Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Рэвалюцыйную неабходнасьць згадалі невыпадкова»

абноўлена

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў

Сацыёляг Аляксандар Сасноў пракамэнтаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі пра пляны павялічыць камунальныя плацяжы багатым людзям да 120–150 працэнтаў рэальных выдаткаў.

На думку сябра АГП Аляксандра Саснова, гэта падобна да «дзеяньняў бальшавікоў пасьля перавароту».

«Такія заявы падобныя да таго, што рабілі бальшавікі пасьля перавароту ў былой Расеі. Гэта дыктуецца, відаць, рэвалюцыйнай неабходнасьцю. Што дакладна будуць рабіць, сказаць усё ж цяжка. Будуць сапраўды хадзіць па хатах ці інакш вызначаць узровень дабрабыту — ня ведаю. Залежыць ад таго, зь якой нагі гэты чалавек устане. Прагназаваць яго вельмі цяжка. Але відавочна, што неабходнасьць у нейкіх дзеяньнях ёсьць, бо скараціліся крыніцы для пакрыцьця іхніх выдаткаў. Улады прышчамілі з боку Расеі, скараціўся экспарт усякіх распушчальнікаў, трэба шукаць іншыя крыніцы для разьвязваньня сваіх праблем. Вось і шукаюць. Насамрэч сытуацыя ў іх вельмі дрэнная. Яны ж не працуюць ад вытворчасьці, а працуюць ад таго, што адабралі ў людзей.

Але пры гэтым я мяркую, што паступова трэба пераходзіць на стопрацэнтовае пакрыцьцё камунальных выдаткаў. Колькі што каштуе, столькі і трэба плаціць. Не павінна быць ніякага фінансаваньня з боку дзяржавы, як у савецкія часы. Калі ёсьць неабходнасьць каму дапамагаць, можна дапамагаць адрасна. Але цэны павінны быць тыя, якія склаліся, а ня тыя, якія прыдумалі чыноўнікі. Тады і эканоміка будзе працаваць. А калі чыноўнікі будуць кошты прыдумляць, нічога працаваць ня будзе, як у нас зараз».

Мінжылкамунгас: Пакуль загаду пра зьмену плацяжоў не было

У Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі адмовіліся даваць камэнтар да плянаў браць з багатых грамадзянаў большую камунальную плату, як прапанаваў Аляксандар Лукашэнка.

«Прэсавага сакратара ў нас няма, відаць, я сёньня за яго, — сказала сакратарка ў прыёмнай і прапанавала даслаць праз факс пытаньні да міністра адносна ўвядзеньня дыфэрэнцыяванай камунальнай платы. — Ужо з БТ нам наконт гэтага званілі. Дашліце вашы пытаньні, міністар адкажа. Пакуль дакумэнту, што дыфэрэнцыяцыю плацяжоў будуць уводзіць, мы не атрымалі. Мяркую, міністар на ўсе пытаньні адкажа», — дадала сакратарка.

Што загадаў зрабіць Лукашэнка

11 верасьня на нарадзе з удзелам ураду і Нацбанку кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаўся за дыфэрэнцыяваныя тарыфы на жыльлёвыя паслугі:

«Давайце зробім так: багаты чалавек 120–150% няхай аплачвае камунальныя выдаткі. Бедны чалавек, зь якога сёньня ўзяць няма чаго, — 25–30%, і мы вырашым праблему. Але вы нават не пасунуліся ва ўрадзе ў гэтым кірунку, бо думаеце, што і вам давядзецца (вы ж ня бедныя) 120% плаціць. Дык я вам дам дадаткова гэтыя грошы, каб вы маглі заплаціць. Гэта ж трэба, як у савецкія часы, пайсьці па хатах, паглядзець, улічыць усё. Мы ж не прывыклі дыфэрэнцыявана працаваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG