Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данчыка сёньня «Дазволена ўсё»


Выбіраючы шэдэўры сярод клясычных Брадвэйскіх м’юзыклаў, я працягваю знаёміць Вас з гэтым унікальным амэрыканскім жанрам, які я — пражыўшы больш за палову свайго жыцьця ў Нью Ёрку — люблю ад самага дзяцінства.




У былыя дні
згледзець краёчак панчохі
лічылася скандалам.
А цяпер — божа мой —
Дазволена ўсё!



Так на гэтым скрыпучым архіўным запісе ажно 1934-га году славуты амэрыканскі кампазытар Коль Портэр сам прасьпяваў першы куплет тытульнага нумару свайго м’юзыклу Аnything Goes (па-беларуску — «Дазволена ўсё»). Портэр дае зразумець, што нават і ў далёкіх 30-х некаторыя ўжо лічылі, што грамадзтва робіцца празьмерна лібэральным, а норавы занадта вольнымі. Ягоны м’юзыкал быў адноўлены у шыкоўнай пастаноўцы у 87-ым годзе, на якой я пабываў разоў 4 ці 5. Галоўную ролю тады выконвала славутая зорка Брадвэю — Patti Lupone.



Коль Портэр, народжаны у 1891 годзе, быў адным з трох найвыдатнейшых кампазытараў і лірыкаў амэрыканскага музычнага тэатру 30-х 40-х гадоў. Два іншыя — гэта ўраджэнец Магілёву Ірвінг Бэрлін і брытанец Ноэл Каўард. Найярчэйшыя поп-выканаўцы мінулага стагодзьдзя — Эла Фіцджэралд, Фрэнк Сынатра, Оскар Пітэрсан — так высока цанілі творчасьць кампазытара, што выдалі цэлыя кружэлкі, прысьвечаныя толькі Портэраўскім чароўным мэлёдыям.



Песьня Коля Портэра з спэктаклю «Anything Goes» I Get a Kick Out of You — «Ты мне надта падабаесься» ў выкананьні Пэты Лупон.

Да найбольш ведамых твораў Коля Портэра належаць яшчэ такія песьні як Love for Sale, Night and Day, і I Love Paris і такія брадвэйскія гіты, як Kiss Me Kate and Can-Can, але сёньня я прапаную Вам урыўкі з ужо згаданага спэктаклю Anything Goes, напісанага амаль 80 гадоў таму, які і сёньня захапляе ўсё новых гледачоў з усяго сьвету ў адноўленай Брадвэйскай пастаноўцы (у Нью-Ёрскім тэатры імя кампазытара Стывэна Сандгайма, пра якога я распавядаў у папярэдніх дзьвюх перадачах пра Ўэст-Сайдзкую Гісторыю.)

Абсурдна-камічныя дзеі Anything Goes (Дазволена Ўсё!) адбываюцца на борце люксусовага круізнага карабля, які плыве зь Нью Ёрку ў Лёндан. Уваходзіць у дэталі мудрагелістага сюжэту п’есы ня варта, дастаткова адзначыць, што тут сплятаюцца лёсы галоўных пэрсанажаў — амэрыканскіх гангстэраў, ангельскіх арыстакратаў і звычайных пасажыраў. Як я ўжо казаў, я бачыў спэктакль некалькі разоў і скажу адно: засталіся ў памяці зачараваньне музыкай, забаўнай паэзіяй і танцамі (тут найбольш выкарыстоўваецца амэрыканскі «тэп-дэнсынг»), але памятаю і ўласны часты рогат з камічных дзеяў, якія адбываюцца на сцэне.

Коля Портэра называлі «ўвасабленьнем гарадзкога шарму і дасьціпнасьці». Ён быў найбольш ведамы ня толькі сваімі мэлёдыямі, але й двухсэнсоўнымі словамі да іх, якія часта суправаджаліся падміргваньнем у бок аўдыторыі — такі быў ягоны камэнтар да прынятых сацыяльных і маральных табу. Напрыклад, у песьні You’re the Top галоўныя героі, уолстрытаўскі брокер Білі Крокер і найтклюбаўская сьпявачка Рыно Суіні стараюцца пераканаць адзін аднаго, хто зь іх найцудоўнейшы. У песьні «Калі я Ніз, то Ты Верх» паэт грае на відавочным сэксуальным падтэксьце гэтых словаў. Вось кліп з пастаноўкі 87-га году, патаемна запісаны аматарам і выстаўлены на ю-цюбе.



Сьпяваюць Гаўард Магілан і Пэты Лупон.

Амэрыканская сьпявачка італьянскага паходжаньня Patti Lupone (ейная бабуля — славутая італьянская прымадона Адэліна Паці) на працягу апошніх трыццаці гадоў, з часу ейнага дэбюту ў рок-опэры Эндру Лойда Вэбэра «Эвіта», зьяўляецца галоўнай «багіняй» Брадвэйскай музычнай і драматычнай сцэнаў. Таму ў маім цыклі пра м’юзыклы ейнае імя і дасканалае мастацтва будуць згадвацца яшчэ ня раз.

У 87-м годзе Patti Lupone атрымала свой чарговы трыюмф у галоўнай ролі спэктаклю Anything Goes, дзе яна выступіла ў камічнай постаці Рыно — былой рэлігійнай прапаведніцы-эвангелісткі, якая стала найтклюбаўскай сьпявачкай круізнага карабля. Само па сабе абсурднае спалучэньне прафэсіяў лішні раз сьведчыць пра агульную танальнасьць п’есы...

У заключным на сёньня ўрыўку з Anything Goes, гераіня спэктаклю Рыно заклікае пасажыраў, што сабраліся на палубе, каяцца ў сваіх грахах — і зьвяртаецца да арханёла Гаўрыіла, каб той дапамог ім і дзьмуў ва ўсю моц на сваёй трубе.



Падчас канцэрту ў 1988-м годзе ў Белым Доме перад тагачасным прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам-старэйшым і ягонай жонкай Барбарай песьню Blow Gabriel Blow — «Дзьмі, Гаўрыіл, Дьзмі» — сьпявае Patti Lupone.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG