беларусі назіраецца ажыятажны попыт на валюту. Як мы ведаем, напрыканцы жніўня і асабліва ў верасьні беларусы — прычым як фізычныя асобы, так і юрыдычныя — купляюць валюты значна больш, чым прадаюць. У Беларусі назіраецца агромністы эканамічны дысбалянс.

Нагадаю, што экспарт беларускай прадукцыі ў краіны Эўразьвязу за гэты год склаў трошкі больш за 10 мільярдаў даляраў, зь іх толькі прыкладна адна дзясятая частка — гэта высокатэхналягічная прадукцыя. Рэшта — гэта прадукты перапрацоўкі ў галіне нафтапрамысловасьці і падобнай сыравіны.

Акурат гэта робіць задачу ўтрыманьня Лукашэнкі пры ўладзе вельмі праблематычнай. У адміністрацыі прэзыдэнта ўзьнікаюць прапановы, цэлы шэраг інструмэнтаў, каб згладзіць вастрыню моманту. А вастрыня палягае ў тым, што калі ня будзе атрыманы чарговы крэдыт, напрыклад, ад заходніх фінансавых інстытутаў, дык усе папулісцкія пляны напярэдадні наступных прэзыдэнцкіх выбараў могуць пайсьці пад адхон.

З гэтай прычыны мы бачым, па-першае, знакавае прызначэньне Ўладзімера Макея на пасаду міністра замежных спраў. Макей зрабіў тое, чаго, здаецца, ніхто не рабіў апошнім часам: ён сустрэўся з часовым павераным Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі, ён склаў спачуваньне з нагоды забойства амэрыканскага амбасадара ў Лібіі. Пачынаюць цыркуляваць чуткі, што, нягледзячы на востры дыпляматычны канфлікт, швэдзкая амбасада ў Беларусі будзе адноўленая, толькі ўзначальваць яе ўжо ня будзе слынны швэдзкі дыплямат Стэфан Эрыксан. Мы бачым спробы Макея зьвярнуцца да амэрыканскіх элітаў (я маю на ўвазе ягоны візыт у Злучаныя Штаты Амэрыкі).

Сытуацыя такая, калі казаць проста і цынічна: выбары скончаныя, сыстэма засьведчыла, што яна падкантрольная. Ніякіх сур’ёзных ачагоў дэстабілізацыі ўсярэдзіне сыстэмы не назіраецца. Адзіны істотны фактар — гэта эканамічныя дысбалянсы, якія пастаянна нарастаюць. Інакш кажучы, узровень спажываньня ў Беларусі вымагае сталага прытоку замежных грошай».

«Захад будзе трымацца цьвёрдай лініі»


Цыганкоў: «Нашы суразмоўцы прыйшлі да згоды, што зараз, дзеля цэлага комплексу прычынаў, афіцыйнаму Менску трэба нейкае паляпшэньне адносінаў з Захадам. Адным з ключавых момантаў у гэтым пытаньні якраз і ёсьць наяўнасьць палітвязьняў.

Давайце паспрабуем прааналізаваць ці спрагназаваць: як Захад можа рэагаваць на гэтыя, пакуль сьціплыя, крокі? Ці будзе Захад стаяць на сваім прынцыпе „ўсіх альбо нічога“, — то бок: „вызваляйце ўсіх, як гэта і патрабавалася“, ці ўсё ж вымушаны будзе пайсьці на больш рэалістычную палітыку: крок за крокам, на кожнага аднаго ці двух вызваленых палітвязьняў неяк рэагаваць, — хоць бы па дыпляматычных каналах даваць нейкія сыгналы?»

Фядута: «Даваць сыгналы па дыпляматычных каналах» — гэта ня значыць, што гэта больш рэалістычная палітыка. Насамрэч усё тое, што адбывалася дагэтуль: «выпусьціце палітвязьняў (я маю на ўвазе, напрыклад, справу спадара Казуліна) — і мы дадзім вам грошы, альбо пэўныя прэфэрэнцыі, альбо здымем санкцыі» — гэта якраз ня будзе спрацоўваць, таму што гэта было самай нерэалістычнай палітыкай.

Рэалістычная палітыка — гэта калі «вы выпусьцілі ўсіх палітвязьняў (усіх тых, каго мы прызнаем за палітвязьняў) — пасьля гэтага мы пачынаем размовы». А не «пасьля гэтага мы вам нешта дадзім». На мой погляд, будзе менавіта так, бо калі так ня будзе, Захад зноў прайграе».

Цыганкоў: «То бок вы прагназуеце, што Захад будзе трымацца менавіта гэтай цьвёрдай лініі?»

Фядута: «Ёсьць пэўныя падставы лічыць, што будзе менавіта так».

Цыганкоў: «Тады як можна спрагназаваць далейшае разьвіцьцё падзеяў? Вы думаеце, што Менск пад такім ціскам будзе вымушаны выпусьціць усіх, у тым ліку Дашкевіча і Статкевіча?»

Фядута: «У мяне ёсьць такія спадзяваньні».

Цыганкоў: «Валер, улічваючы такую (прынамсі ў публічнай сфэры — адназначна цьвёрдую) пазыцыю Захаду наконт палітвязьняў, ці гатовы будзе Менск „пад нейкім соўсам“ іх усё ж выпусьціць? Ці ня будзе тут вялікіх стратаў і для іміджу, і для ўяўленьня пра сваю сілу, калі Аляксандар Лукашэнка аддасьць загад выпусьціць усіх палітвязьняў?»

Булгакаў: «Я думаю, што ранейшыя часы могуць паўтарыцца. Нейкая гульня, магчыма, у часавай прасторы, зьвязаная з абмеркаваньнем і магчымым выдзяленьнем Беларусі чарговага крэдыту МВФ, — інакш кажучы, з атрыманьнем нейкай сур’ёзнай дапамогі ў выглядзе пазыкі ад заходніх фінансавых інстытутаў.
Выглядае, што ўся гэтая валтузьня сапраўды інсьпіраваная тым, што эканамічныя пазыцыі Беларусі ў 2012 годзе пагаршаюцца

Лукашэнку не патрэбнае братаньне з заходнімі палітыкамі. У Лукашэнкі няма мэты, каб Беларусь стала чальцом Рады Эўропы. Ён мысьліць утылітарна, у эканамічных катэгорыях. Выглядае, што ўся гэтая валтузьня сапраўды інсьпіраваная тым, што эканамічныя пазыцыі Беларусі ў 2012 годзе пагаршаюцца, што ў наступным годзе нас чакае наступнае перафарматаваньне адносінаў з Расеяй.

Сёньня, напрыклад, мы даведаліся, што пастаўкі беларускай нафты на ўкраінскі рынак будуць абкладацца спэцыяльным мытам. У гэтай сытуацыі ўзьнікае прастора менавіта для гульні, прычым гэтая гульня можа адбывацца па розных каналах. Могуць адбывацца як фармальныя акты, так і нефармальныя, пра якія мы ніколі на даведаемся і якія, трэба меркаваць, мелі месца падчас адлігі 2008–2010 гадоў».

Цыганкоў: «Варта нагадаць, што тая адліга адбывалася пры канкрэтнай нагодзе: напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Наступныя выбары ўсё ж даволі далёка…»

Булгакаў: «Але тая адліга была пасьля атрыманьня крэдыту МВФ, які ўратаваў беларускую эканоміку ад краху, які адбыўся ўжо пасьля, у 2011 годзе…»

Цыганкоў: «Аляксандар, ці згодны вы з такім эканамічным дэтэрмінізмам Валера Булгакава, што эканоміка ў дадзеным выпадку вырашае ўсё? І чым горшая будзе сытуацыя, чым больш будуць патрэбныя заходнія інвэстыцыі альбо крэдыты, тым больш Менск будзе ісьці насустрач палітычным патрабаваньням?»

Фядута: «Калі гэты эканамічны дэтэрмінізм ёсьць пэсымізм — я таксама пэсыміст, як і спадар Булгакаў. Калі гэта аптымізм — я таксама аптыміст, як і спадар Булгакаў».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG