Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імпартазамяшчэньне – шлях да беднасьці


Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
Улады зноў спрабуюць заняцца імпартазамяшчэньнем. Міністэрства гандлю апублікавала пералік тавараў, рэкамэндаваных да вытворчасьці на тэрыторыі Беларусі. Які плён для беларускай эканомікі прынесьлі ранейшыя хвалі імпартазамяшчэньня? Які ўплыў на шараговых спажыўцоў мае абмежаваньне імпарту? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Злотнікаў: Варта нагадаць, што напачатку 90-х у Беларусі, наадварот, вялася актыўная барацьба з экспартам. Чыноўнікі забаранялі вывозіць шмат чаго з краіны, за гэта нават маглі пазбавіць аўтамабіля. Цяпер чыноўнікі змагаюцца з імпартам – яны заўсёды «пры справе».

Што да імпартазамяшчэньня. Малая краіна ня можа наладзіць эфэктыўную вытворчасьць усяго. Імпарт патрабуецца, бо ён больш танны. Калі нейкую дэталь робяць толькі для беларускага машынабудаваньня, то яна будзе ў два разы даражэйшай за дэталь, якую робяць для эканамічнай прасторы ў сотні мільёнаў спажыўцоў. Бо сусьветныя спэцыялізацыя і каапэрацыя робяць прадукцыю таньнейшай.

І таму чым болей будуць рабіць камплектуючых у Беларусі і толькі для беларускага рынку, тым даражэй будзе тэхніка. Так і адбываецца – няма ані якасьці ані добрай цаны.

Цыганкоў: Але вашы апанэнты скажуць, што патрэбнае станоўчае сальда гандлёвага балянсу. І калі не магчыма павялічыць экспарт, то давядзецца памяншаць імпарт.

Злотнікаў: Паводле эканамічнай тэорыі чым болей краіна вядзе барацьбу з імпартам, тым бяднейшае там насельніцтва. Калі мы ўсё спрабуем рабіць самі, то мы будзем беднымі.

Бываюць асобныя выпадкі, калі дзяржава хоча, каб нейкая галіна вытворчасьці ўзьнялася, устала на ногі. Тады дзяржава ўводзіць часовы рэжым абмежаваньня імпарту, каб за год-два гэтая галіна стала на ногі. І каб потым вярнула людзям тое, што на яе патрацілі.

Але ў Беларусі імпартазамяшчэньне сельскагаспадарчай вытворчасьці, машынабудаваньня існуе ўжо дзясятак гадоў. І гэтыя галіны не становяцца больш эфэктыўнымі. Гэта марна страчаны час і адставаньне ў канкурэнтаздольнасьці.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG