Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША назваў Бяляцкага Праваабаронцам году

абноўлена

Экс-маршалак Сэйму Гжэгаж Схетына, Амбасадар Лі Файнстэйн, Наталя Пінчук і прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША
Экс-маршалак Сэйму Гжэгаж Схетына, Амбасадар Лі Файнстэйн, Наталя Пінчук і прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША

Сёньня ў Варшаве жонка зьняволенага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага атрымала ад амбасадара ЗША ў Польшчы прэстыжную ўзнагароду Абаронцаў правоў чалавека (Human Rights Defenders Award), якой штогод найбольш выбітных праваабаронцаў сьвету ўганароўвае Дзярждэпартамэнт ЗША.

Амбасадар ЗША ў Варшаве Лі Фэйнстэйн, уручаючы ўзнагароду Алесю Бяляцкаму, зачытаў адмысловы зварот сакратара Дзярждэпартамэнту Гілары Клінтан ды адзначыў, што дэмакратыя і правы чалавека — заставаліся і застаюцца ў цэнтры ўвагі Вашынгтону.

«Мы жадаем Алесю моцнага здароўя і хочам, каб ён ведаў, што сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША і амэрыканскі народ падтрымліваюць яго і мы ўдзячныя за ягонаю ахвярнасць дзеля свабоды».

У сваю чаргу Наталя Пінчук дзякавала ЗША за цьвёрдую пазыцыю ў справе ейнага мужа ды ўсіх змагароў за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі.

«Для нас, для Алеся, вельмі важна ведаць што ЗША пасьлядоўна падтрымліваюць права нашага беларускага народу на свабоду. І гэтая прэмія — голас Амэрыкі ў справе Алеся Бяляцкага ды іншых людзей, якія гатовыя дзеля свабоды сваёй Радзімы ахвяраваць сваёй свабодай і жыцьцём».

Наталя Пінчук і экс-сьпікер польскага Сэйму Гжэгаж Схетына
Наталя Пінчук і экс-сьпікер польскага Сэйму Гжэгаж Схетына
У цырымоніі ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў у Варшаве, а таксама дыпляматы, парлямэнтары ды былыя польскія апазыцыянэры, у тым ліку старшыня камісіі ў замежных справах Сэйму Польшчы, былы сьпікер Гжэгаж Схэтына.

«Жадаем вам свабоднай Беларусі. Жадаем, каб у свабодным Менску вы маглі гаварыць тое, што мы кажам сёньня ў Варшаве. Жыве Беларусь!»

Узнагарода абаронцаў правоў чалавека за 2011 год, акрамя Алеся Бяляцкага, была прызнаная таксама грамадзянскай Кааліцыі правоў чалавека і канстытуцыйнага заканадаўства Уганды.

Амбасадар ЗША у Польшчы Лі Фэйнстэйн прамаўляе
Амбасадар ЗША у Польшчы Лі Фэйнстэйн прамаўляе


Амбасадар ЗША Лі Фэйнстэйн і Наталя Пінчук
Амбасадар ЗША Лі Фэйнстэйн і Наталя Пінчук
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG