Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Булгакаў: Пры затрыманьні не хавалі, што іх цікавяць публікацыі з палітызаваным зьместам


Валер Булгакаў
Валер Булгакаў

Рэдактара «Arche» Валеру Булгакава, якога затрымалі 14 верасьня ў Горадні падчас прэзэнтацыі кнігі «Саветызацыя Заходняй Беларусі», а потым адпусьцілі, чакае суд па адміністратыўным артыкуле «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць».

Валера Булгакаў распавёў, што дата суду пакуль не прызначаная,але разьбіральніцтва адбудзецца ў абласным Гарадзенскім гаспадарчым судзе. Яму пагражае штраф і канфіскацыя арыштаваных кнігаў. Але гэта ў тым выпадку, калі абвінавачаньне пойдзе па лініі падатковай інспэкцыі, бо ў Валеры яшчэ цікавіліся, адкуль кнігі.

«Быў складзены вопіс канфіскаванай маёмасьці, а гэта 194 адзінкі. Гэта ўсё здымалася на фота і відэакамэры. Наогул у затрыманьні бралі ўдзел дзесяць чалавек: тры падаткавікі, два супрацоўнікі міліцыі, чыё ведамаснае падпарадкаваньне мне да канца не зразумелае, два нейкія агенты вонкавага назіраньня, пасьля быў выкліканы нейкі чалавек, які фільмаваў на відэакамэру затрыманыя выданьні. Яны прыехалі на дзьвюх машынах. Затрыманьне адбылося недзе на пачатку дзевятай вечара і недзе аб адзінаццатай вечара я быў адпушчаны пасьля падпісаньня пратаколаў і тлумачэньняў».

Валер Булгакаў расцэньвае гэты інцыдэнт як зачыстку перад парлямэнцкімі выбарамі і запалохваньне гарадзенскай супольнасьці.

«У мяне не было адчуваньня, што прыйшлі менавіта мяне забраць. Гэту акцыю я разглядаю ў комплексе са звальненьнем аўтара шматлікіх публікацый на старонках „Arche“ Андрэя Чарнякевіча і з канфіскацыяй і КДБшнымі гутаркамі з аўтарамі і складальнікамі кнігі „Гродназнаўства“. Сама кантрольная закупка, якая была зроблена супрацоўніцай гарадзенскай падатковай інспэкцыяй, не пакідае сумненьня ў характары зацікаўленьня. Быў набыты выпуск „Arche“, прысьвечаны падзеям на плошчы 19 сьнежня 2010 года, а таксама паліталягічная кніга „Беларуская палітычная сцэна і прэзыдэнцкія выбары 2010 года“. Гэтыя людзі асабліва не хавалі, што іх цікавяць публікацыі з палітызаваным зьместам».

Валера Булгакаў адзначыў, што ўсе выданьні былі апісаныя, а ўзровень кампэтэнцыі тых, хто арыштоўваў кнігі ня вельмі высокі. Аўтарамі некалькіх соцень кніг у калекцыі Булгакава былі аўтары з прозьвішчам Станкевіч. Прадстаўнікі ўладаў пыталіся, ці ня той гэта «Станкевіч», які балятаваўся на апошніх выбарах, блытаючы зь Міколам Статкевічам. Што да выстаўленага абвінавачаньня ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, то Валер Булгакаў пракамэнтаваў яго так:

«На выданьне ў дробным аб’ёме з асабістай бібліятэкі, пад час прэзэнтацыі было прададзена 25 кніг, як правіла, у нармальнай краіне падатковая інспэкцыя зьвяртае найменшую ўвагу, бо гэтыя грошы не зьяўляюцца нейкай пагрозай дзяржаўным інтарэсам. А ў Беларусі відавочна падатковая інспэкцыя выступае перадавым атрадам сілавога блёку. Таму гэта грозная, рэзанансная перасьцярога людзям, якія зьвязаны зь незалежнай культурнай актыўнасьцю ў цэлым і зь незалежным кнігадрукаваньнем у прыватнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG