Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tagesspiegel: Пэўнай лініі ў дачыненьні да дыктатуры няма


На 11 верасьня ў Бундэстагу заплянаванае адмысловае пасяджэньне парлямэнцкай камісіі з удзелам кіраўніка фэдэральнага МУС Ганса-Пэтэра Фрыдрыха. Дэпутаты чакаюць адказаў міністра наконт скандальнай супрацы нямецкіх і беларускіх сілавікоў.

Аднак, адзначае бэрлінская Tagesspiegel, тэма размовы нашмат шырэйшая за канкрэтны праект. У фокусе абмеркаваньня будзе нямецкая зьнешняя палітыка адносна аўтарытарных рэжымаў.

Як магло стацца, што нямецкія экспэрты вучылі ня толькі беларускіх памежнікаў, але і міліцыянтаў, якіх рэжым кідае зьбіваць мірных дэманстрантаў? І чаму фэдэральны ўрад насуперак запытам Бундэстагу захоўвае маўчаньне пра гэта — прычым цягам некалькіх гадоў? Калі ўрадоўцы робяць сакрэт з падрыхтоўкі міліцыянтаў, то што яшчэ яны могуць замоўчваць? Такія пытаньні задае напярэдадні паседжаньня парлямэнцкай камісіі аўтар артыкула Кляўдыя фон Зальцэн.

Як адзначае журналістка, для апазыцыі на чале з сацыял-дэмакратамі гэтая нарада — магчымасьць чарговым разам ушчыкнуць кіроўных хрысьціянскіх дэмакратаў у асобе міністра ўнутраных спраў. Аднак было б недальнабачным зводзіць тэму толькі да адной асобы і адной партыі. Міністар Фрыдрых заняў пасаду, калі адукацыйны праект зь Беларусьсю ўжо блізіўся да канца.

застаецца ўсё ж загадкай: чаму з усіх магчымых праектаў была абраная менавіта праграма падрыхтоўкі беларускай міліцыі і дапамогі ёй?

А ўзгадняў супрацу тагачасны кіраўнік ведамства, таксама сябра ХДС Вольфганг Шойбле. І, варта адзначыць, рабіў ён гэта са згоды тагачаснага кіраўніка МЗС і цяперашняга кіраўніка сацыял-дэмакратычнай парлямэнцкай фракцыі — Франка-Вальтэра Штайнмаера. Тое, што абодва міністэрствы цяпер імкнуцца пераставіць акцэнты і зьменшыць сваю адказнасьць, выглядае як ганебнае акторства.

Так, нямецкая паліцыя сапраўды мае варты перайманьня досьвед баявых апэрацыяў. Напрыклад, здабыты цягам многіх гадоў у Аўганістане. Але Беларусь ня з тых краін, якія разьвіваюцца ў кірунку дэмакратыі і вяршэнства закону.

Пасьля таго як у 2008 годзе Аляксандар Лукашэнка вызваліў некаторых палітвязьняў, ЭЗ замарозіў санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму. У Брусэлі тыя дзеяньні Менску тады ўспрынялі як спробу Беларусі наблізіцца да Эўропы. Насамрэч жа гэта быў звычайны тактычны ход, які Лукашэнка рэгулярна ўжывае ў стасунках з ЭЗ і Расеяй: робіць крок у адзін бок, потым два — у другі. У любым выпадку гэта зусім ня знак гатоўнасьці Менску да рэформаў.

Праект зь Беларусьсю дэманструе кепскае палітычнае чуцьцё немцаў што да дыктатур

Нават калі ЭЗ і рабіў стаўку на збліжэньне зь Беларусьсю замест ізаляцыі, застаецца ўсё ж загадкай: чаму з усіх магчымых праектаў была абраная менавіта праграма падрыхтоўкі беларускай міліцыі і дапамогі ёй? Гэта ж сілавая структура, безь якой рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі існаваць ня можа. І тут ідзецца ня проста пра асобныя сэмінары ці асобных міністраў, а пра тое, што нямецкая зьнешняя палітыка ня мае выразнай ліні ў дачыненьні да дыктатур і аўтарытарных рэжымаў. Гаворка пра тое, якія ўрады могуць разьлічваць на падтрымку Нямеччыны, а якія — не.

Праект зь Беларусьсю дэманструе кепскае палітычнае чуцьцё немцаў што да дыктатур. Немцам здаецца, што, праслухаўшы пару-тройку лекцыяў на прававыя тэмы, беларускія міліцыянты зблізяцца з грамадзянамі сваёй краіны і стануць на шлях захаваньня іхніх правоў. Згодна з гэтай лёгікай, у якасьці наступнага кроку ад нямецкай паліцыі можна чакаць запрашэньня ў Бэрлін іранскай рэвалюцыйнай гвардыі, каб назіраць за паліцэйскімі дзеяньнямі падчас шматтысячнай першамайскай дэманстрацыі, рэзюмуе Tagesspiegel.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG