Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыйшоў у паліклініку? Плаці


Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік прапанаваў увесьці плату за наведваньне паліклінік, каб вырашыць праблему чэргаў.

Наведнікі паліклінік супраць дадатковай аплаты, а лекары заяўляюць, што частковыя меры праблему чэргаў ня здымуць.

Менская паліклініка № 19 — шматпавярховы сучасны будынак у цэнтры сталіцы. Як і паўсюль у медычных установах Беларусі, тут амаль ўсюды — чэргі, асабліва да вузкіх спэцыялістаў. Людзі кажуць, што гатовыя плаціць, але за абслугоўваньне, якое павінна быць хуткім і якасным. Гутару зь людзьмі, якія стаяць у чарзе па талёны:

Карэспандэнтка: «Ці часта вы бываеце ў паліклініцы?»

Спадар: «Ня часта, не хварэю».

Карэспандэнтка: «Калі бываеце, ці лёгка ўзяць талёнчык да лекара?»

Спадар: «Цяжка. Вельмі цяжка. Няма талёнчыкаў».

Карэспандэнтка: «Як вы ставіцеся да ідэі плаціць за наведваньне паліклінікі?»

Спадар: «Магчыма, што ў гэтым і быў бы сэнс, каб прыйшоў, заплаціў і трапіў куды трэба. Таму вось я прыйшоў і пагляджу, ці ёсьць магчымасьць на платнай аснове трапіць да лекара».

Спадарыня: «Я супраць аплаты. Вядома, каб добра лячылі, каб я была ўпэўненая, што вылечуся, то, вядома, платна было б лепш. Бо як балела нага і сьпіна, так яны і баляць. Лекі прыняла, але нічога не дапамагло».

Спадар: «Ня ведаю, як гэта? А калі ў людзей няма грошай, як яны будуць плаціць? Гэта ж грошай ня хопіць, каб наведваць яшчэ і паліклініку. Я мала зарабляю».

Спадарыня:: «Мне прасьцей схадзіць і заплаціць і быць упэўненай, што я атрымаю дапамогу».

Спадарыня: «Не, за наведваньне — не. А за што плаціць? За тое, што ты прыйшоў? Гэта ж грошы на вецер».

Спадар: «Ды нічога добрага з гэтага ня будзе — сыстэму ж ня зломіш. Хтосьці будзе ісьці па ільготах, і плаці, не плаці — усё роўна сядзець будзеш. Гэта толькі вымаганьне грошай для бюджэту ці яшчэ для каго, каб выцягнуць зь людзей грошы».

Пра ідэю платнага наведваньня паліклінік самі мэдычныя работнікі размаўляць катэгарычна адмаўляюцца. Адзін зь іх пракамэнтаваў магчымае новаўвядзеньне на ўмовах ананімнасьці:

«Складанае пытаньне — тое, што сказаў Тозік пра аднаразовую плату за наведваньне паліклінікі. Ніводнае сур’ёзнае пытаньне ня можа быць вырашанае нейкім адным дзеяньнем. Калі гэта і будзе рабіцца, то гэта будзе рабіцца ў шэрагу цэлага комплексу мерапрыемстваў. Гэта і страхавая мэдыцына, і гэтак далей. Тады неяк можна вырашыць. А так вось увядзём плату, а заўтра народ ня пойдзе ў паліклінікі, будзе шукаць ільготы, каб нехта за яго заплаціў. Гэта не вырашэньне праблемы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG