Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трынаццаць гадоў таму бясьследна выкрадзеныя Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі


Зьніклыя Юры Захаранка. Анатоль Красоўскі, Дзьмітры Завадзкі, Віктар Ганчар
Зьніклыя Юры Захаранка. Анатоль Красоўскі, Дзьмітры Завадзкі, Віктар Ганчар

16 верасьня спаўняецца 13 гадоў з часу зьнікненьня апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага.

Віктар Ганчар, які з самага пачатку быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, дапамог яму прыйсьці да ўлады, а затым сышоў у апазыцыю, і Анатоль Красоўскі бясьследна зьніклі 16 верасьня 1999 году. Вечарам яны пайшлі ў лазьню, што ў Менску па вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў «Джып-Чэрокі», які належаў Красоўскаму.

Крымінальную справу па факце зьнікненьня Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура Менску. Паводле дадзеных сьледзтва, пры аглядзе прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя асколкі плястмасавых расейвальнікаў сьвятласыгнальных прыбораў аўтамабіля, сьляды тармажэньня аўтамашыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сьляды крыві. Вынікі генатыпаскапічнай экспэртызы паказалі, што паходжаньне выяўленых на месцы здарэньня сьлядоў крыві ад Красоўскага выключаецца, а ступень дакладнасьці высноваў аб паходжаньні плямаў крыві ад Ганчара складае 99,6%.

Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказаньняў сведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзеныя невядомымі асобамі, паведамляе БелаПАН.

Прадстаўнікі апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная грамадзкасьць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у датычнасьці ў іх выкраданьні вышэйшых службовых асобаў краіны.

Сёньня ў Эйндховэне (Нідэрлянды) адбудзецца цырымонія ўшанаваньня памяці гвалтоўна зьніклых беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG