Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька супраць Самасейкі: чаму не адбылося працягу дэбатаў?


Спрэчка паміж кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня Мікалаем Самасейкам і Анатолем Лябедзькам, якая адбылася падчас тэледэбатаў і пра якую распавядала «Свабода», нечакана атрымала свой працяг. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі публічна заявіў, што спадар Самасейка пазьбягае далейшых дыскусій. Дзейны дэпутат цьвердзіць, што ён на працяг дэбатаў прыйшоў, а Лябедзька — не.

Мікалай Самасейка, які чатыры гады ачольвае ў Палаце прадстаўнікоў камісію па заканадаўстве і судова-прававых пытаньнях, і Анатоль Лябедзька балятуюцца па адной акрузе — 105-й Старавіленскай у Менску. Тры дні таму тэлеканал Беларусь-2 паказаў запіс дэбатаў прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Тады Мікалай Самасейка прапанаваў свайму апанэнту «працягнуць дыскусію па-за межамі гэтых сьцен».

11 верасьня на афіцыйным сайце АГП зьявілася заметка «Лябедзька шукае Самасейку». У ёй напісана, што лідэр партыі назваў прапанову дэпутата добрай: «Вось толькі самога Самасейку знайсьці ня можам ужо некалькі дзён. Я ж яго за язык не цягнуў, а калі сказаў, то давай рабі».

Карэспандэнт «Свабоды» знайшоў па тэлефоне дэпутата і папрасіў яго выказаць сваё бачаньне сытуацыі. Спадар Самасейка распавёў:

«Калі я запрашаў спадара Лябедзьку да працягу дыскусіі, то я спадзяваўся ў адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам сустрэцца зь ім ужо на наступны дзень, 7 верасьня, на спэцыяльна прадугледжанай для гэтага пляцоўцы, то бок на радыёдэбатах. Яны адбыліся. Але без удзелу спадара Лябедзькі, паколькі ён ухіліўся ад працягу размовы. Таму далейшы дыялёг па гэтым пытаньні, лічу. мабыць, бессэнсоўным».

Анатоль Лябедзька пацьвярджае: радыёдэбаты ён сапраўды прапусьціў:

«У сваёй заяўцы я напісаў толькі тэледэбаты, нават не ведаючы, ці будуць радыёдэбаты? Мы два апошнія дні літаральна штурмавалі радыё, каб даведацца, ці будуць дэбаты і калі? І нам увесь час казалі: мы ня ведаем, гэта толькі наш начальнік можа сказаць. А начальнік усё маўчаў і не адказваў. Цяпер я разумею, чаму. Яны ўбачылі, што я не ўказаў у заяве таксама і радыёдэбаты. І вельмі ўзрадаваліся, што ёсьць магчымасьць абыйсьці Анатоля Лябедзьку. Як быццам на радыё ніхто ня ведаў, калі будуць дэбаты».

Мікалай Самасейка сказаў «Свабодзе», што ён ацэньвае заметку на сайце АГП як «пасланую наўздагон запозьненую згоду»:

«Я лічу гэта спробай спадара Лябедзькі зрабіць добрую міну пры дрэннай палітычнай гульні. Ну, а тое, што мяне нібыта шукалі і не знайшлі, то гэта проста дзіцячы лепет. Я адкрыты і для сваіх выбарцаў, і для сваіх апанэнтаў. Урэшце мае кантактныя тэлефоны ёсьць у акруговай выбарчай камісіі. Мне падаецца, спадар Лябедзька не спадзяваўся, што тэледэбаты пойдуць у эфір. А ўжо калі яны выйшлі, ён мусіў быў адрэагаваць на маё запрашэньне».

Анатоль Лябедзька называе тое, што было на тэлебачаньні і радыё цягам пяці хвілін, пародыяй на дэбаты. І кажа, што зразумеў словы спадара Самасейкі як прапанову паўнакроўных дэбатаў:

«Што ён там думаў, то гэта мне нагадвае ўсю іхную „дэпутатнікаў“ дзейнасьць. Прычым тут ягоныя словы пра працяг падчас радыёдэбатаў? Гэта не ён прапануе. Гэта дзяржава прапануе гэтыя пяць хвілін на радыё і тэлебачаньні. А ў Самасейкі, я лічу, быў кліч, разьлічаны на піяр: маўляў, я такі круты перац, і я гатовы працягнуць дыскусію. Яму прапанавана паўнавартасная дыскусія. Мяч на тым боку».

Палітоляг і журналіст Аляксандар Класкоўскі кажа, што яму было б цікава паглядзець працяг дэбатаў:

«Беларускае грамадзтва шмат страчвае ад таго, што няма ўвогуле пастаяннага палітычнага дыялёгу. І што палітыка ў мікраскапічных дозах існуе толькі падчас выбарчых кампаніяў. І тое, мы бачым, што яна цэнзуруецца. У прынцыпе ў нармальным дэмакратычным грамадзтве гэты дыялёг мусіць быць не прывязаным да кампаніяў. Ён мусіць быць паўсядзённым. І дзеля гэтага павінна быць створанае канкурэнтнае палітычнае асяродзьдзе. У тым ліку, і мэдыйнае. А ня так, як цяпер, даюць па чайнай лыжцы гэтым кандыдатам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG