Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я аб’яўляю пажыцьцёвы байкот»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Эфір 26 верасьня 2012 году

У мінулую нядзелю Беларусь атрымала новых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Калі меркаваць па пэрсанальным складзе новага парлямэнту і зыходзіць з афіцыйнай вэрсіі пра «сумленнасьць і дэмакратычнасьць» мінулых выбараў, беларускае грамадзтва галасавала выключна за вылучэнцаў улады, а таксама тых, хто не дапускае нават найменшай крытыкі на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Ці так гэта ў рэальнасьці? Беларуская рэчаіснасьць дае шмат падстаў дзеля таго, каб сумнявацца ў такім сьцьвярджэньні.

На гэтую тэму — многія лісты ў нашай верасьнёўскай пошце. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь іх. Вось што піша пра мінулую выбарчую кампанію наш слухач Барыс Руцько зь Менску:

«Выбары гэтыя адбываліся на тле катастрафічнага становішча на многіх дзяржаўных прадпрыемствах і ўва ўсёй эканоміцы ў цэлым. Каб стрымаць грамадзкае абурэньне, адміністрацыя з дапамогай спэцслужбаў выяўляе і перасьледуе апазыцыянэраў і проста грамадзка актыўных людзей, якія адважваюцца гаварыць праўду. Самы просты і распаўсюджаны спосаб барацьбы з такімі асобамі — звальненьне. Падобных прыкладаў апошнім часам шмат.

Улады зрабілі ўсё, каб у парлямэнт прайшлі толькі падхалімы гэтага рэжыму. А пасьля 23 верасьня нас чакае татальнае падвышэньне цэнаў на ўсё самае неабходнае — прадукты харчаваньня, камунальныя паслугі, паліва ды іншае...

Трагедыя рэжыму Лукашэнкі — у тым, што ён страціў тую народную падтрымку, якую калісьці меў. І цяпер сваю непадзельную ўладу імкнецца захаваць і працягнуць з дапамогай фальшаваньняў ды рэпрэсіяў. На сёньня яго палітыку не ўхваляе нават 40 працэнтаў насельніцтва — гэта відавочна. І ён гэта ведае.

Цяпер зразумела і тое, чаму Расея на ўсе сто працэнтаў падтрымлівае гэтыя выбары, прызнае іхныя вынікі. Хутчэй за ўсё, ад новай Палаты прадстаўнікоў варта чакаць нейкага лёсавызначальнага для Беларусі акту на карысьць захопніцкіх імпэрыялістычных плянаў Расеі»
.

Няма сумневу ў тым, спадар Барыс, што ніякіх самастойных крокаў гэтая Палата прадстаўнікоў (як, зрэшты, і ўсе папярэднія) рабіць ня будзе. Дэпутаты выдатна ўсьведамляюць, якім чынам атрымалі свае крэслы, хто іх прызначыў на гэтыя цёплыя пасады — і ніякіх не санкцыянаваных Адміністрацыяй прэзыдэнта актаў, вядома ж, ні распрацоўваць, ні прымаць не зьбіраюцца.

Ці захоча ў сёньняшніх умовах Лукашэнка адмовіцца ад пасады кіраўніка незалежнай дзяржавы дзеля прывідных абяцаньняў Масквы? Наўрад ці. Той час, калі ён меў рэальныя шанцы атрымаць расейскую шапку Манамаха, даўно мінуў (і, падобна, беззваротна). А на другарадныя ролі ён ужо наўрад ці калі пагодзіцца. Адна справа — застацца ў гісторыі першым прэзыдэнтам незалежнай дзяржавы, і зусім іншая — няўдалым палітыкам, які прывёў да страты дзяржаўнай незалежнасьці сваёй радзімы.

Пэрсанальны байкот мінулым выбарам абвясьціў наш слухач Мікола Яўмененка зь вёскі Чудзенічы Лагойскага раёну. У сваім лісьце на «Свабоду» ён піша:

«Такому рэжыму, які працягвае зьдзекі зь мяне асабіста і з маіх землякоў, я аб’яўляю пажыцьцёвы байкот. Усім ягоным сфальшаваным выбарам ды рэфэрэндумам, наогул усёй дзейнасьці — ад пачатку і да канца.

У мяне да гэтага рэжыму — асабістыя рахункі. Ведаю, што на вока КДБ я трапіў 12 год таму, 25 сакавіка 2000 году. У той дзень, набыўшы ў сядзібе БНФ на вуліцы Варвашэні бел-чырвона-белы сьцяг, я крочыў разам з дачкой-школьніцай і адным сваім добрым знаёмым у бок плошчы Якуба Коласа. Насупраць крамы „Оптыка“ нас спынілі два ўзброеныя спэцназаўцы. У мяне адабралі торбу з хлебам і палотнішчам сьцяга, а таксама мэталічную палку (я кульгаў на той час), потым завялі ў „аўтазак“. Усіх затрыманых (а нас набраўся поўны фургон) адвезьлі ў турму на Акрэсьціна. Там да суду я правёў двое сутак. Суд адкладалі, бо не прыходзілі так званыя сьведкі — спэцназаўцы. На трэці дзень у якасьці сьведак, якія мяне нібыта затрымлівалі, прыслалі нейкіх пазаштатных халуёў рэжыму, якія не змаглі ўцямна адказаць ні на адно пытаньне маёй адвакаткі Веры Страмкоўскай. Вэрдыкт судзьдзі Казадаева: „Апраўдаць“.

А за маральную шкоду мне дагэтуль ніхто не заплаціў. Як ніхто не папрасіў і прабачэньня за ўчынены зьдзек. Кампэтэнтныя таварышы мне на гэты конт сказалі: „Табе торбу ды палку вярнулі? І за гэта падзякуй!“

А перад самымі мінулымі выбарамі ў мяне адключылі тэлефон. Што цікава: так адбывалася перад выбарамі і раней. Ва ўсіх суседзяў тэлефоны працуюць, ніякага рамонту кабэля не відаць — а ў мяне ў трубцы каторы ўжо дзень глуха. І заяўку на рамонт ігнаруюць. Прычына тут можа быць толькі адна: загад ад КДБ, у якім я быў засьвечаны 25 сакавіка 2012 году»
.

У беларускім КДБ, вядома, розных агентаў ды няштатных памагатых многа — але нават у іх наўрад ці ёсьць магчымасьці дзеля таго, каб пільнаваць ды чыніць дробныя паскудзтвы ўсім тым, каго затрымлівалі і кідалі на Акрэсьціна на працягу мінулых дванаццаці гадоў. Гэта ж дзясяткі тысяч людзей. Дый вялікага сэнсу ў тым, каб адключаць вам, спадар Мікола, стацыянарны тэлефон, зусім няма. Гэта ж не 90-я гады: цяпер «мабільнік» — не раскоша нават для пэнсіянэраў.

Наступны ліст — на тэму вясковага жыцьця. Наш слухач Раман Кавалевіч з Магілёўскай вобласьці прычыну многіх сёньняшніх бедаў, якія перажывае беларуская вёска, бачыць у тым, што гаспадаркі ня маюць права самастойна вызначаць закупныя цэны на сваю прадукцыю. У сваім лісьце на «Свабоду» спадар Раман піша:

«Хачу выказацца наконт падвышэньня коштаў у крамах на прадукты харчаваньня. Я згодзен, кошты на ежу кожны дзень растуць. Але ж... Давайце паглядзім, як сёньня жывуць (дакладней — выжываюць) нашы сельгаспрадпрыемствы. Справа ў тым, што кошты на запчасткі, паліва, электраэнэргію, тэхніку падвышаюцца амаль штодня. А вось скажыце, калі апошні раз падвышаліся кошты на мяса, малако і збожжа, якія дзяржава купляе ў сельгасарганізацый? Добра, калі ў мінулым годзе, а то і раней. І як у такой сытуацыі быць сельгаспрадпрыемствам? Раней дзяржава выдавала крэдыты на выдачу заробкаў. Цяпер жа, дзякуючы «мудраму» рашэньню Лукашэнкі, гэтага ня робіцца. Дзяржава выдае грошы толькі на правядзеньне вясеньне-палявых і ўборачных работ. Але ж сельгасарганізацыям трэба працаваць круглы год, а ня толькі вясной і восеньню. І як быць? Дзе браць грошы?

Лукашэнка колісь загадаў скараціць колькасьць стратных прадпрыемстваў. Якім чынам? Вынайшлі «геніяльнае» рашэньне. Раней, пры СССР, былі саўгасы ды калгасы. Потым, пры Лукашэнку, іх перайменавалі адпаведна ў КУСПы ды ў СВК. Як вядома, КУСП і СВК — гэта розныя формы ўласнасьці. А розныя формы ўласнасьці аб’яднаць немагчыма. Таму з былых ужо СВК і КУСПаў зрабілі ААТ (адкрытыя акцыянэрныя таварыствы). І вось тут ужо аб’ядноўваць іх стала можна. Фармальна гаспадаркі жывуць кожная сама па сабе, але кантора адна ўжо на дзьве ці болей гаспадарак. Вось так колькасьць стратных прадпрыемстваў і скарацілі. Фармальна. А фактычна — не. Як было, так і засталося.

Я ведаю, што кошты ў крамах на прадукты харчаваньня растуць паралельна коштам на электраэнэргію, запчасткі і гэтак далей, якія выкарыстоўваюць прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі. Вось ім чамусьці дазваляецца падвышаць кошты, а сельгасвытворцам — не. Чаму такая несправядлівасьць? Ня ведаю. Але штосьці ў нас у краіне не ў парадку, калі сельгасвытворцы павінны ня жыць, а выжываць. Заўсёды гэтага няшчаснага селяніна прыгняталі, душылі і прыціскалі. Але ж такога нахабства, як зараз, здаецца, яшчэ не было. Хіба што за прыгонам. Нават пры СССР было лепш. Альбо я памыляюся ў чымсьці? Адкажыце«
.

Скаргі на тое, што дзяржава не дазваляе падвышаць закупныя кошты на сельгаспрадукцыю, што захоўваецца дыспарытэт цэнаў — гэта вельмі даўняя песьня ўсіх калгасных кіраўнікоў, пачынаючы ледзь ня з часу стварэньня самой калгаснай сыстэмы. Маўляў — толькі ў гэтым сапраўдная прычына жабрацтва селяніна. Дазвольце паднімаць кошты, як таго захочуць сельгаспрадпрыемствы, — і ўсё зьменіцца.

Дык жа цэны на прадукты харчаваньня ў Беларусі дзяржава ўжо фактычна не кантралюе. У выніку яны задзёртыя да такога ўзроўню, што палова Горадні і Берасьця едуць па вяндліну ды каўбасы ў Бялу-Падляску ды ў Беласток. Пры гэтым, заўважце, польскі фэрмэр купляе дызэльнае паліва ўдвая даражэй, чым беларускі калгас, і плаціць найманым работнікам удвая, а то і ўтрая болей... Дык у чым жа справа, спадар Раман? Няўжо ў закупных цэнах?

Год таму ў крымінальнай хроніцы зьявілася цікавая нататка: на Гарадзеншчыне абрабавалі катэдж маладога 30-гадовага старшыні калгасу. З прыватнага сэйфа вынесьлі нешта каля 100 тысяч даляраў. А калгас, што адметна, — занядбаны, з жабрацкімі заробкамі ў 100 даляраў... І наўрад ці такі старшыня калгасу ў Беларусі адзіны...

Не ў закупных цэнах тут справа, спадар Раман, а ў самой неэфэктыўнай паўпрыгоннай сыстэме, пры якой ні зямля, ні тое, што на ёй расьце, селяніну не належыць, а ўсёй гаспадаркай распараджаюцца прызначаныя ўладай часовыя кіраўнікі, адзіная мэта многіх зь якіх — ухапіць ва ўласную кішэню як мага болей да таго часу, пакуль ня звольнілі. Пра якую эканамічную эфэктыўнасьць у такіх умовах можна гаварыць?

На заканчэньне — сумны ліст ад удавы нашага сябра і аўтара многіх лістоў Сяргея Буткевіча — Інэсы Буткевіч зь Віцебску. Яна піша:

«Мы амаль 50 год ішлі па жыцьці разам. Вялікі дзякуй за ліст, за ўвагу да яго. На вялікі жаль, Сяргея Сяргеевіча ўжо два гады няма з намі. Ён пайшоў з жыцьця 28 траўня 2010 году. Пайшоў нечакана, не разьвітаўшыся. Нягледзячы на цяжкую хваробу (тры інсульты), не спыняў журналісцкіх высілкаў да апошняга ўздыху. Мудры, сьціплы, сьветлы быў чалавек. Таленавіты. І нам яго вельмі не хапае. Яго нялёгкую справу прадоўжыць унучка Марына, якая скончыла ўнівэрсытэт, працуе журналісткай.

У адзін з апошніх прыездаў у Віцебск яна зрабіла такі запіс у хатнюю кнігу: «Дзядуля, мы заўсёды будзем разам. Прабач мяне за тое, што я не зрабіла чагосьці ці зрабіла штосьці ня так. Ты яшчэ будзеш мной ганарыцца»
.

Мы вельмі ўдзячныя вам, спадарыня Інэса, за гэты кранальны ліст. У нас таксама засталіся толькі самыя сьветлыя ўспаміны пра вашага мужа — добрага і адданага сябра «Свабоды».

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG