Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільёры і апазыцыя


Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Рыкарда Мільёры (Riccardo Migliori)
Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Рыкарда Мільёры (Riccardo Migliori)
Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Рыкарда Мільёры і кіраўнік місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ад Асамблеі Матэа Мэкачы сёньня ў Менску працягвалі сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і апазыцыі. Афіцыйныя асобы спрабавалі пераканаць іх, што стварылі ўсе ўмовы для правядзеньня ў краіне сумленных і празрыстых выбараў. Апазыцыя заяўляла пра адваротнае.

З апазыцыйнага лягеру зь міжнароднымі парлямэнтарамі сёньня сустракаўся лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён сказаў «Свабодзе», што размову пачаў з праблемы вызваленьня палітвязьняў у Беларусі. Пра пажаданасьць сустрэчы дэлегацыі з кімсьці зь вязьняў лідэры апазыцыі выказваліся і раней:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі праінфармаваў мяне, што ў яго была на пачатку жніўня сустрэча зь Сяргеем Мартынавым. І ён гэтае пытаньне ўздымаў. Беларускія ўлады фактычна прамаўчалі. Не было ніякай рэакцыі. Адзінае, што адзначыў Мартынаў, — у Беларусі няма палітычных вязьняў, а ёсьць людзі, якія ўчынілі злачынства. Але, тым ня менш, прэзыдэнт гатовы і надалей уздымаць гэтае пытаньне на ўсіх сустрэчах».

Анатоль Лябедзька таксама сказаў: дэлегацыя зь Вены паведаміла яму, што беларускія ўлады раілі ёй не сустракацца з апазыцыяй. Замест гэтага міжнародным парлямэнтарам прапаноўвалі культурную праграму.

Прадстаўнікі ўлады і сёньня, і ўчора падчас размоваў зь міжнароднымі парлямэнтарамі ўздымалі пытаньне пра аб’ектыўнасьць назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Яны рабілі акцэнт на тым, што ў назіральнікаў няма дакладных крытэраў, паводле якіх можна даваць ацэнку выбарам. Таму любыя высновы, маўляў, нясуць на сабе адбітак суб’ектыўнасьці.

Гэта балючае пытаньне, якое апошнім часам абмяркоўваецца на кожнай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Так, на летняй сэсіі ў Вене трэці камітэт асамблеі нават прыняў спэцыяльную рэзалюцыю аб удасканальваньні назіраньня — гаворыць старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі Ніна Мазай:

Ніна Мазай
Ніна Мазай
«Усе пагадзіліся з тым, што на сёньняшні дзень поўны агляд па ўсіх краінах не праводзіўся. Пакуль усе нэгатывы і пазытывы сканцэнтраваныя на ўсходзе ад Вены. І актыўнае назіраньне за выбарамі вядзецца менавіта ў гэтай частцы. Аднак адзіных стандартаў назіраньня, падвядзеньня вынікаў і г.д. няма. Таму прынятая рэзалюцыя зьяўляецца канкрэтным крокам і фактычна згодай усіх краінаў АБСЭ, што неабходна адпрацаваць гэтыя стандарты».

Эніра Браніцкая
Эніра Браніцкая
Праваабаронца Эніра Браніцкая гэтую праблему ведае з уласнага досьведу. Яна працавала назіральніцай БДІПЧ у Сэрбіі, Францыі, Румыніі, Македоніі, ва Ўкраіне. Спадарыня Браніцкая кажа, што БДІПЧ робіць усё, каб зьвесьці суб’ектыўны фактар да мінімуму. І гэта бачна на прыкладзе працы назіральнікаў у рэгіёне любой краіны:

«Гэта група з двух чалавек. Звычайна — з розных краін. Звычайна — рознага полу. Гэта таксама дае нейкі аб’ектыўны момант. Яны працуюць менавіта парай. І пасьля ня кожны прадстаўляе сваю ўласную справаздачу, а менавіта справаздачу пары пра тое, што яны бачылі.

У іх ёсьць спэцыяльная форма, паводле якой яны назіраюць. І яны адказваюць на пэўныя пытаньні, якія заўсёды трапляюць пад назіраньне. Гэта — тыя праблемныя моманты, якія АБСЭ вызначыла за гады сваёй практыкі. Момант аб’ектывізму праяўляецца і ў тым, што кароткатэрміновых назіральнікаў шмат. І гэта дазваляе мець карціну па ўсёй краіне».

Эніра Браніцкая кажа, што асноўныя крытэры правядзеньня і ацэнкі выбараў прапісаныя ў Капэнгагенскім дакумэнце АБСЭ. Там адзначаецца, што выбары павінны быць свабодныя, дэмакратычныя, альтэрнатыўныя. У тым ліку — і датэрміновае галасаваньне:

«АБСЭ заўжды крытыкуе практыку правядзеньня датэрміновага галасаваньня ў Беларусі. Крытыкуе не само датэрміновае галасаваньне, а тое, як яно праводзіцца, калі выбарцаў масава прывозяць на яго. У многіх краінах датэрміновае галасаваньне ацэньваецца як плюс, таму што яно дае большай колькасьці людзей праявіць свой голас, прыйсьці на ўчастак, калі ім зручна. Крытыкуецца не сама практыка датэрміновага галасаваньня, а тое, як яна рэалізуецца ў Беларусі».

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 23 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG